ТАВА́Р,

прадукт працы, выраблены для задавальнення патрэб грамадства шляхам куплі-продажу ці абмену на рынку. Прадукт працы становіцца Т. ва ўмовах грамадскага падзелу працы і адасаблення вытворцаў на выраб якога-н. прадукту. Т. мае вартасць і спажывецкую вартасць. Паводле К.​Маркса, 2 бакі Т. абумоўлены дваістым характарам, увасобленай у ім працы. Спажывецкая вартасць утвараецца вызначанай карыснай працай работніка пэўнай спецыяльнасці (канкрэтная праца) і складае рэчавы змест багацця кожнага грамадства. Вартасць утвараецца абстрактнай працай — затратай інтэлектуальнай, нервовай, мускульнай энергіі таваравытворцы наогул, незалежна ад канкрэтнай формы праяўлення. У адпаведнасці з працоўнай тэорыяй вартасці (А.​Сміт, Д.​Рыкарда, К.​Маркс) спажывецкая вартасць з’яўляецца носьбітам вартасці, але паміж імі існуе ўнутр. супярэчнасць. Як спажывецкія вартасці розныя Т. якасна разнародныя і колькасна несувымерныя, як вартасці — аднародныя. Гэтая агульная ўласцівасць (арэчаўленая грамадская праца) дае магчымасць прыраўноўваць Т. адзін да аднаго і абменьваць яго ў адпаведных прапорцыях (гл. Менавая вартасць). Прадстаўнікі гранічнай карыснасці тэорыі (К.​Менгер, О.​Бём-Баверк, Ф.​Візэр і інш.) у сваіх даследаваннях найперш вылучаюць ролю карыснасці Т. пры абмене, паводзіны чалавека на рынку. Яны лічаць, што у аснове абмену знаходзіцца не вартасць, а карыснасць Т., якая і вызначае велічыню яго каштоўнасці. Узровень карыснасці Т. знаходзіцца ў адваротнай залежнасці ад яго колькасці.

А.​Л.​Падгайскі.

т. 15, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)