БАНТЫ́Ш-КАМЕ́НСКІ Мікалай Мікалаевіч (27.12.1737, г. Нежын, Украіна — 1.2.1814),

украінскі і рас. гісторык, архівіст, археограф. Вучыўся ў Кіеўскай (1745—54) і Маскоўскай (1754—58) духоўных акадэміях, Маскоўскім ун-це (1758—62). З 1783 кіраўнік Маскоўскага архіва Калегіі замежных спраў. Даследаванні і публікацыі дакументаў па гісторыі знешняй палітыкі Расіі. Гал. твор — «Агляд знешніх зносін Расіі (да 1800 г.)» (ч. 1—4, 1894—1902). У 1813 падрыхтаваў да друку 1-ы т. «Збору дзяржаўных грамат і дагавораў» і заўвагі да яго. Аўтар падручнікаў.

т. 2, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗІМІ́Н Аляксандр Аляксандравіч (22.2.1920, Масква — 25.2.1980),

рускі гісторык, крыніцазнавец, археограф. Д-р гіст. н. (1959), праф. (1971). Скончыў Маскоўскі ун-т (1942). Працаваў у Ін-це гісторыі СССР АН СССР, выкладаў у Маскоўскім гісторыка-архіўным ін-це (1947—73). Вывучаў паліт. і сац. гісторыю Расіі 11—18 ст., яе гістарыяграфію і крыніцазнаўства. У манаграфіях «Рэформы Івана Грознага» (1960), «Апрычніна Івана Грознага» (1964), «Расія на парозе новага часу» (1972), «Расія на рубяжы XV—XVI стагоддзяў» (1982), «Напярэдадні грозных узрушэнняў» (1986), «Віцязь на ростанях» (1991) даследаваў дыпламат. адносіны і войны паміж ВКЛ і Маскоўскай дзяржавай.

т. 7, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАЦЭ́ВІЧ Ігнат Сымонавіч (псеўд. Жэгота з Малой Бераставіцы; 1780, в. Малая Бераставіца Бераставіцкага р-на Гродзенскай вобл. — 18.2.1845),

гісторык, археограф, архівіст. Вучыўся ў Кёнігсбергскім ун-це (1803—05), скончыў Віленскі ун-т (1811). У 1813—17 выкладчык у Беластоцкай гімназіі, з 1818 у Віленскім ун-це, з 1827 прафесар. У 1828 абвінавачаны ва ўдзеле ў студэнцкай арг-цыі «Плямёны сарматаў» і высланы на радзіму. З 1834 у Пецярбургу, супрацоўнік Археаграфічнай камісіі, Румянцаўскага музея. Даследаваў архівы і б-кі Пецярбурга, Дэрпта, Рыгі, Кёнігсберга, Варшавы, рукапісныя зборы прыватных асоб у Гродзенскай губ. Аўтар артыкулаў па гісторыі ВКЛ, гал. праца «Гісторыя Літвы» не надрукавана.

Дз.​У.​Караў.

т. 1, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫЧЭ́ЎСКІ (Барычэўскі-Тарнава) Іван Пятровіч

(1810, Мінская губ. — 24.7.1887),

бел. гісторык, археограф, фалькларыст, этнограф. Скончыў Кіеўскую духоўную акадэмію (1833). З 1835 служыў у дзярж. установах. У час. «Санкт-Петербургские ведомости», «Журнал Министерства народного просвещения» і інш. апублікаваў артыкулы «Даследаванне пра паходжанне, назву і мову літоўскага народа», «Урывак з літоўска-рускай гісторыі», «Пра рускі летапіс у Літве, названы «Хроніка Быхаўца». Запісы фальклору паўд. і зах. славян надрукаваны ў яго кнігах «Аповесці і паданні народаў славянскага племя» (ч. 1—2, 1840—41) і «Народныя славянскія апавяданні» (1844). У 1851 асобнай кнігай выйшла яго праца «Праваслаўе і руская народнасць у Літве». Удзельнічаў у зборы матэрыялаў і падрыхтоўцы выданняў Археагр. камісіі.

т. 2, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯРО́ЎКІН Міхаіл Лаўрэнцьевіч (1825—20.2.1896),

бел. вучоны-архівіст, археограф. У 1839—47 вучыўся ў Полацкай духоўнай семінарыі. У 1847—53 выкладаў у духоўным вучылішчы ў Віцебску, працаваў у Полацкай духоўнай кансісторыі, віцебскіх губ. праўленні, губ. стат. к-це. З 1888 архіварыус Віцебскага цэнтральнага архіва старажытных актаў. Адзін са складальнікаў і рэдактараў (в. 17—26) «Гісторыка-юрыдычных матэрыялаў». У каментарыях да дакументаў падкрэсліваў ролю правасл. царквы ў гісторыі Беларусі 16—17 ст. Публікацыю інвентароў суправаджаў уласнымі падлікамі агульнага даходу маёнткаў, колькасці сялян, велічыні іх надзелаў і павіннасцей і інш. Аўтар вершаў і баек (друк. ў газ. «Витебские губернские ведомости»).

А.​К.​Галубовіч, А.​М.​Падліпскі.

