БЫЧКО́Ў Афанасій Фёдаравіч (27.12.1818, г. Хаміна, Фінляндыя — 14.4.1899),
рускі гісторык-славіст, археограф і бібліёграф. Акад. Пецярбургскай АН (1869; з 1866 экстраардынарны акадэмік). Старшыня Археагр. камісіі (1891), Аддзялення рус. мовы і славеснасці АН (1893). Скончыў Маскоўскі ун-т (1840). Працаваў у Археал. камісіі АН. З 1844 хавальнік Аддзела рукапісаў і старадрукаваных кніг Публічнай б-кі ў Пецярбургу, у 1882—99 яе дырэктар. Рыхтаваў навук. апісанні рукапісных і старадрукаваных кніг, выдаваў летапісы, «Пісьмы і паперы Пятра Вялікага» (т. 1—4). У публікацыях пра старадаўнія помнікі рус. пісьменства закранаў і бел. помнікі (Метрыку ВКЛ, творы Ф.Скарыны, С.Буднага, В.Цяпінскага, братоў Мамонічаў і інш.). Рэдактар «Слоўніка беларускай мовы» І.І.Насовіча, садзейнічаў выпуску яго ў свет.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ДАКУМЕ́НТЫ ПА́ПСКІХ НУ́НЦЫЯЎ ПА ГІСТО́РЫІ УКРАІ́НЫ І БЕЛАРУ́СІ»
[«Litterae nuntiorum Apostolicorum (in Polonia, Austria, Venetiis etc.) historiam Ucrainae et Bielarussjae illustrantes», vol 1—13 (1550—1683)],
серыйнае рымскае выданне дакумент. матэрыялаў, складзеных папскімі нунцыямі (пасламі) у Польшчы (з 1569 — Рэчы Паспалітай). Распачаў яго ў 1959 (1-ы том ахоплівае матэрыялы 1550—93) укр.археограф, протаархімандрыт ордэна базыльян Анастасій (Грыгорый) Вялікі, працягваюць інш. ватыканскія гісторыкі; выйшла 14 тамоў. Большая частка дакументаў на лац. і італьянскай мовах. Змяшчае справаздачы і пасланні нунцыяў у Рым, іх перапіску з царк. дзеячамі і інш. дакументы з Ватыканскага архіва.
З’яўляецца важнай крыніцай для вывучэння гісторыі каталіцкай царквы на землях Польшчы, Літвы, Беларусі, Украіны, Брэсцкай уніі 1596.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТУРЦЭ́ВІЧ Арсен Восіпавіч (1848, Мінская губ. — пасля 1915),
бел.археограф і гісторык. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1872). З 1901 працаваў у Віленскай археаграфічнай камісіі. Складальнік падручнікаў па рас. гісторыі для гімназій (13-е выд., 1911), прадмоў да 35-га і 38-га тамоў «Актаў Віленскай археаграфічнай камісіі», у якіх на падставе вывучэння інвентароў апісаў эвалюцыю феад. рэнты на Беларусі, «Хрэстаматыі па гісторыі Заходняй Расіі» (1892). Яго манархічна-клерыкальныя погляды пасля 1905 сталі больш ліберальныя.
Тв.:
Краткий исторический очерк Виленской комиссии для разбора и издания древних актов, 1864—1906. Вильна, 1906;
Русские крестьяне под владычеством Литвы и Польши: Краткий ист. очерк. Вильна, 1911.
Літ.:
Улащик Н.Н. Очерки по археографии и источниковедению истории Белоруссии феодального периода. М., 1973. С. 117—120.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЦЬЕ́ Юрый Уладзіміравіч (30.6.1873, Масква — 17.12.1943),
рускі гісторык, археограф. Чл.-кар.Рас.АН (1922), акад.АНСССР (1939). Скончыў Маскоўскі ун-т (1895). У 1902—18 праф. Маскоўскіх вышэйшых жаночых курсаў, адначасова Межавога ін-та, Нар. ун-та А.Л.Шаняўскага, Маскоўскага ун-та. Аўтар прац «Замаскоўны край у XVII ст. Спроба даследавання па гісторыі эканамічнага быту Маскоўскай Русі» (1906), «Гісторыя абласнога кіравання ў Расіі ад Пятра I да Кацярыны II» (т. 1—2, 1913—41), «Нарыс гісторыі землеўладання ў Расіі» (1915). З 1900 вёў раскопкі ў сярэднерас. і паўд.-рас. губернях. У працах па археалогіі выступаў за сінтэз звестак гісторыі і археалогіі.
