СНІ́ТКА Андрэй Канстанцінавіч (1866, Вільня — 13.3.1920),
археограф, археолаг, этнограф, краязнавец і музеязнавец. Скончыў Рыжскі політэхн. ін-т (1888). Адзін з арганізатараў Мінскага царкоўнага гісторыка-археалагічнага камітэта (з 1908 сакратар, з 1909 старшыня), Мінскага царкоўна-археалагічнага музея (1908). З 1915 настаўнік гімназіі ў Чарнігаўскай губ. Вёў раскопкі ў Мінскім, Барысаўскім, Ігуменскім пав., у Пінску, Тураве, Слуцку. Абследаваў манастыры Слуцка, Пінска, Турава. Удзельнічаў у выданні зб. дакументаў «Мінская даўніна», у 4-м вып. якога апісаў дакументы Слуцкага Свята-Троіцкага (Трайчанскага) манастыра. Апісаў Нікольскую царкву ў Смалявічах, Мінск у 17 ст., склаў радавод слуцкіх князёў Алелькавічаў і інш. Аўтар гісторыі Слуцка (рукапіс захоўваецца ў архіве Ін-та гісторыі Нац. АН Беларусі) і артыкулаў па гісторыі Беларусі, у якіх ухваляў дзейнасць правасл. царквы і царызму на Беларусі з вялікадзярж. клерыкальна-манархісцкіх пазіцый.
А.П.Грыцкевіч.
т. 15, с. 70
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)