прадукт працы, выраблены для задавальнення патрэб грамадства шляхам куплі-продажу ці абмену на рынку. Прадукт працы становіцца Т. ва ўмовах грамадскага падзелу працы і адасаблення вытворцаў на выраб якога-н. прадукту. Т. мае вартасць і спажывецкую вартасць. Паводле К.Маркса, 2 бакі Т. абумоўлены дваістым характарам, увасобленай у ім працы. Спажывецкая вартасць утвараецца вызначанай карыснай працай работніка пэўнай спецыяльнасці (канкрэтная праца) і складае рэчавы змест багацця кожнага грамадства. Вартасць утвараецца абстрактнай працай — затратай інтэлектуальнай, нервовай, мускульнай энергіі таваравытворцы наогул, незалежна ад канкрэтнай формы праяўлення. У адпаведнасці з працоўнай тэорыяй вартасці (А.Сміт, Д.Рыкарда, К.Маркс) спажывецкая вартасць з’яўляецца носьбітам вартасці, але паміж імі існуе ўнутр. супярэчнасць. Як спажывецкія вартасці розныя Т. якасна разнародныя і колькасна несувымерныя, як вартасці — аднародныя. Гэтая агульная ўласцівасць (арэчаўленая грамадская праца) дае магчымасць прыраўноўваць Т. адзін да аднаго і абменьваць яго ў адпаведных прапорцыях (гл.Менавая вартасць). Прадстаўнікі гранічнай карыснасці тэорыі (К.Менгер, О.Бём-Баверк, Ф.Візэр і інш.) у сваіх даследаваннях найперш вылучаюць ролю карыснасці Т. пры абмене, паводзіны чалавека на рынку. Яны лічаць, што у аснове абмену знаходзіцца не вартасць, а карыснасць Т., якая і вызначае велічыню яго каштоўнасці. Узровень карыснасці Т. знаходзіцца ў адваротнай залежнасці ад яго колькасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭКАНАМІ́ЧНАЯ КАРТАГРА́ФІЯ,
раздзел картаграфіі, звязаны з сацыяльна-эканамічнай геаграфіяй, эканамічнай геаграфіяй і нар.-гасп. практыкай. Даследуе метады стварэння эканамічных карт і атласаў, распрацоўвае спосабы адлюстравання на картах эканам. з’яў. Выкарыстоўвае прынцыпы і матэрыялы картаграфіі (тапагр. і геагр. аснова карт, метады стварэння карт і спосабы картаграфічнага адлюстравання, картаграфічнай генералізацыі і інш.), сац.-эканам. геаграфіі (змест карт), сац.-эканам. статыстыкі (метады апрацоўкі статыст. матэрыялу).
Тэорыя Э.к. ў СССР мела найб. развіццё ў пач. 1930-х г. ва ўмовах хуткага росту гаспадаркі рэспублік, эканам. раёнаў і галін нар. гаспадаркі (працы М.М.Баранскага, А.І.Праабражэнскага, М.І.Нікішова і інш.). У сучаснай Э.к. важнае значэнне маюць матэм.-картаграфічнае мадэліраванне, аўтаматызацыя і стварэнне адзіных геагр. фондаў даных, матэрыялы касм. здымак і інш.
Пры стварэнні Нац. атласа Беларусі (2002) былі складзены эканам. карты: прам-сці (маштаб 1:2 000 000; уключае размеркаванне прадпрыемстваў прам-сці паводле яе галін на тэр. рэспублікі); асн. галін прам-сці (маштаб 1:2 000 000—1:6 000 000; электраэнергетыка, паліўная, хім. і нафтахім. прам-сць і інш.); знешнегандлёвага абароту (маштаб 1:50 000 000); спецыялізацыі сельскай гаспадаркі (маштаб 1:2 000 000) і інш.
