МАРЧУ́К (Георгій Васілевіч) (н. 1.1.1947, г. Давыд-Гарадок Столінскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1973) і Вышэйшыя курсы сцэнарыстаў і рэжысёраў у Маскве (1977). З 1970 працаваў на кінастудыі «Беларусьфільм», у 1980—82 заг. літ. часткі, рэдактар-кансультант Т-ра-студыі кінаакцёра, з 1996 дырэктар выд-ва «Мастацкая літаратура». Друкуецца з 1966. Дылогія «Крык на хутары» (1981), «Прызнанне ў забойстве» (1985) пра падзеі ў б. Зах. Беларусі. Раманы «Кветкі правінцыі» (1986), «Вочы і сон», «Сава Дым і яго палюбоўніцы» (абодва 1990) на маральна-этычную праблематыку. У кнізе навел «Хаос» (1997) роздум пра хаос і гармонію, дзень сённяшні і Вечнасць, прызначэнне чалавека. Даследаванне бел. нац. характару ў аповесці «Паляшук» (1987), рамане «Без ангелаў» (1993). Аўтар рамана «Год дэманаў» (1995), камедый «Люцікі-кветачкі» (паст. 1974), «Цвярозы дзень Сцяпана Крываручкі» (паст. 1985), «Вясёлыя, бедныя, багатыя», «Альдона, Анета, Анфіса» (абедзве паст. 1986), «Дарога ў рай», «Калі заспявае певень» (абедзве паст. 1990), «Варвара і яе блудны муж» (паст. Бел. т-рам імя Я.​Коласа, 1998), аднаактовых п’ес, апавяданняў, сцэнарыяў тэле- («Вясковы эрудзіт», 1985; «Запрашэнне», 1988) і кіна- («Кветкі правінцыі», 1994) фільмаў, дакумент. фільма «Вяртанне Забэйды-Суміцкага» (1990, у сааўт.) і інш. Творам М. ўласцівы псіхалагізм, філасафічнасць, спавядальнасць, дынамізм дзеяння. Піша для дзяцей: кн. казак «Жылі-былі дзед Васільчык і баба Кацярына» (1987), п’есы-казкі «Чаканне сабакі Тэафіла» (паст. Дзярж. т-рам лялек Беларусі, 1979), «Тушканчык і чароўны чамаданчык» (1984), «Чужое багацце» (паст. 1999) і інш. Дзярж. прэмія Беларусі 1996.

Тв.:

Крык на хутары;

Кветкі правінцыі. Мн., 1998;

Вясёлыя, бедныя, багатыя: Камедыі. Мн., 1998.

А.​В.​Спрынчан.

Г.В.Марчук.

т. 10, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІФА́Р ((Lifar) Серж) (Сяргей Міхайлавіч; 15.4.1905, Кіеў — 15.12.1986),

расійскі і французскі артыст балета, балетмайстар, педагог. Вучыўся ў Кіеўскай студыі Б.​Ніжынскай (з 1921), потым у Э.Чэкеці. З 1923 жыў у Францыі. Да 1929 саліст трупы «Рускі балет Дзягілева». У 1930—63 (з перапынкамі) і 1977 балетмайстар, саліст (да 1956) і педагог Парыжскай оперы. У 1944—47 кіраўнік трупы «Нуво бале дэ Монтэ-Карла». Заснаваў Ін-т харэаграфіі ў Парыжы (1947). З 1955 выкладаў у Сарбоне. Танцоўшчык класічнай школы, валодаў развітой тэхнікай, драм. экспрэсіяй, лірычным дарам. Выконваў гал. партыі ў балетах «Кошка» А.​Саге, «Ода» Н.​Набокава, «Стальны скок» і «Блудны сын» С.​Пракоф’ева, «Блакітны экспрэс» Д.​Міё, «Матросы» Ж.​Арыка, «Баль» В.​Рыеці, «Апалон Мусагет» і «Пятрушка» І.​Стравінскага і інш. Паставіў у розных т-рах больш за 200 балетаў, у т. л. на муз. Бетховена, С.​Пракоф’ева, К.​Дэбюсі, М.​Равеля, М. дэ Фальі, П.​Чайкоўскага, Стравінскага. Развіваў традыцыі акад. танца, распрацаваў прынцыпы т. зв. «трох харэаграфічных планаў», павялічыў ролю мужчынскага танца. Дзейнасць Л. паўплывала на сцвярджэнне прынцыпаў рус. харэаграфіі 20 ст. на франц. сцэне, адраджэнне франц. балета ў 1920—40-я г. Пад яго кіраўніцтвам балет Парыжскай оперы стаў адным з лепшых у Еўропе. Аўтар гіст. і тэарэт. прац, у якіх характарызаваў сваю творчасць як «неакласіцызм». У 1994 у Кіеве адбыўся прысвечаны Л. Міжнар. фестываль і конкурс балета.