т. 4, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́ЖГА Баляслаў Рычардавіч (31.3.1887, Рэжыцкі пав. Віцебскай губ., цяпер Латвія — 30.9.1957),

бел. і латышскі археолаг, гісторык, археограф, філолаг. Д-р гісторыі (1933). Скончыў Віцебскую гімназію (1910), Маскоўскі археал. ін-т (1916). З 1918 заг. Віцебскага аддз. гэтага ін-та, з 1992 у Віцебскім губ. архіве, з 1925 у Латвіі. Даследаваў гіст. сувязі беларусаў і латышоў, гісторыю паўстання 1863—64 на тэр. Віцебшчыны, вывучаў Полацкія летапісы («Адносіны палачан і латышоў у VIII—XVIII стст.», 1926; «Замкі Віцебшчыны», 1933; «Нарысы па гісторыі сялянскіх рухаў у Латгаліі 1577—1907», 1956), складаў бібліяграфію па гісторыі Беларусі, збіраў матэрыял для параўнальнага аналізу бел. мовы і латгальскага дыялекту, у Латв. ун-це вёў курс стараж. бел. пісьменства.

Б.Р.Брэжга.

т. 3, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАБРА́НСКІ Флавіян Мікалаевіч (16.2.1848, с. Чэрніцы Валынскай губ., Украіна — 1919),

гісторык, археограф, лінгвіст. З сям’і святара. Скончыў Валынскую духоўную семінарыю (1868), Маскоўскую духоўную акадэмію (1872). Выкладаў у Літоўскай духоўнай правасл. семінарыі, Віленскім хрысціянскім настаўніцкім ін-це (з 1883). З 1876 чл. камісіі па стварэнні Віленскай публічнай б-кі. У 1886—1913 у Віленскай археаграфічнай камісіі. У 1915 эвакуіраваўся з Вільні. Аўтар «Слоўніка асаблівасцей грэчаскіх дыялектаў...» (1879), прадмоў да 15, 21, 26, 31, 34-га тамоў Актаў віленскай камісіі, прац «Вільня і наваколле» (1883), «Пра літоўскіх татараў» (1906), публіцыст. артыкулаў. Склаў і выдаў каталог рэчаў музея старажытнасцей у Вільні (1879), вопіс рукапісаў Віленскай публічнай б-кі (1882).

У.​М.​Міхнюк.

т. 5, с. 559

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТАНО́ВІЧ Уладзімір Баніфатавіч (30.1.1834, с. Камсамольскае Вінніцкай вобл., Украіна — 21.3.1908),

украінскі гісторык, археолаг, этнограф, археограф; адзін з заснавальнікаў укр. нац. гістарыяграфіі. Праф. Кіеўскага ун-та (з 1878). У 1863—80 гал. рэд. Часовай камісіі для разбору стараж. актаў у Кіеве, з 1881 старшыня гіст. т-ва Нестара-летапісца. Апублікаваў шэраг мемуарных і эпісталярных крыніц, у т. л. «Дыярыуш» Ф.​Еўлашоўскага, «Гістарычныя песні маларускага народа» (т. 1—2, 1874—75, з М.​П.​Драгаманавым). Працы па гісторыі Украіны, Беларусі і Літвы склалі зб. «Манаграфіі па гісторыі Заходняй і Паўднёва-Заходняй Расіі» (т. 1, 1885). Аўтар прац па археалогіі Украіны. Падкрэсліваў бяскласавасць і дэмакратызм укр. народа, ідэалізаваў казацтва.

Дз.​У.​Караў.

т. 1, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛЦІ́Н Іван Мікітавіч (12.1.1735, Арзамаскі пав. Ніжагародскай губ. — 17.10.1792),

расійскі гісторык, археограф. Атрымаў хатнюю адукацыю. Служыў у Коннагвардзейскім палку (1751—68), працаваў дырэктарам мытні ў г. Васількоў Кіеўскай губ. (1769—79). З 1779 у Пецярбургу: пракурор (з 1781), чл. Ваен. калегіі (з 1788), ген.-м. (1786). Аўтар прац «Заўвагі на гісторыю старажытную і цяперашнюю Расіі пана Леклерка» (т. 1—2, 1788), «Крытычныя заўвагі ... на першы і другі тамы гісторыі князя Шчарбатава» (т. 1—2, 1793—94). Падрыхтаваў да друку выданне падрабязнай рэдакцыі «Рускай праўды» і інш. гіст. помнікаў. Сфармуляваў задачы адбору, супастаўлення, крытычнага аналізу гіст. крыніц і інш.

Літ.:

Шанский Д.Н. Из истории русской исторической мысли: И.​Н.​Болтин. М., 1983.

т. 2, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫГАРО́ВІЧ Іван Іванавіч (12.9.1790, паводле інш. звестак 6.9.1792, г. Слаўгарад Магілёўскай вобл. — 13.11.1852),

бел. археограф, гісторык, краязнавец, пісьменнік. Скончыў Магілёўскую духоўную семінарыю (1811), Пецярбургскую духоўную акадэмію (1819). У 1811—15 выкладчык Магілёўскага духоўнага вучылішча, з 1820 саборны протаіерэй, рэктар Гомельскага духоўнага вучылішча, з 1829 саборны протаіерэй у Віцебску, з 1831 — у Пецярбургу. Выдаў першы бел. археаграфічны зб. «Беларускі архіў старажытных грамат» (ч. 1, 1824), зб. твораў архіепіскапа Г.​Каніскага са сваёй прадмовай (т. 1—2, 1835), удзельнічаў у падрыхтоўцы і выданні Актаў Заходняй Расіі (т. 1—5, 1846—53). Складаў слоўнік бел. мовы.

Тв.:

Беларуская іерархія. Мн., 1992.

Літ.:

Улащик Н.Н. Очерки по археографии и источниковедению Белоруссии феодального периода. М., 1973. С. 16—40.

М.​В.​Нікалаеў.

І.І.Грыгаровіч.

т. 5, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)