ПРАПАГА́НДА ВАЙНЫ́,

распаўсюджанне ў любой форме поглядаў, ідэй, адкрытых заклікаў з мэтай выклікаць агрэсію адной краіны супраць другой. П.в. з’яўляецца міжнародным злачынствам. Яна забаронена спец. рэзалюцыяй Ген. Асамблеі ААН у 1947 пад пагрозай крымінальнага пакарання. У Крымінальным кодэксе Рэспублікі Беларусь ёсць спец. артыкул, у якім прадугледжана таксама адказнасць асоб, што займаюць вышэйшыя дзярж. пасады, за П.в.

т. 13, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КААГУЛЯ́НТЫ,

1) хімічныя рэчывы, якія пры дабаўленні ў вадкае дысперсійнае асяроддзе здольныя выклікаць ці паскараць каагуляцыю. Вельмі пашыраны палімерныя К. — растваральныя высокамалекулярныя злучэнні, у прыватнасці поліэлектраліты, палікрэмніевыя к-ты. Выкарыстоўваюць для паскарэння працэсаў, звязаных з неабходнасцю вылучэння дысперснай фазы з дысперсійнага асяроддзя (напр., асаджэння завіслых часцінак пры водаачыстцы, абагачэнні мінер. сыравіны).

2) У медыцыне К. наз. рэчывы, якія павышаюць згусальнасць крыві (напр., вікасол).

т. 7, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДРАСТЭРО́Н,

мужчынскі палавы гармон (андраген). Асн. прадукт метабалізму тэстастэрону, падобны да яго біял. дзеяннем — здольны выклікаць узмацненне або ўзнікненне другасных палавых адзнак у пазваночных жывёл і чалавека. У значнай колькасці выводзіцца з мачой. Гарманальная актыўнасць андрастэрону прыкладна ў 10 разоў слабейшая, чым тэстастэрону; выкарыстоўваецца ў медыцыне для ацэнкі ўзроўню прадукцыі андрагенаў у арганізме і пакладзена ў аснову колькаснай ацэнкі біял. дзеяння мужч. палавых гармонаў.

т. 1, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРО́ЗІЯ (ад позналац. corrosio раз’яданне) у геалогіі, 1) разбурэнне горных парод або частковае растварэнне мінералаў у выніку хім. (растваральнага) дзеяння прыродных вод. Вада, у якой звычайна растворана пэўная колькасць двухвокісу вугляроду, асабліва моцна ўздзейнічае на вапнякі і інш. лёгкарастваральныя пароды, што можа выклікаць утварэнне розных форм карставага рэльефу (гл. Карст).

2) Раз’яданне, растварэнне і аплаўленне магмай або постмагматычнымі растворамі раней раскрышталізаваных мінералаў і горных парод.

т. 8, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНГІЯСПА́ЗМА (ад ангія... + спазма),

перыядычнае спазматычнае звужэнне прасвету артэрый, што прыводзіць да абмежаванага кровазабеспячэння (ішэмія) адпаведнага органа або тканкі. Узнікненню спрыяюць інтаксікацыя (алкаголь, нікацін), прафесійныя шкоднасці (вібрацыя, серавуглярод, свінец і інш.), пераахаладжэнне, ачагі факальнай інфекцыі, псіхатраўмы. Часта бывае ў паталагічна змененых сасудах, асабліва пры атэрасклерозе і гіпертанічнай хваробе. Працяглая спазма сасудаў сэрца можа выклікаць стэнакардыю і быць прычынай інфаркту міякарда. Пры ангіяспазме назначаюць спазмалітычныя прэпараты, лечаць асн. хваробу.

