БІСЕКСУА́ЛЬНАСЦЬ (ад бі... + лац. sexualis палавы),
1) у сексапаталогіі — палавая цяга да асоб абодвух палоў.
2) Гермафрадытызм. У першым значэнні бісексуальнасць можа быць вынікам незавершанасці фарміравання псіхасексуальнай арыентацыі або сродкам «аховы» (жаданне гомасексуаліста выдаць сябе за гетэрасексуала). Вылучаюць некалькі тыпаў бісексуальных паводзін: бісексуальнасць пубертатнага перыяду, калі падлетак яшчэ не выявіў сваёй эратычнай перавагі і можа эксперыментаваць у абодвух кірунках; чаргаванне гетэра- і гомасексуальных паводзін на аснове ўсведамлення індывідам двух якасна розных сексуальных «сцэнарыяў»; сітуацыйна абумоўленая, або псеўдабісексуальнасць, напр. ва ўмовах вымушанай палавой ізаляцыі (армія, турма і інш.). Бісексуальнасць існуе таксама як паралельныя гома- і гетэрасексуальныя паводзіны, калі афіцыйны гетэрасексуальны шлюб сумяшчаецца з тайнымі гомасексуальнымі прыхільнасцямі мужа ці жонкі. Часцей гэта адбываецца як вынік позняй сексуальнай ідэнтыфікацыі мужа ці жонкі. Часам бісексуальнасць развіваецца ў выніку раўнадушша да полу партнёра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРНЭ́ (Vernet),
сям’я франц. жывапісцаў 18—19 ст.
Жазеф (Клод Жазеф; 14.8.1714, г. Авіньён, Францыя — 3.12.1789), пейзажыст. Вучыўся ў свайго бацькі Антуана і інш. Працаваў у Італіі і Парыжы. У найб. вядомай серыі яго твораў «Парты Францыі» (1753—63) традыцыі класічнага пейзажа К.Ларэна спалучаюцца з рысамі перадрамантызму. Карл (Антуан Шарль Арас; 14.8.1758, г. Бардо, Францыя — 27.11.1836), сын і вучань Жазефа. Поспех яму прынеслі карыкатуры на моды часоў Дырэкторыі; у гады імперыі — афіцыйны жывапісец-баталіст, гістарыёграф напалеонаўскай арміі. Арас (Эміль Жан Арас; 30.6.1789, Парыж — 17.1.1863), гіст. жывапісец і баталіст. Сын і вучань Карла. Дырэктар Франц. Акадэміі ў Рыме (1829—35), працаваў у Парыжы, Рыме, Пецярбургу (1836, 1842—43). Творы: «Напалеон праводзіць агляд сваіх войск у Цюільры», «Апафеоз Напалеона», «Мамелюк» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО (Gros) Антуан Жан (16.3.1771, Парыж — 26.6.1835),
французскі жывапісец. Вучыўся ў Парыжы ў Ж.Л.Давіда (з 1785), у Каралеўскай акадэміі жывапісу і скульптуры (1787). У 1793—1804 працаваў у Італіі. У 1880-я 1800-я г.афіцыйны жывапісец Напалеона I. Стварыў шэраг карцін, прасякнутых духам гераічнай патэтыкі і прысвечаных паходам і бітвам франц. арміі («Банапарт на Аркольскім мосце», 1796; «Бітва каля Назарэта, 1801; «Бітва каля Эйлау», 1808), парадных партрэтаў (кн. М.Б.Юсупава, 1809; палк. Ф.Фурнье-Сарлавеза, 1812). Вастрыня сюжэтаў, драм. кантрасты і маляўнічыя эфекты карцін Гро паўплывалі на традыц. каноны батальнага жанру. Пісаў таксама карціны на сюжэты антычнасці і сярэднявечча.
