КАНО́Н у літаратурна-мастацкай творчасці,
сукупнасць устаноўленых норм і правіл, якія вызначаюць змест і структуру асобных метадаў, кірункаў і жанраў мастацтва, мадэлі выяўлення рэчаіснасці ў дыяпазоне асн. эстэт. катэгорый. Упершыню тэарэтычна абгрунтаваны ў 5 ст. да н.э. Паліклетам у трактаце «Канон». Універсальнае значэнне К. характэрна для традыц. маст. культуры (ант., сярэдневяковай царкоўнай), для нарматыўнай эстэтыкі класіцызму, нар. творчасці, л-ры ў жанрах гімнаграфіі, санета, акраверша і інш. твораў з дакладна вызначанай кампазіцыяй. Дэкананізацыя эстэтыкі і мастацтва пачалася ў эпоху Асветніцтва, рэалізму і асабліва мадэрнізму. Кананічныя традыцыі часткова захаваліся (правіла залатога сячэння ў архітэктуры і выяўл. мастацтве, іканаграфічная стылізацыя, класічныя жанры паэзіі і інш.). На эстэтыку бел. сярэдневяковага і царк. мастацтва паўплывалі візант. К. [культавая архітэктура і жывапіс, біблейскія тэксты, агіяграфічная л-ра (гл. Жыціе), царк. музыка і гімнаграфія] і традыцыі этнічнай культуры. У пач. 19—20 ст. сфарміраваліся ўзоры бел. класічнага фальклору, апісаны аўтэнтычныя абрады, міфы і міфалагемы, якія паслужылі архетыпамі для сюжэтаў, вобразаў і матываў новай бел. л-ры. Кананічнымі формамі сусветнай паэзіі бел. л-ру ўзбагацілі Я.Купала, М.Багдановіч і інш. Гл. таксама Кананічная літаратура.
Літ.:
Лосев А.Ф. О понятии художественного канона // Проблемы канона в древнем и средневековом искусстве Азии и Африки. М., 1973;
Конан У.М. Архетыпы нашай культуры // Адукацыя і выхаванне. 1996. № 1, 3—11.
У.М.Конан.
т. 7, с. 588
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)