СЦЯПА́НАВА Ангеліна Восіпаўна (н. 23.11.1905, г. Нікалаеўск-на-Амуры Хабараўскага краю, Расія),
расійская актрыса. Жонка А.Фадзеева. Нар.арт.СССР (1960). Герой Сац. Працы (1975). Вучылася ў 3-й Студыі Маскоўскага Маст.т-ра. З 1924 актрыса Маскоўскага Маст.акад.т-ра. Творчасць вызначаецца вытанчанасцю псіхал. аналізу вобраза ў спалучэнні з гратэскавай вастрынёй. Сярод роляў: Зінаіда («Дзядзечкаў сон» паводле Ф.Дастаеўскага), Ірына, Аркадзіна («Тры сястры», «Чайка» А.Чэхава), каралева Лізавета («Марыя Сцюарт» Ф.Шылера), Сабурава («Адзіны сведка» А. і П.Тур), Патрык Кэмпбел («Мілы лгун» Дж.Кілці), прынцэса Касманопаліс («Салодкагалосая птушка юнацтва» Т.Уільямса), Каханка («Усё скончана» Э.Олбі) і інш. Здымалася ў кіно: «Вайна і мір», «Дваццаць дзён без вайны», «Прызнанне ў каханні» і інш.Дзярж. прэміі СССР 1952, 1977.