ДАБРА́НСКІ Флавіян Мікалаевіч

(16.2.1848, с. Чэрніцы Валынскай губ., Украіна — 1919),

гісторык, археограф, лінгвіст. З сям’і святара. Скончыў Валынскую духоўную семінарыю (1868), Маскоўскую духоўную акадэмію (1872). Выкладаў у Літоўскай духоўнай правасл. семінарыі, Віленскім хрысціянскім настаўніцкім ін-це (з 1883). З 1876 чл. камісіі па стварэнні Віленскай публічнай б-кі. У 1886—1913 у Віленскай археаграфічнай камісіі. У 1915 эвакуіраваўся з Вільні. Аўтар «Слоўніка асаблівасцей грэчаскіх дыялектаў...» (1879), прадмоў да 15, 21, 26, 31, 34-га тамоў Актаў віленскай камісіі, прац «Вільня і наваколле» (1883), «Пра літоўскіх татараў» (1906), публіцыст. артыкулаў. Склаў і выдаў каталог рэчаў музея старажытнасцей у Вільні (1879), вопіс рукапісаў Віленскай публічнай б-кі (1882).

У.М.Міхнюк.

т. 5, с. 559

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)