Літ.:
Баранский Н.Н., Преображенский А.И. Экономическая картография. М., 1962.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭРНАЦЫЯНАЛІ́ЗМ,
міжнародная салідарнасць людзей розных нацый і рас, аснова іх сумеснага выжывання на планеце, узаемнага даверу, узаемаразумення, узаемапранікнення культур, каштоўнасцей, ведаў, тэхналогій. І. адмаўляе тэзіс пра існаванне «вышэйшых» і «ніжэйшых», «лепшых» і «горшых» народаў. У сучасным свеце І. знаходзіць сваё ідэйнае, паліт. і арганізац. афармленне ў выглядзе выяўлення салідарнасці інтарэсаў, мэт і дзеянняў, што практычна існуюць у кожным грамадстве. У 2-й пал. 19—20 ст. на сусв. грамадска-паліт. падзеі і на жыццё шматлікіх краін значны ўплыў аказваў І. міжнар. рабочага, сацыяліст. і камуніст. руху (тэарэт. распрацаваны ў працах К.Маркса, Ф.Энгельса і У.І.Леніна), што склаўся на аснове с.-д. і сацыяліст. руху, адыграў станоўчую ролю ў пашырэнні ў розных краінах свету сац. заканадаўства, у рэфармаванні некат. бакоў грамадскага жыцця, палітыкі, асветы. Актывізацыя міжнар. сувязей паміж ліберальнымі, кансерватыўнымі, клерыкальнымі паліт. партыямі і аб’яднаннямі пасля 2-й сусв. вайны суправаджаецца стварэннем адпаведных форм і прынцыпаў міжнар. салідарнасці. На працягу многіх дзесяцігоддзяў у свеце дзейнічаюць анархісцкія, фашысцкія, тэрарыст. арг-цыі, якія таксама кіруюцца сваімі кодэксамі І. У апошняй чвэрці 20 ст. інтэнсіўна фарміруецца экалагічны І., гал.змест якога — забеспячэнне шляхам развіцця эканам. свядомасці адзінства дзеянняў шматлікіх грамадска-паліт. аб’яднанняў, партый, а таксама ўрадаў з мэтай абароны прыроднага асяроддзя ад разбуральных уплываў сучаснай цывілізацыі. І. як прынцып міжнар. адзінства роўных суб’ектаў грамадска-паліт. жыцця супрацьстаіць касмапалітызму, а таксама нацыяналізму і этнацэнтрызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНО́Ну літаратурна-мастацкай творчасці,
сукупнасць устаноўленых норм і правіл, якія вызначаюць змест і структуру асобных метадаў, кірункаў і жанраў мастацтва, мадэлі выяўлення рэчаіснасці ў дыяпазоне асн.эстэт. катэгорый. Упершыню тэарэтычна абгрунтаваны ў 5 ст. да н.э. Паліклетам у трактаце «Канон». Універсальнае значэнне К. характэрна для традыц.маст. культуры (ант., сярэдневяковай царкоўнай), для нарматыўнай эстэтыкі класіцызму, нар. творчасці, л-ры ў жанрах гімнаграфіі, санета, акраверша і інш. твораў з дакладна вызначанай кампазіцыяй. Дэкананізацыя эстэтыкі і мастацтва пачалася ў эпоху Асветніцтва, рэалізму і асабліва мадэрнізму. Кананічныя традыцыі часткова захаваліся (правіла залатога сячэння ў архітэктуры і выяўл. мастацтве, іканаграфічная стылізацыя, класічныя жанры паэзіі і інш.). На эстэтыку бел. сярэдневяковага і царк. мастацтва паўплывалі візант. К. [культавая архітэктура і жывапіс, біблейскія тэксты, агіяграфічная л-ра (гл.Жыціе), царк. музыка і гімнаграфія] і традыцыі этнічнай культуры. У пач. 19—20 ст. сфарміраваліся ўзоры бел. класічнага фальклору, апісаны аўтэнтычныя абрады, міфы і міфалагемы, якія паслужылі архетыпамі для сюжэтаў, вобразаў і матываў новай бел. л-ры. Кананічнымі формамі сусветнай паэзіі бел. л-ру ўзбагацілі Я.Купала, М.Багдановіч і інш.Гл. таксама Кананічная літаратура.
