СЯЎКО́ Баляслаў Іванавіч (15.5.1940, в. Межырэчы Зэльвенскага р-на Гродзенскай вобл. —2.6.2002),

бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1976). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1965). З 1965 акцёр Нац. акад. т-ра імя Я.​Коласа. Выканаўца драм. і характарных роляў, якія вылучаліся псіхал. дакладнасцю, эмацыянальнай насычанасцю вобразаў, пластычнасцю і экспрэсіяй: Юрка, Валодзька, Сын («Таблетку пад язык» А.​Макаёнка), Сярожа, дзядзька Шура [«Скорыя цягнікі», «Таму што люблю» («Дзень карабля») А.​Паповай], Чорт («Блудны муж і яго жонка Варвара» паводле Г.​Марчука), Фатограф («Шагал... Шагал...» У.​Драздова), Алёша («Прыніжаныя і зняважаныя» паводле Ф.​Дастаеўскага), Аўгуст Фіш («Аз і Ферт» П.​Фёдарава), Колесаў («Развітанне ў чэрвені» А.​Вампілава), граф фон Моар («Я, ты, ён, яна, яны... яно» («Разбойнікі») Ф.​Шылера], Сільвіо («Слуга двух гаспадароў» К.​Гальдоні), Фрыц, Наведвальнік («Пісьменныя» паводле М.​Чокэ) і інш. Здымаўся ў кіно. Арганізатар і кіраўнік (з 1969) Віцебскага нар. т-ра пантамімы «Мім».

т. 15, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)