УСАЧО́Ў Юрый Уладзіміравіч (н. 9.10.1957, г. Данецк Растоўскай вобл., Расія),

расійскі касманаўт. Герой Рас. Федэрацыі (1994). Лётчык-касманаўт Рас. Федэрацыі (1994). Скончыў Маскоўскі авіяц. ін-т (1985). З 1985 у ракетна-касм. карпарацыі «Энергія» імя С.​П.​Каралёва. Адначасова з 1989 у Цэнтры падрыхтоўкі касманаўтаў імя Ю.​А.​Гагарына. Здзейсніў 4 палёты ў складзе экіпажаў касм. караблёў (КК) і арбітальных станцый (АС): 8.1—9.7.1994 — на КК «Саюз ТМ-18» і АС «Мір» і 21.2—2.9.1996 — на КК «Саюз ТМ-23» і АС «Мір» (як борт-інжынер), 19—29.5.2000 — на КК «Атлантыс» (ЗША; як спецыяліст па праграме зборкі Міжнар. касм. станцыі), 8.3—22.8.2001 — на КК «Дыскаверы» і Міжнар. касм. станцыі (як камандзір 2-й асн. экспедыцыі). У космасе правёў 552,93 сут.

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 16, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)