Літ.:
Лосев А.Ф. О понятии художественного канона // Проблемы канона в древнем и средневековом искусстве Азии и Африки. М., 1973;
Конан У.М. Архетыпы нашай культуры // Адукацыя і выхаванне. 1996. № 1, 3—11.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕРАЖКО́ЎСКІ Дзмітрый Сяргеевіч (14.8.1866, С.-Пецярбург — 9.12.1941),
рускі пісьменнік, літаратуразнавец, рэлігійны філосаф. Муж З.Гіпіус. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1888). Адзін з арганізатараў рэлігійна-філас. сходаў 1901—03 з мэтай зблізіць рас. інтэлігенцыю з царквой. У 1920 эмігрыраваў, жыў у Парыжы. У Вял.Айч. вайну калабарацыяніст. Друкаваўся з 1881. Ранняя лірыка (зб. «Вершы, 1883—1887», 1888) блізкая да паэзіі С.Надсана. У эстэт. маніфесце рус. сімвалізму «Пра прычыны ўпадку і пра новыя плыні сучаснай рускай літаратуры» (1893) развіваў канцэпцыю «новага мастацтва», асн. элементамі якой лічыў «містычны змест» і «сімвалы». Паэт. дэкларацыя — зб. «Сімвалы» (1892). У трылогіі «Хрыстос і Антыхрыст» (1895—1905), рамане «Аляксандр I» (кн. 1—2, 1911—12), п’есе «Павел I» (1908) і інш. асэнсаванне сусв. гісторыі як вечнай барацьбы двух пачаткаў — Хрыста і Антыхрыста, двух сістэм маральных каштоўнасцей. На аналагічнай апазіцыі будуюцца і яго літ.-крытычныя даследаванні: «Л.Талстой і Дастаеўскі» (т. 1—2, 1901—02), «Дзве тайны рускай паэзіі» (1915, пра М.Някрасава і Ф.Цютчава) і інш. Аўтар прац «Наступны Хам» (1906), «Не мір, але меч. Да будучай крытыкі хрысціянства» (1908), гіст.-рэліг. эсэ і інш. П’еса «Хрыстос і Антыхрыст (Царэвіч Аляксей)» Б.Луцэнкі і У.Рудава паводле рамана М. «Пётр і Аляксей» паст.Дзярж.рус.драм.т-р (1991).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕБЫЛІ́ЦЫ,
фальклорныя празаічныя і вершаваныя творы жартоўнага характару, рознай жанравай прыналежнасці, якія адлюстроўваюць рэчаіснасць са знарочыстым парушэннем храналагічнай паслядоўнасці падзей, прычынна-выніковых сувязей і г.д., чым ствараюць поўны недарэчнасцей маст. малюнак свету. Для іх характэрны сатыра, дасціпны гумар, гратэск, гіпербалізацыя. Прынцыпы небылічнасці часта выкарыстоўваюцца ў жартоўных і вясельных песнях, дзіцячым фальклоры, выслоўях, зрэдку ў баладах і былінах: «Нашы сваты ды ня ехалі, // Нашы сваты ды пяшком ішлі, // Маладога ды мяшком няслі»; «Пашый жа мне, мілы, з пяску чаравічкі. // Насучы мне дратвы з дажджавых кропляў». У некат. выпадках Н. могуць быць гал. сюжэтаўтваральным элементам. Уключаюцца, напр., у казку як яе частка. Элементы Н. могуць быць таксама ў казачных зачынах і канцоўках. Паказальнікі казачных сюжэтаў фіксуюць сюжэты і матывы Н. пад № 1875—1999. Вядомыя бел. казкі пра мужыка, што лётаў на журавах, пра чалавека, што выбраўся з багны, цягнучы сябе за чуб, і інш.Асн.змест вершаваных Н. у гульні недарэчнасцямі, што ўзнікаюць пры перастаноўках (метатэзе) рознага характару. Вершаваныя Н., «Н.-скамарошыны» часта спяваюцца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́ЗКАЕў мастацтве,
эстэтычная катэгорыя, якая служыць для ацэнкі мізэрных з’яў быцця і маст. выяўлення бездухоўнасці ў грамадскім жыцці. У дачыненні да чалавечых учынкаў з’яўляецца крайняй ступенню агіднага і мае выразны маральна-этычны змест. Суадносіцца з камічным, процілеглае ўзнёсламу.