Літ.:
Чегодаев А.Д. Легенда о бароне Гро // Чегодаев А.Д. Статьи об искусстве Франции, Англии, США 18—20 вв. М., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ШПАРТ (франц. passeport ад passe праход + port гавань),
афіцыйны дакумент, які сведчыць асобу і грамадзянства яго ўладальніка. Паводле палажэння аб пашпарце грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, зацверджанага пастановай урада ад 14.7.1993, П. выдаецца асобам, якія дасягнулі 16 гадоў і пражывалі на тэр. краіны на дзень прыняцця закона «Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь» (18.10.1991) або набылі грамадзянства ва ўстаноўленым парадку. П. утрымлівае фотакартку, прозвішча, імя і імя па бацьку асобы, дату і месца нараджэння, звесткі пра пол прад’яўніка, сямейнае становішча, месца жыхарства і інш., ідэнтыфікацыйны нумар. Са згоды грамадзяніна ў яго П. можа быць унесены запіс пра групу і рэзус-фактар крыві. П. сведчыць асобу грамадзяніна ў межах краіны і за мяжой. Запісы зроблены на бел., рус. і англ. мовах. Апрача агульнаграмадзянскага П. існуюць дыпламат. і службовыя П.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВИ́ТЕБСКИЕ ГУБЕ́РНСКИЕ ВЕ́ДОМОСТИ»,
газета, афіцыйны орган Віцебскага губернскага праўлення. Выдавалася з 1838 да 23.12.1917 (5.1.1918) у Віцебску на рус. мове з рознай перыядычнасцю. Мела афіц. і неафіц. (з 1845) аддзелы. Афіц. змяшчаў пастановы і распараджэнні цэнтр. і мясц. улад. Неафіц. меў значэнне самаст. газеты, з 1901 выдаваўся асобна, асвятляў падзеі ў краіне і за мяжой, жыццё Віцебска, Полацка, Веліжа і інш.нас. пунктаў губерні, друкаваў літ. творы, даследаванні па гісторыі, краязнаўстве, этнаграфіі, фальклоры (часам на бел. мове), артыкулы гасп. тэматыкі. Мела дадаткі «Телеграммы «Витебских губернских ведомостей» (1887—92, 1895—1905) і «Народный листок» (1907; выйшла 8 нумароў). З 29.12.1905 (11.1.1906) да 5(18).6.1907 замест неафіц. аддзела выходзіла прыватная газ. «Витебский голос». Са студз. 1907 выданне неафіц. аддзела адноўлена, 29.6.1912 спынена, замест яго пачала выходзіць газ.«Витебский вестник».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ФРОНТ»,
газета Выканаўчага к-та з’езда салдацкіх, рабочых і сял. дэпутатаў Заходняга фронту. Выдавалася з 6(19).5 да 20.11(3.12).1917 у Мінску на рус. мове штодзённа. Змяшчала пастановы і рэзалюцыі франтавога з’езда, інструкцыі па стварэнні салдацкіх к-таў, справаздачы пасяджэнняў Выканаўчага к-таЗах. фронту (Выкамзаха). Асн. ўвагу аддавала дэмакратызацыі армейскага жыцця. Мела пастаянныя рубрыкі: «Афіцыйны аддзел», «У франтавым камітэце», «Лісты ў рэдакцыю» і інш. З’яўлялася трыбунай Камітэта выратавання рэвалюцыі Заходняга фронту, перасцерагала ад небяспекі грамадз. вайны і контррэвалюцыі. Пасля выхаду бальшавіцкай фракцыі з Выкамзаха выступала ў падтрымку ідэі стварэння аднароднага дэмакр. ўрада. Апошнія нумары прысвечаны падрыхтоўцы да склікання 2-га франтавога з’езда і да выбараў ва Устаноўчы сход. У сувязі з пераабраннем Выканаўчага к-та выхад газеты спынены. Замест яе з 1(14).12.1917 выходзіла газ.«Советская правда».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТО́РВАЛЬД КО́ДРАНСАН (Thorvalde Kodransson; ? — пасля 1002),
ісландскі падарожнік і місіянер 10 ст., адзін з першых апосталаў хрысціянства ў Ісландыі. У час знаходжання ў Саксоніі прыняў хрысціянства. За спробу пашырыць яго на радзіме быў асуджаны да выгнання. Аднак у 1000 хрысціянства ў Ісландыі было прынята ў якасці афіц. рэлігіі. У гэты ж год Т.К. выправіўся ў Святую зямлю, адкуль вяртаўся дамоў праз Канстанцінопаль і Кіеў. Паводле ісландскай сагі, «памёр на Русі, недалёка ад Полацка (Palteskja) і пахаваны там на гары пры царкве св. Яна Хрысціцеля і людзі лічаць яго святым». Невял. сага (татра) «Пра Торвальда Вялікага Падарожніка» ўдакладняе гэтыя звесткі і дадае, што магіла Т.К. «пад высокай гарой у Дрофне (Drafn) пры царкве св. Яна», дзе ён нібыта заснаваў манастыр. Паводле той жа крыніцы, Т.К. быў накіраваны на Русь як афіцыйны прадстаўнік візант. імператара. Месцазнаходжанне «высокай гары ў Дрофне» дакладна не лакалізавана. Звесткі пра Т.К. пацвярджаюць існаванне ў 9—10 ст. цесных сувязей Полацка са Скандынавіяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЫРВО́НАЯ КНІ́ГА БЕЛАРУ́СІ,
афіцыйны дакумент, які змяшчае сістэматызаваныя звесткі пра пэўныя віды жывёл і раслін на тэр. Беларусі, што з’яўляюцца рэдкімі або знаходзяцца пад пагрозай знікнення. Засн. ў 1979. Выдае кнігу Мін-ва прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. У першае выданне (1981) было ўключана 80 відаў ахоўных жывёл і 85 — ахоўных раслін. У 2-е выданне (1993) уключаны 182 віды жывёл, у т. л. млекакормячых 14 відаў, птушак 75, паўзуноў 2, земнаводных 1, рыб 5, насякомых 79, ракападобных 5, двухстворкавых малюскаў 1 від; раслін 180, грыбоў 17, лішайнікаў 17 відаў. Для кожнага віду прыведзены бел., рус. і лац. назвы, статус аховы, пашырэнне, месцы пражывання (росту), колькасць (трапляльнасць) у прыродзе, звесткі пра размнажэнне і феналогію, прычыны змены колькасці, магчымасць развядзення (вырошчвання) у няволі (у культуры), прынятыя і неабходныя меры аховы, крыніцы інфармацыі. Рыхтуецца 3-е выданне Ч.К.Б. ў 2 тамах, у якое плануецца ўключыць каля 330 відаў раслін і 200 — жывёл.