Літ.:
К 100-летию со дня рождения акад. Ю.В.Готье, 1973 г. // Черепнин Л.В. Отечественные историки XVIII—XX вв. М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЛАВІ́ДАЎ Аляксандр Іванавіч (1864 — пасля 1933),
гісторык, археограф, бібліёграф. Скончыў Маскоўскую духоўную акадэмію. Супрацоўнік Віленскай публічнай б-кі, дырэктар музея М.М.Мураўёва. Даследаваў помнікі кірылічнага пісьменства, гісторыю правасл. царквы, паўстання 1863—1864, рэліг. сектаў, архіўнай справы. Стаяў на пазіцыях заходнерусізму. Падрыхтаваў да выдання «Архіўныя матэрыялы Мураўёўскага музея, якія датычацца польскага паўстання 1863—1864 гг. у межах Паўночна-Заходняга краю» (ч. 1—2, Вільня, 1913—15; рукапіс 3-га т. ў Гіст. архіве Літвы). Выдаваў каталогі апісанняў старадрукаваных кніг са збораў Вільні. З 1918 на архіўнай рабоце ў Петраградзе.
Тв.:
Описание славяно-русских старопечатных книг Виленской публичной библиотеки (1491—1800 гг.). Вильна, 1908;
Старопечатные славяно-русские издания, вышедшие из западно-русских типографий XVI—XVII вв. Вильна, 1908;
Рукописное отделение Виленской публичной библиотеки. Его история и состав. Вильна, 1910.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́ЛЕР Герард Фрыдрых (29.10.1705, г. Герфард, Германія — 22.10.1783),
расійскі гісторык, археограф. Чл. Пецярбургскай АН (1731). У 1725 прыехаў у Расію. З 1725 ад’юнкт, з 1731 праф. гісторыі, у 1728—30 і 1754—65 канферэнц-сакратар АН. У 1733—43 удзельнічаў у экспедыцыі па вывучэнні Сібіры, даследаваў і апісаў архівы больш чым 20 яе гарадоў, сабраў вял. колькасць копій дакументаў па гісторыі Сібіры і еўрап.ч. Расіі (т. зв. партфелі М.). Аўтар прац па гісторыі і геаграфіі Расіі са старажытнасці да сярэдзіны 18 ст., гал. з якіх — «Гісторыя Сібіры» (апубл. ў 1750). Прыхільнік нарманскай тэорыі. Апублікаваў шэраг крыніц і прац па рас. гісторыі, у т. л. Судзебнік 1550 з каментарыямі В.М.Тацішчава, лісты Пятра I да Б.П.Шарамецева, «Гісторыю Расійскую» Тацішчава.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СНІ́ТКА Андрэй Канстанцінавіч (1866, Вільня — 13.3.1920),
археограф, археолаг, этнограф, краязнавец і музеязнавец. Скончыў Рыжскі політэхн.ін-т (1888). Адзін з арганізатараў Мінскага царкоўнага гісторыка-археалагічнага камітэта (з 1908 сакратар, з 1909 старшыня), Мінскага царкоўна-археалагічнага музея (1908). З 1915 настаўнік гімназіі ў Чарнігаўскай губ. Вёў раскопкі ў Мінскім, Барысаўскім, Ігуменскім пав., у Пінску, Тураве, Слуцку. Абследаваў манастыры Слуцка, Пінска, Турава. Удзельнічаў у выданні зб. дакументаў «Мінская даўніна», у 4-м вып. якога апісаў дакументы Слуцкага Свята-Троіцкага (Трайчанскага) манастыра. Апісаў Нікольскую царкву ў Смалявічах, Мінск у 17 ст., склаў радавод слуцкіх князёў Алелькавічаў і інш. Аўтар гісторыі Слуцка (рукапіс захоўваецца ў архіве Ін-та гісторыі Нац.АН Беларусі) і артыкулаў па гісторыі Беларусі, у якіх ухваляў дзейнасць правасл. царквы і царызму на Беларусі з вялікадзярж. клерыкальна-манархісцкіх пазіцый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛАЙДО́ВІЧ Канстанцін Фёдаравіч (1.6.1792, г. Ялец Ліпецкай вобл., Расія — 1.5.1832),
