СУ́РТА Трафім Раманавіч, магілёўскі летапісец канца 17 — пач. 18 ст. Быў купецкім старастам, неаднаразова выбіраўся ў магістрат лаўнікам. У традыц. пагадовай форме склаў першы магілёўскі летапіс (звесткі за 1526—1701), які ўвайшоў у Магілёўскую хроніку. Гісторыю Магілёва пачаў з 1526, найб. падрабязна апісаў падзеі 2-й пал. 17 ст. Цікавіўся гісторыяй Расіі, Польшчы, у летапісе выкарыстаў хронікі А.​Гваньіні і М.​Стрыйкоўскага, Кіеўскі сінопсіс, розныя гіст. запісы. Належаў да патрыятычна настроенай гар. арыстакратыі, цесна звязанай з нац.-культ. традыцыямі. Прытрымліваўся памяркоўных поглядаў. Асуджаў выступленні магіляўчан супраць гар. улад (паўстанне 1610 называў бунтам), адмоўна ставіўся да уніятаў, не ўхваляў дзеянні ўкр. казакоў на Беларусі.

Літ.:

Зборнік матэрыялаў магілёўскіх чытанняў «Трафім Сурта і яго час». Магілёў, 1993.

В.​А.​Чамярыцкі.

І.З.Сурта.

т. 15, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)