МІ́НСКІ АЎТАМАБІ́ЛЬНЫ ЗАВО́Д (МАЗ). Засн. ў 1944 у Мінску, з 1975 галаўное прадпрыемства вытв. аб’яднання па выпуску велікагрузных аўтамабіляў «БелаўтаМАЗ». Першы аўтамабіль МАЗ-205 сышоў з канвеера ў 1947. За час існавання з-да асвоена вытв-сць 5 сем’яў аўтамабіляў — МАЗ-200, МАЗ-500, МАЗ-500А, МАЗ-5335, МАЗ-6422. У 1996 пачаты выпуск аўтамабіляў серыі МАЗ-64221, а з 1997 аўтамабіляў сям’і МАЗ-6430, якія адпавядаюць сучасным міжнар. патрабаванням. Асн. прадукцыя (1999): бартавыя трансп. аўтамабілі, седлавыя цягачы, поўнапрывадныя грузавыя і лесавозныя аўтамабілі, самазвалы, аўтамабілі-шасі. Імпарцёрамі прадукцыі прадпрыемства з’яўляюцца каля 80 краін. Пры з-дзе заснаваны філіялы па вытв-сці аўтобусаў («МАЗ») і прычэпаў («Белаўтапрычэп»). МАЗ стаў родапачынальнікам Беларускага аўтамабільнага завода, Магілёўскага аўтамабільнага завода, мінскіх з-даў колавых цягачоў і рысорнага, Баранавіцкага і Асіповіцкага аўтаагрэгатных з-даў, прадпрыемства «Туртранс» па выпуску прычэпаў-дач і гандл. кузаваў. На міжнар. выстаўках і кірмашах (у Бруселі, 1958; Лейпцыгу, 1980; Плоўдзіве, 1985) аўтамабілі МАЗа адзначаны вышэйшымі ўзнагародамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКАЛЕ́ВІЧ (Леанард Віктаравіч) (н. 5.12.1936, в. Казлоўка Светлагорскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1985). Праф.міжнар. Акадэміі архітэктуры ў Маскве (з 1997). Скончыў БПІ (1961). Працаваў у ін-тах «Брэстграмадзянпраект», «Мінскпраект», у апараце ЦККПБ. З 1976 нам. старшыні Дзяржбуда Беларусі, адначасова (з 1990) кіраўнік персанальнай творчай майстэрні. Асн. работы: у Брэсце — б. Дом палітасветы (1964, цяпер культ. цэнтр), комплекс політэхн. ін-та (1965), жылыя 10-павярховыя дамы па вул. Маскоўскай (1964—75, абодва ў сааўт.), Палац культуры ў калгасе «Савецкая Беларусь» Камянецкага р-на Брэсцкай вобл. (1968); у Мінску — пансіянат СМ Беларусі на Заслаўскім вадасховішчы (1968, цяпер рэзідэнцыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь), комплекс Бел. ун-та культуры (1975) і Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь (1978, усе ў сааўт.), муз. вучылішча імя М.Глінкі (1976), Нацыянальны выставачны цэнтр «БелЭкспа», Палац рэспублікі (1999, будуецца), жылыя дамы па вуліцах Багдановіча з магазінам «Несцерка» (1974), Караля (1970-я г.), Л.Бяды, Някрасава (1990-я г.), помнікі М.Багдановічу (1982), У.І.Леніну ў г. Орша Віцебскай вобл. (1984); серыі тыпавых жылых дамоў і блок-секцый для малых гарадоў Беларусі (1984) — усе ў сааўт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСТАРНА́К (Леанід Восіпавіч) (3.4.1862, г. Адэса, Украіна — 13.6.1945),
расійскі жывапісец, графік. Акад. Пецярбургскай АМ (з 1905). Бацька Б.Л.Пастарнака. Скончыў Новарасійскі ун-т у Адэсе (1885), адначасова вучыўся ў Мюнхенскай АМ. Выкладаў у Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (з 1894). Экспанент Т-ва перасоўных выставак (з 1889). Чл.-заснавальнік аб’яднання «Саюз рускіх мастакоў» (з 1903). З 1921 жыў у Германіі, Вялікабрытаніі. Працаваў у жанры партрэта, станковай і кніжнай графікі. Стварыў цыкл твораў, прысвечаных Л.Талстому, партрэты М.Горкага (1906), А.Скрабіна (1909), С.Рахманінава, Э.Верхарна (абодва 1913), А.Эйнштэйна (1924), Р.М.Рыльке (1926), Л.Карынта (1927), Г.Гаўптмана (1930), цыкл натурных партрэтаў У.І.Леніна і інш. Яго партрэтам уласцівы выразнасць, лаканізм, увага да духоўнага жыцця чалавека. Аўтар ілюстрацый да раманаў «Вайна і мір» і «Уваскрэсенне» Талстога, твораў М.Лермантава, жанравых карцін «Ліст з радзімы» (1889), «Дамоў на радзіму» (1891), «Пасяджэнне савета выкладчыкаў Маскоўскага вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства» (1902), серыі пейзажаў гарадоў Паўн. Еўропы (1908), малюнкаў дзяцей і інш. Творчасці П. ўласцівы эмац. выразнасць, тонкасць каларыту, зварот да пленэрнага жывапісу, праца пры вячэрнім асвятленні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ЎЛАЎ (Іван Мікалаевіч) (17.3.1872, с. Папоўка Тульскай вобл., Расія — 30.8.1951),
