МІ́ЛАШ (Milloss; сапр. Мілаш дэ Міхай; Milloss de Micholy) Аўрэл

(12.5.1906, г. Уздзін, Сербія — 21.9.1988),

італьянскі танцоўшчык, балетмайстар. Па нацыянальнасці венгр. Вучыўся ў Р.Лабана, В.Праабражэнскай, Э.Чэкеці і інш. З 1928 першы танцоўшчык Берлінскай дзярж. оперы, танцаваў і ў інш. т-рах Германіі. З 1932 выступаў як балетмайстар. Вывучаў і выкарыстоўваў у сваіх пастаноўках танц. фальклор. З 1936 пераважна ў Італіі. У 1938—45 гал. балетмайстар Т-ра оперы ў Рыме, у 1942—75 — у «Ла Скала» (у 1946—50 маст. кіраўнік). Кіраўнік створанай ім трупы «Балет чатырох стагоддзяў Сан-Паўлу», у 1963—66 і 1971—74 — балетнай трупы Венскай дзярж. оперы, з 1974 — Рымскай оперы. Сярод пастановак балеты І.Стравінскага («Апалон Мусагет», 1941; «Гульня ў карты» і «Арфей», 1948), Б.Бартака («Цудоўны мандарын», 1942; «Драўляны прынц», 1951), С.Пракоф’ева («Блудны сын», 1942) і інш., на музыку сучасных італьян. кампазітараў, у т.л. «Дама з камеліямі» (1945) і «Рычэркар» (1968) Р.Влада, «Народныя забавы» на муз. А.Казелы (1948), «Твар» на муз. Л.Берыо (1973) і інш. Яго пастаноўкі адметныя драм. выразнасцю, дакладнасцю мізансцэн, экспрэсіўнасцю, спалучэннем пластыкі танца мадэрн і класічнага танца. Аўтар даследаванняў па пытаннях харэаграфіі.

т. 10, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)