Для стараж., у т. л. антычнай, маст. свядомасці ўзнёслае і Н., як прыгожае і агіднае, мелі абс. характар, які пазбаўляў іх дынамікі і ўзаемапераходнасці. Сярэдневяковая хрысц. эстэтыка выпрацавала іерархію эстэт. каштоўнасцей: на яе вяршыні змяшчаўся боскі свет, а каля яе падножжа — нізкае матэрыяльнае быццё. Чалавек у гэтай іерархіі займаў прамежкавы стан, і ў яго душы адбывалася барацьба паміж узнёсла-духоўным і матэрыяльна-нізкім. Рэнесансавае мастацтва праўдзіва адлюстравала складанасць жыцця, у якім узнёслае і Н. нярэдка суіснуюць або мяняюцца месцамі. Тэарэтыкі класіцызму абгрунтоўвалі паняцце высокага і нізкага стыляў, якія былі маст. адпаведнікамі «высокага» (арыстакратычнага) і «нізкага» (простанароднага) ладаў жыцця. У л-ры крытычнага рэалізму значнае месца заняло праўдзівае выяўленне пачварных, нізкіх з’яў грамадскага быцця.
У гісторыі бел.маст. культуры катэгорыя Н. разам з камічным і агідным выявілася ў фальклоры, у чарадзейных казках. Фальклорны прыём травестацыі (зніжэнне афіц. высокага, перавод яго ў «матэрыяльна-цялесны план» па-майстэрску выявілі ананімныя паэмы «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе». В.Дунін-Марцінкевіч, пісьменнікі рэв.-дэмакр. кірунку (Ф.Багушэвіч, Я.Купала, Я.Колас і інш.) напоўнілі паняцце Н. глыбокім сац. гучаннем, выкарыстоўвалі яго для крытыкі негатыўных з’яў у жыцці грамадства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕМІЁТЫКА (грэч. sēmeiōtikon ад sēmeion знак, адзнака), семіялогія,
навука, што вывучае ўласцівасці знакавых сістэм ці знакаў, кожнаму з якіх пэўным чынам надаецца пэўнае значэнне. Даследуе асн. характарыстыкі любых знакаў і іх спалучэнняў (слоў і словазлучэнняў, метафар паэт. моў, хім. і матэм. сімвалаў) і сістэм знакаў (вусных і пісьмовых натуральных моў, штучных лагічных і машынных моў, моў паэт. школ і інш.).
Асн. прынцыпы С. сфармуляваны ў 2-й пал. 19 ст.амер. логікам Ч.Пірсам і швейцарскім лінгвістам Ф. дэ Сасюрам (разглядаў мовазнаўства як частку С.). У сучаснай С. вылучаюць З састаўныя часткі: сінтактыку (вывучае адносіны паміж самімі знакамі), семантыку (разглядае заканамернасці адносін паміж знакам і яго сэнсам) і прагматыку (даследуе адносіны паміж знакамі і тымі, хто іх выкарыстоўвае). С., што ўзнікла як лагічная навука, паўплывала на развіццё не толькі мовазнаўства, але стала агульным метадам для шэрагу даследаванняў у мастацтвазнаўстве, літ.-знаўстве і агульнай тэорыі культуры. Універсальнасць семіятычнага падыходу заснавана на тым, што па сутнасці ўся інфармацыя, якую набывае чалавек на працягу жыцця (у выніку практычнай дзейнасці, засваення мовы і г.д.) і якая складае асн.змест яго разумення, уяўляе сабой адлюстравальна-знакавую сістэму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕНСУАЛІ́ЗМ (франц. sensualisme ад лац. sensus успрыняцце, пачуццё, адчуванне),
