наяўнасць у асобін аднаго віду жывёл ці раслін адной мясцовасці 2 формаў, якія адрозніваюцца морфафізіялагічнымі прыкметамі; разнавіднасць полімарфізму.
У жывёл найчасцей адзначаецца палавы Д., пры якім самцы і самкі адрозніваюцца паміж сабой памерамі, формай, афарбоўкай, паводзінамі (напр., адсутнасць рагоў у самак і наяўнасць іх у самцоў). Сезонны Д. абумоўлены зменамі тэмператур, пры якіх існуе арганізм (напр., бурая летняя і белая зімовая афарбоўка футра ў зайца-беляка). Можа праяўляцца і як прыватны выпадак чаргавання пакаленняў (у паразітычных чарвей, некат. насякомых) У раслін адрозніваюць Д., што праяўляецца ва ўсім вонкавым выглядзе або ў будове асобных органаў. Сезонны Д. у раслін — наяўнасць веснавой і асенняй формаў (напр., у братаўкі).
Да арт.Дымарфізм: жук-алень (1 — самка; 2 — самец).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭЛО́РМ (Delorme, de 1′Orme) Філібер (паміж 1510—15, г. Ліён, Францыя — 8.1.1570), французскі архітэктар і тэарэтык архітэктуры эпохі Адраджэння. У 1533—36 у Рыме вывучаў ант. архітэктуру. З 1541 архітэктар караля. Работам уласціва спалучэнне ордэрных і гатычных элементаў: замак у Анэ 1543—55 (захаваўся часткова), грабніца Францыска I у царкве Сен-Дэні (Парыж, 1547), працы ў замках Фантэнбло (1548—54), Венсан (1558), Ле Мюэт (1550), шматлікія пабудовы ў Парыжы. Аўтар праекта замка Цюільры ў Парыжы (разбураны ў 1871). Увёў франц. калону (з дэкарыраванымі паясамі), «аркі Дэлорма» (драўляныя формы для перакрыцця вял. праёмаў). Аўтар тэарэт. прац «Новыя вынаходніцтвы для добрага ўмацавання гарадоў пры малых затратах» (1561), «Першы том архітэктуры Філібера Дэлорма» (1567), якія паспрыялі ўзнікненню класіцыстычнай плыні ў франц. архітэктуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАКА́РДА МАШЫ́НА,
механізм ткацкага станка, які ўтварае прамежкі (зевы) паміж ніткамі асновы і дазваляе вырабляць тканіну з буйнаўзорыстым (жакардавым) перапляценнем нітак. Створана ў 1804—08 франц. ткачом і вынаходнікам Ж.М.Жакарам.
Складаецца з прыстасавання пад’ёму і апускання нітак і прыстасавання, што стварае ўзор. У адрозненне ад рэмізных зеваўтваральных механізмаў, якія кіруюць вял. групай нітак асновы, Ж.м. кіруе асобна кожнай ніткай асновы ці невялікай іх групай. Гэта дае магчымасць вырабляць тканіны такіх перапляценняў, паўторны элемент якіх мае мноства нітак па аснове і па ўтку. З дапамогай Ж.м. вырабляюць дэкар. тканіны, дываны з выразнымі маляўнічымі, часам вельмі складанымі малюнкамі (пейзажы, партрэты і г.д).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІАНІ́ЧНАЕ МО́РА,
цэнтральная частка Міжземнага м.паміж Балканскім і Апенінскім п-вамі, а-вамі Крыт і Сіцылія. Злучана на Пн пралівам Отранта з Адрыятычным м., на З Месінскім пралівам з Тырэнскім м.Пл. 169 тыс.км². Найб.глыб. 5121 м (найб. для Міжземнага м.). Берагі вельмі парэзаныя. Вял. залівы Патраікос, Карынфскі (Грэцыя), Таранта (Італія). На У — Іанічныя а-вы. Дно ў выглядзе катлавіны, донныя асадкі — пераважна глей, глеісты пясок, пясок, ракушачнік. Паверхневыя цячэнні ўтвараюць цыкланальны кругаварот, скорасць каля 1 км/гадз. Т-ра вады ад 14 °C у лют. да 25,5 °C у жніўні. Салёнасць больш за 38 ‰. Прылівы паўсутачныя (да 0,4 м). Рыбалоўства (скумбрыя, чырвоны тунец, камбала, кефаль). Гал. парты: Патры, Керкіра (Корфу; Грэцыя), Таранта, Катанія (Італія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІДЭА́ЛЬНЫ ГАЗ,
тэарэтычная мадэль газу, у якой не ўлічваецца ўзаемадзеянне часціц газу (сярэдняя кінетычная энергія часціц намнога большая за энергію іх узаемадзеяння). Адрозніваюць І.г. класічны і квантавы. Уласцівасці класічнага І.г. апісваюцца Клапейрона—Мендзялеева ўраўненнем і яго асобнымі выпадкамі — Бойля—Марыёта законам, Гей-Люсака законам, Шарля законам; часціцы размеркаваны па энергіях у адпаведнасці з Больцмана статыстыкай. Мадэль класічнага І.г. добра апісвае разрэджаныя рэальныя газы пры т-рах, далёкіх ад т-ры іх кандэнсацыі. Пры паніжэнні т-ры або павелічэнні яго шчыльнасці неабходна ўлічваць квантавыя (хвалевыя) уласцівасці часціц І.г., калі даўжыня іх хваль дэ Бройля пры скарасцях, парадку цеплавых, параўнальная з адлегласцямі паміж часціцамі. Пры гэтым квантавы І.г. апісваецца Бозе—Эйнштэйна статыстыкай або Фермі—Дзірака статыстыкай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДУКЦЫ́ЙНАЯ ЛО́ГІКА,
