АСЦЫЛЯТО́РЫЯ

(Oscillatoria),

род ніткаватых сіне-зялёных водарасцяў сям. асцыляторыевых. Больш за 100 відаў. Касмапаліты. Жывуць у прэсных і салёных вадаёмах, морах, гарачых крыніцах, у сырой глебе. На Беларусі 35 відаў і 8 разнавіднасцяў. Найб. пашыраны ў планктоне сажалак і азёраў асцыляторыя азёрная (Oscillatoria limnetica), азярковая (Oscillatoria lacustris), глеістая (Oscillatoria limosa), тонкая (Oscillatoria tenuis), планктонная (Oscillatoria planctonica), Агарда (Oscillatoria aghardii), чырванаватая (Oscillatoria rubescens).

Трыхомы прамыя або сагнутыя, блакітна- ці жоўта-зялёнага, чырванаватага або фіялетавага колеру, без гетэрацыстаў, адзіночныя або ў дзернавінках, пераважна без слізістага чахла. Размнажаюцца дзяленнем клетак, гармагоніямі і планакокамі. Большасць відаў рухомыя. Могуць выклікаць «цвіценне» вады.

т. 2, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)