Літ.:
Чырвоная кніга Рэспублікі Беларусь. 2 выд.Мн., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАБІЯГРА́ФІЯ (ад аўта... + біяграфія),
1) афіцыйны дакумент з кароткімі звесткамі пра падзеі свайго жыцця.
2) Апісанне аўтарам уласнага жыцця; літаратурны жанр. Ад інш.літ. жанраў адрозніваецца большай прывязанасцю адлюстраваных падзей да рэальных фактаў асабістага жыцця. Сярод вядомых твораў сусв. л-ры «Споведзь» Ж.Ж.Русо, «Былое і думы» А.Герцэна, «Споведзь сына стагоддзя» А.Мюсэ і інш. У бел. л-ры пашыраны аўтабіягр. аповесць, раман, паэма, хроніка. Узоры аўтабіягр. твораў — аповесці «У дрымучых лясах» З.Бядулі, «Шлях з цемры» Я.Маўра, «Свая аповесць» Я.Скрыгана, «Сцежкі» А.Пальчэўскага, «Споведзь» Л.Геніюш і інш. Многія творы бел. л-ры грунтуюцца на адборы і тыпізацыі аўтабіягр. матэрыялу ў спалучэнні з маст. вымыслам. Аўтабіягр. аснову мае паэма Я.Коласа «Новая зямля», у якой аўтар, апіраючыся на жыццёвыя рэаліі сваёй сям’і, стварыў яркую энцыклапедыю бел. жыцця канца 19 — пач. 20 ст. «Чыстыя» аўтабіяграфіі бел. пісьменнікаў сабраны ў кнігах «Пяцьдзесят чатыры дарогі» (1963), «Пра час і пра сябе» (1966), «Вытокі песні» (1973). Да аўтабіягр. жанру адносяць таксама мемуары, дзённік, споведзь, успаміны, падарожныя нататкі; у стараж.бел. л-ры — дыярыуш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАНДА́РТ (ад англ. Standard норма, узор, мерка),
афіцыйныдзярж. або нарматыўна-тэхн. дакумент галіны, прадпрыемства, фірмы, які ўстанаўлівае неабходныя якасныя характарыстыкі і патрабаванні да пэўнага віду прадукцыі, тавару; узор, эталон, з якім параўноўваюцца інш. падобныя аб’екты. Пашыраюцца на ўсе сферы чалавечай дзейнасці: навуку, тэхніку, прам-сць, с.-г.вытв-сць, буд-ва, ахову здароўя, транспарт і інш. У адпаведнасці з дасягненнямі навукі і тэхнікі С. абнаўляюцца і пераглядаюцца (не радзей як адзін раз у 5 гадоў). У залежнасці ад прызначэння адрозніваюць С.: агульнатэхн. і арганізац.-метадычныя; эксплуатацыйныя ўласцівасці, тэхн. характарыстыкі, метады кантролю аднароднай прадукцыі міжгаліновага ўжытку; нормы тэхнікі бяспекі і сродкаў аховы працаўнікоў; адзінкі фіз. велічынь і праверачныя схемы; патрабаванні да стандартных узораў уласцівасцей і саставу рэчыва і матэрыялу; сістэмы класіфікацыі і кадзіравання тэхн.-эканам. інфармацыі; найважнейшыя віды прадукцыі і г.д. С. на прадукцыю падзяляюцца на С. тэхн. умоў, агульных тэхн. патрабаванняў, параметраў, тыпаў, канструкцый, марак, правіл прыёмкі, маркіроўкі, упакоўкі, захоўвання, эксплуатацыі, рамонту і інш.
У залежнасці ад сферы дзеяння і ўзроўню зацвярджэння С. у Рэспубліцы Беларусь падзяляецца на катэгорыі: дзярж. С. Рэспублікі Беларусь (СТБ), С. прадпрыемстваў і аб’яднанняў (СТП), папярэдні С., які ўжываецца для набыцця вопыту не больш чым 2 гады. Акрамя СТБ у якасці дзярж. у 2001 на Беларусі ўжываліся: міждзярж. С. (ДАСТ), правілы Еўрап.эканам. камісіі ААН (Правіла ААН), а таксама рэсп. С. БССР (РСТ БССР) і С. СЭУ (СТ СЭУ), на якія Дзяржстандарт прадоўжыў тэрмін выкарыстання.