расійскі гравёр; адзін з заснавальнікаў рас. каляровай гравюры на дрэве і лінолеуме. Нар. мастак Расіі (1943). Правадз.чл.АМСССР (1947). Вучыўся ў прыватных майстэрнях у Маскве (з 1883), Цэнтр. вучылішчы тэхн. малявання Штыгліца і ў майстэрні В.Матэ (1891—92), у Рысавальнай школе Т-ва заахвочвання мастакоў (з 1893) у Пецярбургу. З 1907 выкладаў У Строганаўскім маст.-прамысл. вучылішчы, з 1915 у Маст. школе пры тыпалітаграфіі т-ва І.Сыціна, у 1917—22 у Дзярж. вольных маст. майстэрнях — Вышэйшых маст.-тэхн. майстэрнях у Маскве. Працаваў у часопісах Пецярбурга, друкарнях А.Ступіна і Сыціна ў Маскве. Чл. Асацыяцыі мастакоў рэв. Расіі. Майстар станковай тонавай гравюры. Сярод твораў: дрэварыты «У карчме», «Крах банка» (абедзве з карцін У.Макоўскага), «Сяброўкі» (з карціны А.Архіпава, усе 1891), «Запарожац» (з эцюда І.Рэпіна, 1895), лінагравюры «Кніжная палата» (1925), серыі «Адыходзячая Русь» (1914), «Адыходзячая Масква» (1915 і 1916), «Маскоўскія дворыкі» (1916), «Астанкіна» (1917), «Правінцыя» (1925), «Старая Масква» (1944—47) і інш.Дзярж. прэмія СССР 1943.
Тв.:
Техника гравюры на дереве и линолеуме. 2 изд. М., 1952 (разам з М.У.Маторыным);
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХЕ́Й (ад грэч. archaios старажытны),
архейская эра і група, самая стараж. эра ў геал. гісторыі Зямлі і адпаведная група парод дакембрыю. Пачалася пасля завяршэння фарміравання Зямлі і доўжылася да 2,5 млрд. гадоў назад (працягласць каля 2 млрд. гадоў). Назву ўвёў амер. геолаг Дж.Дана ў 1872. У археі ўтварылася складана пабудаваная і перапрацаваная магматычнымі і метамарфічнымі працэсамі тоўшча горных парод, сабраная ў складкі і перарваная інтрузіямі. Пароды архея ўваходзяць у склад крышт. фундамента старадаўніх платформаў, выходзяць на паверхню Зямлі на іх шчытах (Балтыйскі шчыт, Украінскі шчыт, Канадскі, Бразільскі і інш.) і ў сярэдзінных масівах геасінклінальных паясоў. Сярод метамарфічных парод архея пашыраны гнейсы, крышт. сланцы, амфібаліты, кварцыты, у т. л. жалезістыя, мармуры і слабаметамарфізаваныя зялёнасланцавыя пароды; сярод магматычных — граніты, гранадыярыты, дыярыты, габра, таматыіты і інш. У пародах архея трапляюцца рэшткі аднаклетачных водарасцяў (узрост каля 3 млрд. гадоў). Тыповымі рэгіянальнымі стратыграфічнымі падраздзяленнямі архея для Усходне-Еўрапейскай платформы прыняты саамскі (беламорскі) і лопскі комплексы. На Беларусі вылучаюць шчучынскую і кулажынскую серыі. Пароды архея залягаюць на рознай глыбіні: 80—160 м на Беларускай антэклізе, да 6000 м у Прыпяцкім прагіне. З археем звязаны радовішчы храмітаў і жалеза, медна-нікелевых і медна-калчаданавых рудаў, марганцу, золата, карунду, графіту і інш., на Беларусі — ільменіт-магнетытавыя руды Навасёлкаўскага радовішча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМЫ́КА (Віктар Аляксандравіч) (н. 1.1.1923, в. Сенькава Магілёўскага р-на),
бел. жывапісец, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1970). Нар. мастак Беларусі (1992). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1958), з 1959 выкладае ў ім жа (праф. з 1982; з 1991 Бел.АМ). Тэматычныя карціны «Салдаты» (1967), «1941 год. Над Прыпяццю» (1970), «Жанчынам Вялікай Айчыннай прысвячаецца» (1972), «Песня аб маім атрадзе» (1978), «Яблыкі ўраджаю 1941 года» (1987) і інш. вылучаюцца рамантызмам, сімвалічнасцю вобразаў, метафарычнасцю, гармоніяй кампазіцыі і колеру. У яго творах сінтэз тонкага лірычнага пачуцця з эпічнай шырынёй абагульненняў, жаданнем звязаць сучаснасць з бел. мінуўшчынай: «Халодны дзень. Браслаўшчына» (1963), «Ільны беларускія», «Чырвоныя землі Полаччыны» (абодва 1970), «На радзіме Янкі Купалы», «Глубелька — сэрца блакітных азёраў Беларусі» (абодва 1975), «Якое надвор’е будзе заўтра» (1988), «Над старымі акопамі цішыня» (1995). Аўтар серыі партрэтаў «Людзі цаліннага краю» (1963), партрэтаў Я.Брыля (1968), бацькі (1977), камісара А.Ф.Юр’ева (1982), В.Быкава (1984), аўтапартрэт (1988). Сярод пейзажаў: «Ружовы сакавік» (1974), «Над ракой Бобр крычаць жураўлі», «Месячная ноч бухты Чэхава» (абодва 1985), «Ліпень пахне травамі» (1990), «На схіле дня» (1996) і інш.
