Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСВЕ́ДЧАННЕ,
афіцыйны дакумент, які засведчвае асобу прад’яўніка і яго прававы статус або сцвярджае пэўныя факты і правы. Напр., пашпарт, П. работніка дзярж. органа, установы, ваеннаслужачага, дэпутата, пенсіянера і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКТ ЮРЫДЫ́ЧНЫ,
афіцыйны дакумент, які выдаецца дзярж. органам ці службовай асобай у межах іх кампетэнцыі і мае абавязковыя для выканання прадпісанні. Падзяляюцца на нарматыўныя (устанаўліваюць нормы права і рэгламентуюць пэўную сферу грамадскіх адносін) і індывідуальныя (спараджаюць канкрэтныя правы і абавязкі для канкрэтных суб’ектаў права) акты. Актам юрыдычным наз. таксама дакумент, які сведчыць аб факце юрыдычным.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫ́МАС (лац. primas галоўная асоба ад primus першы),
1) у рымска-каталіцкай царкве тытул арцыбіскупа (мітрапаліта), які валодае ганаровым (часам і юрыдычным) першынством над астатнімі біскупамі і мітрапалітамі пэўнай краіны. На Беларусі рымска-каталіцкая царква мае свайго арцыбіскупа мітрапаліта і юрысдыкцыі П. ў Польшчы не падлягае.
2) Афіцыйны тытул архіепіскапа Кентэрберыйскага ў Англіі як першаіерарха англіканскай царквы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРМАТЫ́ЎНЫ АКТ,
афіцыйны дакумент паўнамоцнага суб’екта праватворчасці, які ўстанаўлівае, змяняе або адмяняе прававыя нормы. Класіфікуецца паводле юрыд. сілы, якая залежыць ад кампетэнцыі дзярж. органа, што выдаў іх, і характару самога акта. Юрыд. сіла выражае суадносіны пэўнага акта з іншымі, яго месца і ролю ў сістэме крыніц права. Н.а. падзяляюцца на законы і падзаконныя акты. У многіх дзяржавах, у т. л. Рэспубліцы Беларусь, Н.а. з’яўляюцца асн.крыніцамі права.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́РДЭР (ням. Order ад лац. ordo рад, парадак, шэраг),
1) афіцыйны дакумент, які змяшчае загад, прадпісанне, распараджэнне (напр., на ўсяленне ў жылое памяшканне, на атрыманне тавару, грузу і да т.п.).
2) У бухгалтэрыі дакумент на ажыццяўленне аперацый з грашовымі або матэрыяльнымі сродкамі (наяўнымі — касавыя О., безнаяўнымі разлікамі — мемарыяльныя О.).
3) Рэгламентаванае камандуючым (камандзірам) узаемнае па напрамках і дыстанцыях размяшчэнне ваен. караблёў на пераходзе морам і ў час бою. Ствараецца з мэтай абароны ад магчымых атак праціўніка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«І́НДЭКС ЗАБАРО́НЕНЫХ КНІГ»
(лац. index librorum prohibitorum),
афіцыйны паказальнік кніг (выдаваўся Ватыканам у 1559—1966), чытанне якіх каталіцкая царква забараняла веруючым пад пагрозай адлучэння. Упершыню надрукаваны па ўказанні рымскага папы Паўла IV. Перавыдаваўся і сістэматычна папаўняўся больш за 40 разоў. У яго ўносілі творы Дж.Бруна, Т.Гобса, Б.Спінозы, Вальтэра, Р.Дэкарта, І.Канта, Г.Гейнэ і інш. У апошнім выданні (1948) змяшчаў каля 8 тыс. назваў кніг. З 1966 вядзенне «І.з.к.» ў ранейшай форме спынена, адначасова на Кангрэгацыю веравучэння і канферэнцыі епіскапаў ускладзена задача сачыць за новымі выданнямі кніг і папярэджваць веруючых ад чытання няўхваленых твораў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́НСКІ ФІЛАРМАНІ́ЧНЫ АРКЕ́СТР,
