ЦЕСНЯКІ́, цесныя сацыялісты,
назва ў 1903—19 балг. сацыял-дэмакратаў, якія вылучыліся з Балг. рабочай с.-д. партыі і ўтварылі ўласную Балг. рабочую с.-д. партыю (цесных сацыялістаў) — БРСДП (ц.с.). Лідэры: Цз.Благоеў, В.Калараў, Г.Дзімітроў. Выступалі за згуртаваную, «цесную» партыю (адсюль назва), прытрымліваліся ідэалогіі рэв. марксізму, але ў адрозненне ад рас. бальшавікоў-ленінцаў не бачылі ў сялянстве саюзніка пралетарыяту, не надавалі важнага значэння дыктатуры пралетарыяту, барацьбу за дэмакратыю не звязвалі з барацьбой за сацыялізм. У час Балканскіх войнаў 1912—13 і 1-й сусв. вайны займалі антываен., інтэрнацыяналісцкія пазіцыі. Віталі Кастр. рэвалюцыю 1917 у Расіі, удзельнічалі ў стварэнні Камуністычнага Інтэрнацыянала. У маі 1919 БРСДП (ц.с.) перайменавана ў Балг. камуніст. партыю (цесных сацыялістаў). Словы «цесных сацыялістаў» захоўваліся ў назве Балг. кампартыі да снеж. 1948.
т. 17, с. 108
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)