Літ.:
Бойка У.А. В.А.Грамыка. Мн., 1979;
В.А.Громыко: Красные земли Полотчины: [Альбом]. М., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРО́БАЎ (Леанід Ніканоравіч) (н. 6.8.1926, в. Растаў Акцябрскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. мастацтвазнавец і жывапісец. Д-р мастацтвазнаўства (1984), праф. (1987). Скончыў БДУ (1958), Бел.тэатр.-маст.ін-т (1965). З 1964 заг. аддзела выяўл. мастацтва Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац.АН Беларусі. Даследуе бел. жывапіс 19—20 ст. Аўтар кніг па гісторыі бел. жывапісу, манаграфій пра бел. мастакоў А.Мазалёва (1976), А.Шаўчэнку (1980); рэдактар і аўтар асобных артыкулаў у «Гісторыі мастацтва народаў СССР» (т. 5—9, 1972—82; залаты медаль АМСССР, 1982), «Гісторыі беларускага мастацтва» (т. 1—6, 1987—94; Дзярж. прэмія Беларусі 1996). Аўтар сюжэтна-тэматычных работ «Камбед» (1968), «Партызанская кухня» (1965), «Аўтапартрэт» (1972), «Успаміны аб юнацтве» (1973), «Прэлюдыя» (1983), партрэтаў П.Ф.Глебкі (1971), «Групавы партрэт беларускіх пісьменнікаў» (1987), пейзажаў «Крым. Гурзуф» (1970-я г.), «Роднае Палессе», «На рацэ Пціч», «Старая дарога на Парэчча», серыі «Міншчына», «Віцебшчына» (усе 1990-я г.) і інш.
Тв.:
Беларускія мастакі XIX ст.Мн., 1971;
Искусство Белорусской ССР: [Альбом]. Л., 1972;
Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974;
Живопись Советской Белоруссии (1917—1975 гг.). Мн., 1979;
Сучасны беларускі партрэт. Мн., 1982.
Літ.:
Фатыхава Г. Дарога за небакрай // Мастацтва Беларусі 1988. № 5.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВЕ́ХІ», «Вехи: Сборник статей о русской интеллигенции». Выдадзены ў 1909 у Маскве групай рас.рэліг. філосафаў і публіцыстаў. Да крас. 1910 перавыдадзены 4 разы. Аўтары С.М.Булгакаў, М.А.Бярдзяеў, М.В.Гершэнзон, А.С.Ізгоеў, Б.А.Кісцякоўскі, П.Б.Струве, С.Л.Франк выступалі з крытыкай ідэалогіі і практ. установак рэвалюцыйна і сацыялістычна настроенай інтэлігенцыі — атэіст. матэрыялізму, паліт. радыкалізму і насілля. Зыходным пунктам «вехаўскай» крытыкі быў тэзіс, што ўнутр. духоўна-рэліг. жыццё асобы з’яўляецца «адзінай творчай сілай чалавечага быцця», «трывалым базісам», на якім можна ўзвесці будынак грамадскіх адносін. На думку аўтараў, класавая барацьба і сац. рэвалюцыя катастрафічныя і гібельныя для грамадства, а ідэалогія адмаўлення абсалютных каштоўнасцей, вера ў зямны рай і ідэалізацыя народа (у марксізме — пралетарыяту), грэбаванне інтарэсамі асобнага чалавека паказалі сваю нежыццяздольнасць, завялі рас. грамадства ў тупік. У процівагу рэв. ідэалогіі «Вехі» прапанавалі «пазітыўную праграму», асн. палажэннямі якой былі прызнанне дэмакр. інтэлігенцыяй асабістай адказнасці за тое, што адбываецца ў грамадстве, самаўдасканаленне асобы на аснове рэліг.-культ. каштоўнасцей, паступовая змена сац. і эканам. умоў жыцця людзей. «Вехі» сталі ключавым зборнікам у аб’яднанай аўтарствам Струве, Бярдзяева, Булгакава і Франка серыі («Праблемы ідэалізму», 1902, «Вехі», 1909, «З глыбіні», 1918).
