СТА́РАЦ,

выбарная асоба валаснога самакіравання на тэр. Беларусі да 2-й пал. 16 ст. Існавалі С. ўсёй воласці — пасрэднікі паміж яе насельніцтвам і феадалам-уласнікам або яго прадстаўніком і С. асобных вёсак. С. разам з абшчынай размяркоўвалі павіннасці на канкрэтных выканаўцаў і сачылі за іх выкананнем, збіралі даніну і адвозілі яе гаспадару ўладання, падтрымлівалі парадак, сачылі за станам дарог, мастоў і інш. Выбіраліся на агульных сходах вёскі, воласці і за выкананне сваіх абавязкаў вызваляліся ад павіннасцей, акрамя мядовай даніны. Удзельнічалі ў копных судах, вырашалі межавыя і бортныя спрэчкі паміж сялянамі. У выніку змен сістэмы гаспадарання ў 16 — пач. 17 ст. С. замяняліся войтамі. На ўсх. Беларусі пасада С. захавалася на больш працяглы час.

А.​Б.​Доўнар.

т. 15, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУ́РТА Трафім Раманавіч, магілёўскі летапісец канца 17 — пач. 18 ст. Быў купецкім старастам, неаднаразова выбіраўся ў магістрат лаўнікам. У традыц. пагадовай форме склаў першы магілёўскі летапіс (звесткі за 1526—1701), які ўвайшоў у Магілёўскую хроніку. Гісторыю Магілёва пачаў з 1526, найб. падрабязна апісаў падзеі 2-й пал. 17 ст. Цікавіўся гісторыяй Расіі, Польшчы, у летапісе выкарыстаў хронікі А.​Гваньіні і М.​Стрыйкоўскага, Кіеўскі сінопсіс, розныя гіст. запісы. Належаў да патрыятычна настроенай гар. арыстакратыі, цесна звязанай з нац.-культ. традыцыямі. Прытрымліваўся памяркоўных поглядаў. Асуджаў выступленні магіляўчан супраць гар. улад (паўстанне 1610 называў бунтам), адмоўна ставіўся да уніятаў, не ўхваляў дзеянні ўкр. казакоў на Беларусі.

Літ.:

Зборнік матэрыялаў магілёўскіх чытанняў «Трафім Сурта і яго час». Магілёў, 1993.

В.​А.​Чамярыцкі.

І.З.Сурта.

т. 15, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЦЯПА́НАВА Ангеліна Восіпаўна (н. 23.11.1905, г. Нікалаеўск-на-Амуры Хабараўскага краю, Расія),

расійская актрыса. Жонка А.Фадзеева. Нар. арт. СССР (1960). Герой Сац. Працы (1975). Вучылася ў 3-й Студыі Маскоўскага Маст. т-ра. З 1924 актрыса Маскоўскага Маст. акад. т-ра. Творчасць вызначаецца вытанчанасцю псіхал. аналізу вобраза ў спалучэнні з гратэскавай вастрынёй. Сярод роляў: Зінаіда («Дзядзечкаў сон» паводле Ф.​Дастаеўскага), Ірына, Аркадзіна («Тры сястры», «Чайка» А.​Чэхава), каралева Лізавета («Марыя Сцюарт» Ф.​Шылера), Сабурава («Адзіны сведка» А. і П.​Тур), Патрык Кэмпбел («Мілы лгун» Дж.​Кілці), прынцэса Касманопаліс («Салодкагалосая птушка юнацтва» Т.​Уільямса), Каханка («Усё скончана» Э.​Олбі) і інш. Здымалася ў кіно: «Вайна і мір», «Дваццаць дзён без вайны», «Прызнанне ў каханні» і інш. Дзярж. прэміі СССР 1952, 1977.

А.А.Сцяпанава.

