КАЛАЙДО́ВІЧ (Канстанцін Фёдаравіч) (1.6.1792, г. Ялец Ліпецкай вобл., Расія — 1.5.1832),

рускі гісторык, археограф, філолаг, даследчык бел. мовы. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1825). Скончыў Маскоўскі ун-т (1810). Працаваў выкладчыкам гімназіі, з 1817 у архіве Мін-ва замежных спраў. У 1813 на вайск. пасадзе знаходзіўся ў Беларусі, вывучаў мову і побыт беларусаў. З 1815 прымаў удзел у Румянцаўскім гуртку, збіраў і даследаваў стараж. ўсх.-слав. помнікі. У 1817—18 разам з П.​М.​Строевым адшукаў «Ізборнік Святаслава 1070», выдаў творы К.​Тураўскага ў «Помніках расійскай славеснасці XII ст.» (1821). Выявіў і апісаў старадрукі Ф.​Скарыны, І.​Фёдарава, П.​Мсціслаўца. Даследаваў «Слова аб палку Ігаравым» і адстойваў яго стараж. паходжанне. Склаў кароткі слоўнік бел. мовы і апублікаваў яго ў працы «Пра беларускую гаворку» (1822). Найб. вядомыя яго творы «Іаан Экзарх Балгарскі» (1824), «Дакладнае апісанне славяна-расійскіх рукапісаў, якія зберагаюцца... у б-цы... Ф.​А.​Талстога» (1825, з Строевым).

М.​Б.​Батвіннік.

т. 7, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)