Публ.:
Вехи: Сб. ст. о рус. интеллигенции. Репр. изд. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫЛА́ТАЯ РАКЕ́ТА,
беспілотны лятальны апарат, траекторыя якога акрэсліваецца аэрадынамічнай пад’ёмнай сілай крыла, цягай рэактыўнага рухавіка і сілай цяжару; від сучаснай высокадакладнай дальнабойнай зброі (звычайна аднаразовага дзеяння). Адносіцца да сродкаў паветр. нападзення. Адрозніваюць К.р. наземнага, паветранага і марскога базіравання. Мае звычайную або ядзерную баявую частку магутнасцю да 200 кт; замест яе можа размяшчацца апаратура разведкі або электроннага процідзеяння (гл.Ракета).
К.р. з’явіліся напярэдадні 2-й сусв. вайны. У СССР у 1934—38 ракетным НДІ пад кіраўніцтвам С.П.Каралёва распрацавана серыя эксперым. К.р. Палёт ракеты гэтай серыі класа «Зямля—Зямля» адбыўся ў студз. 1939. У час 2-й сусв. вайны Германія выкарыстоўвала К.р. (самалёт-снарад ФАУ-1 і інш.) для нанясення паветр. удараў па аб’ектах Вялікабрытаніі.
У 1970-я г. развіццю і ўдасканаленню К.р. садзейнічала ўкараненне турбавентылятарных рэактыўных рухавікоў. Яны забяспечвалі палёт К.р. са скорасцю да 900 км/гадз на адлегласць больш за 2,6 тыс.км, а таксама ў шчыльных слаях атмасферы на вышыні 30—100 м з агінаннем рэльефу мясцовасці. Высокая дакладнасць навядзення К.р. на цэль забяспечваецца навігацыйнымі сістэмамі тыпу «Тэрком» і «Наўстар» (ЗША), «Глонас» (Расія) і інш. Знаходзіцца на ўзбраенні ЗША, Расіі і інш. краін. К.р. тыпу «Тамагаўк» і «АЛКМ» выкарыстаны ЗША у час Кувейцкага крызісу 1990—91, а таксама ў інш. канфліктах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНТЭ́НЬЯ ((Mantegna) Андрэа) (1431, П’яцола-сул-Брэнта, Італія — 13.9.1506),
італьянскі жывапісец і гравёр ранняга Адраджэння; прадстаўнік падуанскай школы. Вучыўся ў няроднага бацькі Ф.Скварчоне ў Падуі (1441—48). Зазнаў уплывы Данатэла, А. дэль Кастаньё, венецыянскай школы жывапісу. Вывучаў ант. мастацтва, захапляўся археалогіяй і эпіграфікай. Яго творы адметныя пластычнасцю форм і строгасцю лінейнага ладу, трохвымернасцю перадачы прасторы і аб’ёмаў, велічнай урачыстасцю і драматызмам вобразаў. Размалёўкі капэлы Аветары ў царкве Эрэмітані ў Падуі (1449—55), трыпціх у царкве Сан-Дзена Маджорэ ў Вероне (1457—59) вызначаюцца архітэктанічнасцю кампазіцыі і смелымі ракурсамі фігур, гарманічным каларытам. З 1460 жыў у Мантуі пры двары Л.Ганзага. У размалёўках «Камеры дэльі Спозі» ў замку Сан-Джорджа (1474) праз стварэнне ілюзіяністычных эфектаў (імітацыя круглага акна ў столі і інш.) дасягнуў сінтэзу архітэктуры і жывапісу. У серыі манахромных кардонаў «Трыумф Цэзара» (1485—88, 1490—92) аскетызм жывапісу М. вылучаецца асаблівай выразнасцю. Ант. рэмінісцэнцыі ўвасобіў у алегарычна-міфалагічных карцінах «Парнас» (1497), «Самсон і Даліла» (1500-я г.). У палотнах «Св. сям’я са св. Альжбетай і Янам Хрысціцелем» (паміж 1495—1500) і «Мёртвы Хрыстос» (1500) стварыў драм. вобразы, натхнёныя ант. традыцыяй. Графічныя творы: серыя медзярытаў «Бітва марскіх багоў» (каля 1470), малюнак «Юдзіф» (1491) і інш.