рускі гісторык, археограф, філолаг, даследчык бел. мовы. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1825). Скончыў Маскоўскі ун-т (1810). Працаваў выкладчыкам гімназіі, з 1817 у архіве Мін-ва замежных спраў. У 1813 на вайск. пасадзе знаходзіўся ў Беларусі, вывучаў мову і побыт беларусаў. З 1815 прымаў удзел у Румянцаўскім гуртку, збіраў і даследаваў стараж.ўсх.-слав. помнікі. У 1817—18 разам з П.М.Строевым адшукаў «Ізборнік Святаслава 1070», выдаў творы К.Тураўскага ў «Помніках расійскай славеснасці XII ст.» (1821). Выявіў і апісаў старадрукі Ф.Скарыны, І.Фёдарава, П.Мсціслаўца. Даследаваў «Слова аб палку Ігаравым» і адстойваў яго стараж. паходжанне. Склаў кароткі слоўнік бел. мовы і апублікаваў яго ў працы «Пра беларускую гаворку» (1822). Найб. вядомыя яго творы «Іаан Экзарх Балгарскі» (1824), «Дакладнае апісанне славяна-расійскіх рукапісаў, якія зберагаюцца... у б-цы... Ф.А.Талстога» (1825, з Строевым).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛІНО́ЎСКІ Віктар Отан Сямёнавіч (21.4.1833, в. Мастаўляны, Беластоцкага ваяв., Польшча — 6.11.1862),
гісторык, археограф, бібліяфіл, удзельнік нац.вызв. руху 1860-х г. Старэйшы брат К.Каліноўскага. Вучыўся ў Свіслацкай і Гродзенскай гімназіях, з 1852 — на мед. ф-це Маскоўскага ун-та. У 1858—62 адзін з кіраўнікоў нелегальнай рэв. арг-цыі ў Пецярбургу. Падрыхтаваў да друку манаграфію «Уманская разня» пра паўстанне 1768 укр. сялян у г. Умань (цяпер Чаркаская вобл., праца не выйшла ў свет). Складальнік «Каталога калекцыі Жэготы Анацэвіча» (СПб., 1859), дзе апісаў першакрыніцы, у каментарыях выказаў свае погляды па пытаннях бел. і польскай гісторыі. Сабраў унікальную б-ку гал.ч. па гісторыі ВКЛ (больш за 5000 рукапісаў і кніг). Супрацоўнічаў са штодзённай польскамоўнай газетай «Słowo» («Слова»), якую выдаваў у 1859 у Пецярбургу І.Агрызка. Восенню 1862 захварэў на туберкулёз, выехаў да бацькі ў фальварак Якушоўка Ваўкавыскага пав. Гродзенскай губ., дзе і памёр.
Літ.:
Нікалаеў М. Браты Каліноўскія і Публічная бібліятэка // Шляхам гадоў. Гіст.літ.зб.Мн., 1990. [Вып. 1].
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУ́СІН-ПУ́ШКІН Аляксей Іванавіч (27.3.1744, С.-Пецярбург — 13.2.1817),
расійскі дзярж. дзеяч, археограф і гісторык. Граф. Чл.Рас. акадэміі (1789). Служыў у арміі, потым на прыдворнай і грамадзянскай службе. У 1791—97 обер-пракурор Сінода, у 1794—99 прэзідэнт Акадэміі мастацтваў. З 1775 збіраў пісьмовыя і рэчавыя помнікі рас. гісторыі. Засн. гурток гісторыкаў, які адкрыў Лаўрэнцьеўскі летапіс, выдаў шэраг помнікаў стараж.-рус. пісьменнасці, у т. л.«Рускую праўду» (1792), «Кнігу Вялікаму Чарцяжу» (1792), «Духоўную вялікага кн. Уладзіміра Усеваладавіча Манамаха...» (1793, гл.«Павучанне Уладзіміра Манамаха»); сам адкрыў і выдаў «Слова пра паход Ігаравы» пад назвай «Гераічная песня пра паход на полаўцаў удзельнага князя Ноўгарада-Северскага Ігара Святаславіча» (1800). Зборам М.-П. (частка яго, у т. л. адзіны спіс «Слова аб палку Ігаравым», згарэла ў Маскве ў вайну 1812) карысталіся многія рас. гісторыкі, у т. л. М.М.Карамзін.
Літ.:
Козлов В.П. Кружок А.И.Мусина-Пушкина и «Слово о полку Игореве»: Новые страницы истории древнерус. поэмы в XVIII в. М., 1988.