раздзел традыцыйнай логікі, які вывучае лагічныя працэсы пераходу ад адзінкавых, прыватных ведаў да агульных. Адносіны агульных і прыватных ведаў (гл.Індукцыя, Дэдукцыя) у старажытнасці даследавалі Арыстоцель, Сакрат і інш. Першай спробай стварэння І.л. як асобнай галіны з’явілася вучэнне Ф.Бэкана пра індукцыйныя метады вызначэння прычыннай сувязі паміж з’явамі; яго ідэі былі развіты Дж.С.Мілем. У 19 ст. сфармулявана канцэпцыя І.л., заснаваная на гіпатэтыка-дэдукцыйным метадзе. Сучасная І.л. займаецца распрацоўкай сродкаў для ацэнкі ступені лагічнай сувязі выказванняў-гіпотэз з выказваннямі, ісціннасць якіх ужо вядома. Адно з цэнтр. паняццяў сучаснай І.л. — паняцце ступені пацвярджэння, што звычайна разглядаецца як імавернасць гіпотэзы пры існуючых эмпірычных ведах. Пры гэтым шырока выкарыстоўваюцца метады імавернасцей тэорыі, а сучасную форму І.л. нярэдка называюць імавернаснай логікай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТЫНКТЫВІ́ЗМу сацыялогіі,
кірунак, які імкнецца растлумачыць сац. з’явы і працэсы з дапамогай звяртання да біял. прыроды чалавека. Сфарміраваўся на мяжы 19—20 ст. У яго аснову пакладзена тэорыя сац. паводзін У.Мак-Дугала, паводле якой аснова грамадскага жыцця — у біялагічна прыроджаных інстынктах, што суправаджаюцца адпаведнымі эмоцыямі. З узаемазвязаных паміж сабой інстынктаў і эмоцый (гнеў, страх, пачуццё самазахавання, узнаўленне роду, набыццё уласнасці) ён выводзіў асн.сац. ін-ты — сям’я, дзяржава, рынак і інш. І.Лебон даказваў, што з-за валявой неразвітасці і нізкага інтэлектуальнага ўзроўню вялікіх мас людзей («натоўпу») імі кіруюць неўсвядомленыя інстынкты. У апошнія гады ў зах. навуцы сталі звяртаць большую ўвагу на ідэі І. ў рамках «эталагічных» (спадчынных) і «сацыябіялагічных» тлумачэнняў сац. паводзін і грамадскага жыцця.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАГЕРЭ́НТНАСЦЬ (ад лац. cohaerens які знаходзіцца ў сувязі),
узгодненае працяканне ў часе некалькіх вагальных або хвалевых працэсаў. Выяўляецца ў наяўнасці нязменных суадносін паміж фазамі розных ваганняў. Найпрасцейшы прыклад К. — пастаянства рознасці фаз двух гарманічных ваганняў з аднолькавымі частотамі.
Кагерэнтныя светлавыя хвалі можна атрымаць дзяленнем пучка хваль ад адной (нялазернай) крыніцы святла або пры дапамозе лазераў, у радыёдыяпазоне — ад розных генератараў, што працуюць на стабілізаванай частаце. К. — неабходная ўмова ўзнікнення інтэрферэнцыі хваль. Паняцце К. выкарыстоўваецца ў хвалевай і квантавай оптыцы, квантавай механіцы, радыёфізіцы і радыётэхніцы. Гл. таксама Інтэрферэнцыя святла.
А.Р.Хаткевіч.
Да арт.Кагерэнтнасць. Складанне двух гарманічных ваганняў з амплітудамі A1 і A2: а — рознасць фаз φ1—φ 2=0; б — рознасць фаз φ1—φ2=π; выніковае ваганне з амплітудай Aφ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗЛО́ВІЧ (Анатоль Мікалаевіч) (н. 16.9.1946, в. Горск Бярозаўскага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1969). Працаваў у прэсе, з 1977 уласны карэспандэнт «Литературной газеты» па Беларусі. Друкуецца з 1964 (дэбютаваў вершамі). Піша на рус. і бел. мовах. Аўтар псіхал. заглыбленых нарысаў («Дыханне», 1977; «Час ісці», 1979; «Чырвоны Востраў», 1988; цыкл «Беларусы паміж небам і зямлёй», 1994—95, і інш.), эсэ, дакум. аповесцей («Далёка наперадзе», 1981; «Цяжка любіць», 1985; «На маёй далоні лінія ракі», 1987), рамана «Каб ды калі б» (1994) пра сучасную вёску і яе людзей, праблемы с.-г. вытворчасці, экалогіі, Чарнобыля і інш., сцэнарыяў дакумент. фільмаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛАНА́Т (лац. colonatus ад colonus земляроб),
асаблівая форма вытв. адносін паміж буйным землеўладальнікам і непасрэдным вытворцам — калонам у Рым. імперыі. Пры сістэме К. буйная зямельная ўласнасць драбнілася на парцэлы — невял. ўчасткі, якія здаваліся ў арэнду калонам. Напачатку (2 ст. да н.э. — 1 ст.н.э.) юрыдычна свабодны і эканамічна самаст. калон, які плаціў арэнду грашамі, мог выкарыстоўваць для апрацоўкі зямлі працу рабоў і выступаў як дробны рабаўладальнік. Пазней (з 2 ст.н.э.) у выніку масавага разарэння дробных і сярэдніх рабаўладальнікаў з-за нізкай прадукцыйнасці рабскай працы і скарачэння крыніц папаўнення рабоў калон трапіў у асабістую і эканам. залежнасць (плаціў арэнду доляй ураджаю) ад апекуна-землеўладальніка. У 4—5 ст. калоны юрыдычна прымацаваны да зямлі; былі папярэднікамі сярэдневяковых прыгонных.