СЯРГЕ́ЙЧЫК Цімафей Мікалаевіч (20.6.1899, в. Заполле Глускага р-на Магілёўскай вобл. — 27.5.1977),
бел. акцёр. Нар. арт. Беларусі (1944). Скончыў Бел. драм. студыю ў Маскве (1926). У 1926—75 акцёр Бел. т-ра імя Я.Коласа, адначасова маст. кіраўнік студый т-ра. Выканаўца драм., характарных, камед. роляў. Майстар сцэн. пераўвасаблення. Творчасці ўласцівы высокае мастацтва жыццёвай праўды, глыбокае пранікненне ў вобраз. Псіхалагічна дакладна раскрываў характары ў нац. рэпертуары: шкаляр Самахвальскі («Несцерка» В.Вольскага), дзед Мікіта, Саўка Мільгун («Вайна вайне», «У пушчах Палесся» Я.Коласа), Лявон Зяблік («Раскіданае гняздо» Я.Купалы), Мікалай Міхалковіч («ірынка» К.Чорнага), Барута («Людзі і д’яблы» К.Крапівы), Бокуць («Пагібель воўка» Э.Самуйлёнка) і інш. Сярод інш. роляў: Восіп («Рэвізор» М.Гогаля), Васьмібратаў, Кучумаў («Лес», «Шалёныя грошы» А.Астроўскага), Дасцігаеў, Лука («Ягор Булычоў і іншыя», «На дне» М.Горкага), Кулыгін («Тры сястры» А.Чэхава), Мілер («Каварства і каханне» Ф.Шылера), Феліцыян («Мараль пані Дульскай» Г.Запольскай), Бярсенеў («Разлом» Б.Лаўранёва), Гарнастаеў («Любоў Яравая» К.Транёва), Васін («Рускія людзі» К.Сіманава), Таланаў («Нашэсце» Л.Лявонава) і інш. Паставіў спектаклі «Пінская шляхта» В.Дуніна-Марцінкевіча (1928), «Дзеці Ванюшына» С.Найдзёнава (1938), «Ірынка» (1941), «Блудны сын» Э.Ранета (1958).
Тв.:
Нататкі акцёра. Мн., 1973.
Літ.:
Есакоў А. Жыццё і творчасць// Майстры беларускай сцэны. Мн., 1960;
Няфёд У.І. Беларускі тэатр імя Я.Коласа. Мн., 1976.
У.І.Няфёд.
Ц.М.Сяргейчык.
Ц.Сяргейчык у ролі Лявона Зябліка.
т. 15, с. 354
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)