т. 15, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАТА́РКА,

рабочы пасёлак у Асіповіцкім р-не Магілёўскай вобл. Чыг. ст. на лініі Асіповічы—Жлобін. За 12 км на ПдУ ад Асіповіч, 148 км ад Магілёва. 1 тыс. ж. (2001). Працуюць торфапрадпрыемствы, сярэдняя і муз. школы, дзіцячы сад-яслі, клуб, паліклініка, амбулаторыя, Дом быту, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

У 2-й пал. 19 ст. вёска (35 ж.) у Ляскавіцкай вол. Бабруйскага пав. З пабудовай Лібава-Роменскай чыгункі (1873) — станцыя, дзе адгружалася за год больш як 50 тыс. пудоў лесаматэрыялаў. З 1924 у Асіповіцкім р-не Бабруйскай акругі, з 1938 у Магілёўскай вобл. Значна вырасла з буд-вам торфазавода (у 1940 працавала 414 рабочых). У 1944—54 у Бабруйскай вобл. З 14.5.1949 рабочы пасёлак.

т. 15, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УСАЧО́Ў Юрый Уладзіміравіч (н. 9.10.1957, г. Данецк Растоўскай вобл., Расія),

расійскі касманаўт. Герой Рас. Федэрацыі (1994). Лётчык-касманаўт Рас. Федэрацыі (1994). Скончыў Маскоўскі авіяц. ін-т (1985). З 1985 у ракетна-касм. карпарацыі «Энергія» імя С.​П.​Каралёва. Адначасова з 1989 у Цэнтры падрыхтоўкі касманаўтаў імя Ю.​А.​Гагарына. Здзейсніў 4 палёты ў складзе экіпажаў касм. караблёў (КК) і арбітальных станцый (АС): 8.1—9.7.1994 — на КК «Саюз ТМ-18» і АС «Мір» і 21.2—2.9.1996 — на КК «Саюз ТМ-23» і АС «Мір» (як борт-інжынер), 19—29.5.2000 — на КК «Атлантыс» (ЗША; як спецыяліст па праграме зборкі Міжнар. касм. станцыі), 8.3—22.8.2001 — на КК «Дыскаверы» і Міжнар. касм. станцыі (як камандзір 2-й асн. экспедыцыі). У космасе правёў 552,93 сут.

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 16, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

У́ТКІН Мікалай Іванавіч (19.5.1780, г. Цвер, Расія — 17.3.1863),

рускі гравёр; буйнейшы майстар партрэтнай разцовай гравюры 1-й пал. 19 ст. Чл. шэрагу еўрап. АМ. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1785—1800; у 1803—14 пенсіянер у Парыжы і Лондане), з 1815 выкладаў у ёй (з 1817 заг. гравіравальнага класа, з 1831 праф.). Творам уласцівы інтэрпрэтацыя арыгінала, якая ўзмацняе змястоўнасць характарыстыкі партрэтуемага, багацце і разнастайнасць штрыха: «Іаан Хрысціцель» (1802, з карціны А.​Р.​Менгса); 20 гравюр з медальёнаў Ф.​Талстога, прысвечаных вайне 1812; партрэты А.​Куракіна (1812), І.​Крылова (1816, з мал. А.​Кіпрэнскага), А.​Суворава (1818), М.​Карамзіна (1819, з арыгінала У.​Баравікоўскага), А.​Пушкіна (1827 і 1838, з арыгінала Кіпрэнскага), А.​Грыбаедава (1829).

М.Уткін. Партрэт А.​Грыбаедава. 1829.

т. 16, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФА́БІЙ МА́КСІМ Кунктатар,

Квінт (Quintus Fabius Maximus Cunctator; каля 275—203 да н.э.), старажытнарымскі палкаводзец і дзярж. дзеяч. Паходзіў з патрыцыянскага роду Флавіяў. Консул у 233, 228, 215, 214, 209; у 221 і 217 дыктатар. Пасля паражэння рымлян пры Тразіменскім возеры (217) у перыяд 2-й Пунічнай вайны (гл. Пунічныя войны) распрацаваў стратэгію зацяжной вайны: ухіляючыся ад вырашальнай бітвы, паступова знясільваць армію Ганібала, пазбаўляючы яе харчоў і фуражу (адсюль празваны Кунктатар — марудны). Адмова ад гэтага плана прывяла да паражэння каля Канаў (216). За ўзяцце Тарэнта у 209 удастоены трыумфу.