Літ. тв.: Дягилев и с Дягилевым. М., 1994; Страдные годы. С Дягилевым: Воспоминания. Киев, 1994; Рус. пер. — Мемуары Икара. М., 1995.

Літ.:

Плещеев А. С.​Лифарь. Париж, 1938;

Иофьев М. Балет «Гранд-Опера» в Москве // Иофьев М. Профили искусства. М., 1965;

Тихонова Н. Девушка в синем. М. 1992.

т. 9, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭБЮСІ́ ((Debussy) Клод Ашыль) (22.8.1862, Сен-Жэрмен-ан-Ле, каля Парыжа — 25.3.1918),

французскі кампазітар, піяніст, дырыжор, муз. крытык; пачынальнік муз. імпрэсіянізму. Скончыў Парыжскую кансерваторыю па класах фп. і кампазіцыі (1884). За кантату «Блудны сын» атрымаў Рымскую прэмію. Выступаў як дырыжор, піяніст (пераважна з выкананнем уласных твораў) і муз. крытык. Наведваў Расію (1880, 1881, 1913). У сваёй творчасці апіраўся на франц. муз. традыцыі (Ф.​Куперэна, Ф.​Рамо, Ш.​Гуно, Ж.​Маснэ), зазнаў уплыў рус. музыкі (асабліва М.​Мусаргскага). Блізкасць да мастакоў-імпрэсіяністаў і да гуртка паэта-сімваліста С.​Малармэ, (канец 1880-х г.) паскорыла фарміраванне яго эстэт. прынцыпаў. Маніфестам муз. імпрэсіянізму стала аркестравая «Прэлюдыя да «Пасляпаўдзённага адпачынку фаўна» (1894), у якой выявіліся характэрныя для музыкі Д. хісткасць настрояў, вытанчанасць, капрызнасць мелодыкі, каларыстычнасць гармоніі. Адно з найб. значных тварэнняў Д. — опера «Пелеас і Мелізанда» (паводле М.​Метэрлінка; 1902), дзе дасягнута поўнае зліццё музыкі з дзеяннем. Бляскам і празрыстасцю аркестравай палітры адзначаны найб. буйны яго твор — 3 сімф. эскізы «Мора» (1905). Імкнучыся да пастаяннага мігцення фарбаў, ён выкарыстоўваў натуральныя лады, пентатоніку, цэлатонавасць; ускладняючы гарманічныя сродкі, дасягаў разнастайных сумяшчэнняў гармоній, элементаў політанальнасці. У некат. творах («Бергамаская сюіта» для фп., 1910; музыка да містэрыі Г.​Д’Анунцыо «Пакуты св. Себасцьяна», 1911; балет «Гульні», 1912, і інш.) выявіліся рысы, пазней уласцівыя неакласіцызму. Д. стварыў новы піяністычны стыль. Яго 24 прэлюдыі для фп. (1910—13) малююць вобразы мяккіх, часам нерэальных пейзажаў, імітуюць пластыку танц. рухаў, навяваюць паэт. прывіды, жанравыя карціны. Наватарская творчасць Д. істотна паўплывала на сусв. музыку 20 ст.

Літ. тв.: Рус. пер. — Статьи, рецензии, беседы. М.; Л., 1964; Избр. письма. Л., 1986.

Літ.:

Сабинина М. Дебюсси // Музыка XX в. М., 1977. Ч. 1, кн. 2;

Яроциньский С. Дебюсси, импрессионизм и символизм: Пер. с пол. М., 1978;

Дебюсси и музыка XX в.: Сб. ст. Л., 1983.

К.Дэбюсі.

т. 6, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)