НІ́ЗКАЕ ў мастацтве,
эстэтычная катэгорыя, якая служыць для ацэнкі мізэрных з’яў быцця і маст. выяўлення бездухоўнасці ў грамадскім жыцці. У дачыненні да чалавечых учынкаў з’яўляецца крайняй ступенню агіднага і мае выразны маральна-этычны змест. Суадносіцца з камічным, процілеглае ўзнёсламу.
Для стараж., у т. л. антычнай, маст. свядомасці ўзнёслае і Н., як прыгожае і агіднае, мелі абс. характар, які пазбаўляў іх дынамікі і ўзаемапераходнасці. Сярэдневяковая хрысц. эстэтыка выпрацавала іерархію эстэт. каштоўнасцей: на яе вяршыні змяшчаўся боскі свет, а каля яе падножжа — нізкае матэрыяльнае быццё. Чалавек у гэтай іерархіі займаў прамежкавы стан, і ў яго душы адбывалася барацьба паміж узнёсла-духоўным і матэрыяльна-нізкім. Рэнесансавае мастацтва праўдзіва адлюстравала складанасць жыцця, у якім узнёслае і Н. нярэдка суіснуюць або мяняюцца месцамі. Тэарэтыкі класіцызму абгрунтоўвалі паняцце высокага і нізкага стыляў, якія былі маст. адпаведнікамі «высокага» (арыстакратычнага) і «нізкага» (простанароднага) ладаў жыцця. У л-ры крытычнага рэалізму значнае месца заняло праўдзівае выяўленне пачварных, нізкіх з’яў грамадскага быцця.
У гісторыі бел. маст. культуры катэгорыя Н. разам з камічным і агідным выявілася ў фальклоры, у чарадзейных казках. Фальклорны прыём травестацыі (зніжэнне афіц. высокага, перавод яго ў «матэрыяльна-цялесны план» па-майстэрску выявілі ананімныя паэмы «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе». В.Дунін-Марцінкевіч, пісьменнікі рэв.-дэмакр. кірунку (Ф.Багушэвіч, Я.Купала, Я.Колас і інш.) напоўнілі паняцце Н. глыбокім сац. гучаннем, выкарыстоўвалі яго для крытыкі негатыўных з’яў у жыцці грамадства.
У.М.Конан.
т. 11, с. 330
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)