Літ.:

Ревяко К.А. Пунические войны. Мн., 1988;

Плутарх. Избранные жизнеописания: Пер. с лат. М., 1990 Т. 1. С. 321—438;

Ливий Т. Карфаген против Рима. СПб., 1993.

А.​Г.​Зельскі.

т. 16, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕЛЬДМА́РШАЛ (ням. Feldmarschall),

вышэйшае воінскае званне ў арміях шэрагу дзяржаў. Тытул Ф. з’явіўся ў Тэўтонскім ордэне ў 14 ст., пазней існаваў у Прусіі і інш. герм. дзяржавах. У 17 ст. ў Расіі і Аўстрыі ўведзена званне (чын) ген.-Ф., якое надавалася вышэйшым нач. (галоўнакамандуючым) сухап. армій за асаблівыя заслугі ў час вайны. У Рас. імперыі было больш за 60 ген.-Ф., сярод іх М.Л.Кутузаў, І.Ф.Паскевіч, І.​У.​Гурка (гл. ў арт. Гуркі), Дз.А.Мілюцін. У некат. дзяржавах званне Ф. (ген.Ф.) захавалася ў 20 ст.; у час 2-й сусв. вайны існавала ў Вялікабрытаніі (з 1736), Германіі. У інш. краінах званню (чыну) Ф. адпавядала званне маршал (напр., у Францыі, Польшчы, Кітаі); у СССР у 1935—91 існавала званне Маршал Сав. Саюза.

т. 16, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАДАСЕ́ВІЧ-ЛЕЖЭ́ Надзея Пятроўна (5.11.1904, в. Асецішчы Докшыцкага р-на Віцебскай вобл. — 8.5.1983),

французская мастачка. Вучылася ў Школе прыгожых мастацтваў у Варшаве (1921—24). З 1924 у Парыжы вучылася ў акадэміі жывапісу Ф.Лежэ (1924—29), пазней стала яго жонкай. Працавала ў манум. і станковым жывапісе. Аўтар мазаічных партрэтаў Ю.​Гагарына, Ж.​Дзюкло, М.​Кашэна, Н.​Крупскай, У.​Маякоўскага, М.​Тарэза, герояў 2-й сусв. вайны, дзеячаў культуры, кампазіцый для аэрапортаў у Парыжы і Вашынгтоне. Сярод жывапісных работ: «Нацюрморт з вазай» (1925), «Аўтапартрэт» (1941), «Пачатак руху (Узлёт-1)» (1922—68). Стварыла музей Лежэ ў Б’ёце (Прыморскія Альпы, 1960) і на радзіме мастака ў Лізоры (Нармандыя, 1970).

Літ.:

Дубенская Л.А. Рассказывает Надя Леже. Мн., 1983.

Н.​М.​Бараноўская.

Н.Хадасевіч-Лежэ. Аўтапартрэт.

т. 16, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЕСНЯКІ́, цесныя сацыялісты,

назва ў 1903—19 балг. сацыял-дэмакратаў, якія вылучыліся з Балг. рабочай с.-д. партыі і ўтварылі ўласную Балг. рабочую с.-д. партыю (цесных сацыялістаў) — БРСДП (ц.с.). Лідэры: Цз.Благоеў, В.​Калараў, Г.Дзімітроў. Выступалі за згуртаваную, «цесную» партыю (адсюль назва), прытрымліваліся ідэалогіі рэв. марксізму, але ў адрозненне ад рас. бальшавікоў-ленінцаў не бачылі ў сялянстве саюзніка пралетарыяту, не надавалі важнага значэння дыктатуры пралетарыяту, барацьбу за дэмакратыю не звязвалі з барацьбой за сацыялізм. У час Балканскіх войнаў 1912—13 і 1-й сусв. вайны займалі антываен., інтэрнацыяналісцкія пазіцыі. Віталі Кастр. рэвалюцыю 1917 у Расіі, удзельнічалі ў стварэнні Камуністычнага Інтэрнацыянала. У маі 1919 БРСДП (ц.с.) перайменавана ў Балг. камуніст. партыю (цесных сацыялістаў). Словы «цесных сацыялістаў» захоўваліся ў назве Балг. кампартыі да снеж. 1948.

т. 17, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)