ФУНДА́МЕНТ у геалогіі,

ніжні структурны ярус платформы. Складзены з метамарфізаваных, гранітызаваных, змятых у складкі і разбітых разломамі парод, пранізаных інтрузіямі. Утвараецца на даплатформавай стадыі развіцця зямной кары. Ф. стараж. платформ (кратонаў) мае дакембрыйскі (пераважна раннедакембрыйскі, больш за 1,6 млрд. гадоў) узрост; для яго характэрны гранулітавая і амфібалітавая фацыі рэгіянальнага метамарфізму і моцная гранітызацыя парод (Ф. крышталічны). Ф. маладых платформ мае познадакембрыйскі або фанеразойскі ўзрост, складзены са слаба метамарфізаваных, інтэнсіўна дыслацыраваных парод (складкавая аснова). З крышт. Ф. звязаны асн. радовішчы рудных і нярудных карысных выкапняў. На Беларусі крышт. Ф. складзены з парод шчучынскай серыі і рудзьмянскай тоўшчы архею, аколаўскай і жыткавіцкай серый ранняга пратэразою, агаляецца на невял. плошчы на Пд, каля в. Глушкавічы Лельчыцкага р-на (паўн. ўскраіна Украінскага шчыта).

І.​В.​Найдзянкоў.

т. 16, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)