т. 1, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕТЭРАМАРФО́З,

рэгенерацыя, пры якой замест страчанага органа ўтвараецца новы з іншай формай і функцыяй. Пашыраны ў розных жывёл — ад прасцейшых да пазваночных, але часцей трапляецца ў жывёл з нізкай арганізацыяй як праяўленне мутацый, фенакопій, можа абумоўлівацца і спадчыннасцю. Напр., у рачных ракаў замест страчанага складанага фасетачнага вока можа рэгенерыраваць вусік; у дажджавога чарвяка замест ампутаванага галаўнога ўчастка развіваецца хваставая частка цела. Гетэрамарфоз можна выклікаць штучна пры змене ўмоў рэгенерацыі.

т. 5, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМІНАФЕНО́ЛЫ,

арганічныя араматычныя злучэнні, малекула якіх мае амінагрупу NH2 і гідраксільную групу OH; C6H4(NH2)OH. Вядомы крышталічныя ізамеры амінафенолаў, орта-амінафенолы, tпл 174 °C; мета-амінафенолы, tпл 123 °C і пара-амінафенолы, tпл 186 °C. Амфатэрныя, утвараюць солі з кіслотамі і шчолачамі. Атрымліваюць аднаўленнем адпаведных нітроза- і нітрафенолаў. Ізамеры (мета- і пара-амінафенолы) выкарыстоўваюць у вытв-сці фарбавальнікаў для футра (карычневы колер), пара-амінафенолы і яго вытворныя — праявіцелі ў фатаграфіі. Амінафенолы могуць выклікаць дэрматыт.

т. 1, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕІ́НАВАЯ КІСЛАТА́,

аднаасноўная ненасычаная карбонавая кіслата, CH3(CH2)7CH = CH(CH2)7COOH. Мал. м. 282. Бясколерная вязкая вадкасць, (tкіп 232 °C (15 мм рт. сл.), шчыльн. 0,89∙10​3кг/м³, нерастваральная ў вадзе, раствараецца ў арган. растваральніках. Уваходзіць у састаў алеяў і жывёльных тлушчаў, у аліўкавым алеі 70—85%. Эфіры алеінавай кіслаты выкарыстоўваюцца ў вытв-сці алейных фарбаў, касметычных прэпаратаў, флатарэагентаў, пластыфікатараў, тэкстыльна-дапаможных рэчываў. Этылавы эфір алеінавай кіслаты (лінетол) — лек. сродак для зніжэння халестэрыну. Здольная выклікаць экзэму.

т. 1, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ТГУС (Grotthuss, Grothuß) Крысціян Іаган Дзітрых (Тэадор) фон (20.1.1785, г. Лейпцыг, Германія — 26.3.1822), фізік і хімік. У 1803—08 вучыўся ў Лейпцыгу, Парыжы, Рыме. З 1808 праводзіў навук. даследаванні ў сваім маёнтку Гедучай у Літве. Навук. працы па электра- і фотахіміі, будове рэчыва. Прапанаваў тэорыю электролізу (1805), сфармуляваў першы закон фотахіміі (закон Гротгуса): фотахім. рэакцыю ў рэчыве можа выклікаць толькі тая частка падаючага на яго святла, якую рэчыва паглынае (1818).

Літ.:

Страдынь Я.П. Теодор Гротгус. М., 1966.

т. 5, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІХТЫЯФТЫ́РЫУС (Ichthyophthirus multifiliis),

раснічная інфузорыя атр. плеўкаротых. Узбуджальнік хваробы рыб іхтыяфтырыёзу.

Заражае рыбу ў выглядзе дробных (20—30 мкм у дыям.) «бадзяжак», якія свабодна плаваюць і прымацоўваюцца да скуры, плаўнікоў, шчэлепаў рыб, актыўна ўкараняюцца ў тканкі, хутка растуць, дасягаюць 0,5—1 мм у дыям. (рыба як бы абсыпана маннымі крупамі). Спелы І. выходзіць у ваду, ператвараецца ў цысту, якая дзеліцца шмат разоў на «бадзяжкі» і заражае новых гаспадароў. Можа выклікаць масавую гібель рыб (у т. л. акварыумных).

т. 7, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)