першы прафесійны канцэртны аркестр Аўстрыі, адзін са старэйшых у Еўропе. Напачатку наз. «Аркестравы персанал імператарскай прыдворнай оперы». Першы канцэрт адбыўся ў 1842 пад кіраўніцтвам аднаго з заснавальнікаў аркестра О.Нікалаі. З 1860-х г. штогод праводзіць цыкл з 8 нядзельных абанементных канцэртаў, канцэрт памяці Нікалаі, урачысты навагодні канцэрт з твораў венскай лёгкай музыкі і інш. З 1917 афіцыйны аркестр Зальцбургскіх фестываляў. У рэпертуары творы І.Гайдна, В.А.Моцарта, Л.Бетховена, Ф.Шуберта, Р.Шумана, І.Брамса, А.Брукнера, Г.Малера, Р.Вагнера, Р.Штрауса, П.Чайкоўскага і інш. У складзе аркестра каля 120 чал. Сярод дырыжораў: Малер, Брамс, Вагнер, Брукнер, Штраус, Дж.Вердзі, Ф.Дэсаф, Г.Рыхтэр, Ф.Вейнгартнер, Ф.Шальк, Ф.Мотль, К.Мук, А.Нікіш, Э.Шух, Б.Вальтэр, А.Тасканіні, К.Краўс, В.Фуртвенглер, К.Бём, Г.Караян.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРНЭ́ (Vernet),
сям’я франц. жывапісцаў 18—19 ст.
Жазеф (Клод Жазеф; 14.8.1714, г. Авіньён, Францыя — 3.12.1789), пейзажыст. Вучыўся ў свайго бацькі Антуана і інш. Працаваў у Італіі і Парыжы. У найб. вядомай серыі яго твораў «Парты Францыі» (1753—63) традыцыі класічнага пейзажа К.Ларэна спалучаюцца з рысамі перадрамантызму. Карл (Антуан Шарль Арас; 14.8.1758, г. Бардо, Францыя — 27.11.1836), сын і вучань Жазефа. Поспех яму прынеслі карыкатуры на моды часоў Дырэкторыі; у гады імперыі — афіцыйны жывапісец-баталіст, гістарыёграф напалеонаўскай арміі. Арас (Эміль Жан Арас; 30.6.1789, Парыж — 17.1.1863), гіст. жывапісец і баталіст. Сын і вучань Карла. Дырэктар Франц. Акадэміі ў Рыме (1829—35), працаваў у Парыжы, Рыме, Пецярбургу (1836, 1842—43). Творы: «Напалеон праводзіць агляд сваіх войск у Цюільры», «Апафеоз Напалеона», «Мамелюк» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІСЕКСУА́ЛЬНАСЦЬ (ад бі... + лац. sexualis палавы),
1) у сексапаталогіі — палавая цяга да асоб абодвух палоў.
2) Гермафрадытызм. У першым значэнні бісексуальнасць можа быць вынікам незавершанасці фарміравання псіхасексуальнай арыентацыі або сродкам «аховы» (жаданне гомасексуаліста выдаць сябе за гетэрасексуала). Вылучаюць некалькі тыпаў бісексуальных паводзін: бісексуальнасць пубертатнага перыяду, калі падлетак яшчэ не выявіў сваёй эратычнай перавагі і можа эксперыментаваць у абодвух кірунках; чаргаванне гетэра- і гомасексуальных паводзін на аснове ўсведамлення індывідам двух якасна розных сексуальных «сцэнарыяў»; сітуацыйна абумоўленая, або псеўдабісексуальнасць, напр. ва ўмовах вымушанай палавой ізаляцыі (армія, турма і інш.). Бісексуальнасць існуе таксама як паралельныя гома- і гетэрасексуальныя паводзіны, калі афіцыйны гетэрасексуальны шлюб сумяшчаецца з тайнымі гомасексуальнымі прыхільнасцямі мужа ці жонкі. Часцей гэта адбываецца як вынік позняй сексуальнай ідэнтыфікацыі мужа ці жонкі. Часам бісексуальнасць развіваецца ў выніку раўнадушша да полу партнёра.