кірунак у тэорыі пазнання, які прызнае адчуванне адзінай крыніцай аб’ектыўных ведаў. Зместпазнання і свядомасці імкнецца вывесці з дзейнасці органаў пачуццяў і іх сведчанняў. Элементы С. прысутнічаюць у філасофіі Стараж. Індыі (вучэнне чарвака), Стараж. Кітая (маізм), Стараж. Грэцыі (Геракліт, часткова Дэмакрыт і Арыстоцель). У гісторыі філасофіі сфарміраваліся 2 процілеглыя плыні С.: ідэаліст. і матэрыялістычная. Ідэалістычны С. разглядае пачуццёвую дзейнасць чалавека як самаст. і самадастатковую сферу свядомасці. Яго вытокі ў вучэнні Пратагора, які абвяшчаў пачуццёвае ўспрыманне адзінай крыніцай ведаў аб уласным стане чалавека; пазнанне знешніх прычын гэтых станаў ён лічыў немагчымым. Матэрыялістычны С. разглядае пачуццёвую дзейнасць чалавека як сувязь яго свядомасці са знешнім светам, а сведчанні органаў пачуццяў — адлюстраваннем навакольнага асяроддзя. Асновы паслядоўнага матэрыяліст. С. сфармуляваны Эпікурам. Асноўны прынцып С. стоікаў — «няма нічога ў розуме, чаго б раней не было ў пачуццях». Прадстаўнікі матэрыяліст. С. 17 ст. — П.Гасендзі, Т.Гобс, Дж.Лок, ідэаліст. С. — Дж.Берклі. Сенсуалісты матэрыяліст. кірунку 18 ст. сцвярджалі, што крыніцай ведаў служаць адчуванні, якія параджаюцца шляхам уздзеяння матэрыяльных прадметаў на органы пачуццяў чалавека (франц. матэрыялісты Ж.Ламетры, К.Гельвецый, Д.Дзідро, П.Гольбах). Ням. філосаф Л.Феербах лічыў, што адчуванні маюць суб’ектыўны характар, але іх аснова аб’ектыўная, заключана ў матэрыяльным свеце. Сучасныя тэорыі пазнання спалучаюць С. і рацыяналізм і аналізуюць іх узаемасувязь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІ́МВАЛ (ад грэч. symbolon знак, апазнавальная прыкмета),
універсальны вобраз, знак, які ўвасабляе пэўную ідэю. Ствараецца чалавекам у працэсе пазнання рэчаіснасці і развіцця культуры. Форма С. не мае непасрэднай сувязі з адлюстраваным ім зместам. У адрозненне ад інш. відаў знакаў С. мае пачуццёва-наглядную форму, а сувязь паміж формай і закладзеным у ёй сэнсам не з’яўляецца адвольнай. У маст. культуры С. з’яўляецца адным з гал. сродкаў выяўлення духоўных і эстэт. каштоўнасцей, аўтарскай мадэлі свету. На пэўных этапах развіцця мастацтва С. прэваліравалі ў маст. мове (напр., сярэдневяковае мастацтва, сімвалізм). У адрозненне ад алегорыі С. не мае рацыянальнай формулы, разлічанай на адназначную трактоўку. Сэнсавая струк» тура С. шматзначная і прадугледжвае актыўнае ўспрыняцце суб’ектам. Праблема С. разглядалася ўжо ў ант. філасофіі (Платон). У сярэдневяковай філасофіі навакольнае асяроддзе тлумачылася як С. сутнасці Бога (Псеўда-Дыянісій Арэапагіт). Эстэт. асэнсаванне С. прапанавана тэарэтыкамі ням. рамантызму, якія проціпастаўлялі С. алегорыі (Ф.Шэлінг, Ф.Крэйцэр) і бачылі ў ім аснову паэт. творчасці (Ф.Шлегель). Рацыяналістычную трактоўку С. прапанаваў Г.Гегель, які разглядаў С. пераважна ў якасці знака. Прыхільнікі псіхааналізу трактуюць С. як форму выяўлення псіхапаталагічнага сімптому асобы (З.Фрэйд) ці ўстойлівых форм калектыўнага бессвядомага — архетыпаў (К.Г.Юнг). Ням. філосаф Э.Касірэр пашырыў змест паняцця С. і разглядаў у якасці сімвалічных усе формы дзейнасці чалавека (мову, рэлігію, мастацтва і навуку).