БАКТЭРЫЯФА́ГІ [ад бактэрыі +...фаг(і)],

фагі, вірусы бактэрый, здольныя пашкоджваць бактэрыяльную клетку, размнажацца ў ёй і выклікаць яе разбурэнне (лізіс). Пашыраны ў глебе, раслінных і жывёльных арганізмах. Вылучаюць бактэрыяфагі ўмераныя (не парушаюць жыццядзейнасці пашкоджанай клеткі) і вірулентныя (выклікаюць гібель клеткі). Упершыню апісаны ў 1915. Класічны аб’ект даследаванняў у малекулярнай генетыцы. Выкарыстоўваюць для фагапрафілактыкі і фагатэрапіі інфекцыйных хвароб.

Складаюцца з бялковай абалонкі (капсіда) і ўнутранага змесціва — нуклеінавай кіслаты (ДНК або РНК). Маюць форму сперматазоіда або ніткападобную ці шматгранную. Да вызначанай клеткі прымацоўваюцца з дапамогай хваставых нітак-адросткаў.

Схема будовы бактэрыяфага: 1 — абалон-ка; 2 — нуклеінавая кіслата; 3 — стрыжань; 4 — канал; 5 — чахол; 6 — базальная пласцінка; 7 — зубцы; 8 — ніткі-адросткі.

т. 2, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)