ЛО́НДАН [London; сапр. Бёрнстайн
(Bumstein)] Джордж (30.5.1920, г. Манрэаль, Канада — 24.4.1985),
амерыканскі спявак (бас-барытон), рэжысёр. З 1935 у ЗША. Вучыўся спевам у Р.Лерта. У 1941—67 выступаў у буйнейшых т-рах ЗША і Еўропы. З 1975 кіраўнік Опернага т-ва ў Вашынгтоне. Яго творчасці ўласцівы выразная фразіроўка, разнастайнасць тэмбравых і эмацыянальных адценняў. Сярод партый: Дон Жуан («Дон Жуан» В.А.Моцарта), Вотан («Валькірыя» Р.Вагнера), Скарпія («Тоска» Дж.Пучыні), Гало («Пелеас і Мелізанда» К.Дэбюсі), Ліндорф, Капеліус, Дапертута, доктар Міракль («Казкі Гофмана» Ж.Афенбаха), Эскамільё («Кармэн» Ж.Бізэ), Мефістофель («Фауст» Ш.Гуно), Барыс Гадуноў (аднайм. опера М.Мусаргскага), Яўген Анегін (аднайм. опера П.Чайкоўскага). Паставіў шэраг опер Вагнера, Моцарта і інш.
т. 9, с. 342
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗУ́РСКІЯ АЗЁРЫ,
група азёр на ПнУ Польшчы ў межах Мазурскага Паазер’я. Утвараюць сістэму, злучаную пратокамі і каналамі (19 ст.) з агульнай пл. 302 км², Найб. азёры: Снярдвы (пл. 113,8 км²), Мамры (104,9 км²), Нягоцін (26 км²), Нідскае (17,3 км²). Сцёк у бас. рэк Вісла і Прэголя. Азёры ледавіковага паходжання. Размешчаны ў паніжэннях паміж канцова-марэннымі градамі. Берагі моцна парэзаны, нізкія багністыя, высокія (да 4 м) залесеныя, са шматлікімі затокамі, астравамі і пляжамі. Суднаходства, рыбалоўства, турызм, зоны адпачынку, санаторыі. Шмат геал. (Фуледа), арніталагічных (Лукнайна) і расл. запаведнікаў. На воз. Снярдвы н.-д. станцыя Польскай АН. У час 1-й сусв. вайны 1914—18 у раёне М.а. адбываліся кровапралітныя баі паміж рас. і герм. войскамі.
Т.Каліцкі.
т. 9, с. 511
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛО́Е БЕ́ЛАЕ ВО́ЗЕРА.
У Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Свіна (выцякае з возера), за 52 км на ПнУ ад Полацка. Пл. 0,9 км², даўж. каля 2,1 км, найб. шыр. 870 м, найб. глыб. 11 м, даўж. берагавой лініі каля 6,4 км. Пл. вадазбору 1 км². Схілы катлавіны выш. 11—12 м (на У да 20 м), пясчаныя, пад лесам. Берагі пясчаныя, на ПдУ тарфяністыя. На Пд да возера прымыкае масіў вярховага балота. Мелкаводдзе вузкае, дно да глыб. 2,5—4 м пясчанае, ніжэй сапрапелістае. Вада вызначаецца Нізкай мінералізацыяй (60—80 мг/л), чысцінёй і высокай празрыстасцю. У возеры расце палушнік азёрны, занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
т. 10, с. 36
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКВА́,
рака ў Маскоўскай і часткова Смаленскай абласцях Расіі, левы прыток р. Ака. Даўж. 473 км, пл. басейна 17,6 тыс. км². Пачынаецца на Смаленска-Маскоўскім узв. Вытокам лічыцца р. Канаплянка, пасля выхаду з воз. Міхалёўскае наз. М., упадае ў Аку каля г. Каломна. Гал. прытокі: Інач, Руза, Істра, Яўза (злева), Пахра, Северка (справа). Сярэдні расход каля Пярэрвінскага гідравузла 65,7 м³/с. Ледастаў ад ліст.—студз. да канца сак.—красавіка. Сцёк М. зарэгуляваны вадасховішчамі (Мажайскае і інш.) і плацінамі. Па канале імя Масквы і Вазузскай гідратэхн. сістэме ў М. падаецца вада з бас. Волгі. Выкарыстоўваецца для водазабеспячэння. Суднаходная ў Маскве і ніжэй, дзе шлюзаваная (Маскварэцкая сістэма). На М. гарады Мажайск, Звянігарад, Масква, Жукоўскі, Бронніца, Васкрасенск, Каломна.
т. 10, с. 169
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНЖЫЛКІ́ЕЎ (Булат Абдулаевіч) (23.4.1940, Бішкек — 16.8.1997),
кіргізскі спявак (бас). Нар. арт. СССР (1976). Скончыў Ташкенцкую кансерваторыю (1966). З 1966 саліст Кіргізскага т-ра оперы і балета (Бішкек), з 1992 у Марыінскім т-ры (С.-Пецярбург). Валодаў моцным гнуткім голасам прыгожага тэмбру вял. дыяпазону. Сярод партый: Канурбай («Манас» У.Уласава, А.Малдыбаева і У.Ферэ), Барыс Гадуноў і Пімен («Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага), Млынар («Русалка» А.Даргамыжскага), Грэмін («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Філіп II («Дон Карлас» Дж.Вердзі), Мефістофель («Мефістофель» А.Бойта і «Фауст» Ш.Гуно), Пётр I («Пётр I» А.Пятрова). Лаўрэат Міжнар. конкурсаў вакалістаў у Тулузе (Францыя, 1971), маладых оперных спевакоў (Сафія, 1973). Дзярж. прэмія Кыргызстана імя Тактагула 1976. Дзярж. прэмія СССР 1985.
т. 10, с. 385
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ШНА,
возера ў Шумілінскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Сечна, за 4 км на Пд ад г.п. Шуміліна. Пл. 0,65 км², даўж. 2,1 км, найб. шыр. 500 м, найб. глыб. 3,9 м, даўж. берагавой лініі больш за 6 км. Пл. вадазбору 16,3 км². Схілы катлавіны выш. 3—5 м (на Пд да 9 м), у ніжняй ч. пад хмызняком, у верхняй разараныя, на Пн парослыя лесам. Берагі нізкія, тарфяністыя, на У пясчаныя, у залівах сплавінныя. Дно плоскае, сапрапелістае, на асобных участках да глыб. 2 м пясчанае. Зарастае. У возеры расце шальнік Валенберга — рэдкі для Беларусі ахоўны від флоры. Упадае ручай з воз. Круглік, выцякае ручай у воз. Дабееўскае.
т. 10, с. 533
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯШЧЭ́ЦКАЕ ВО́ЗЕРА.
У Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Дрыса, за 26 км на Пд ад г. Полацк. Пл. 0,7 км², даўж. 2,2 км, найб. шыр. 530 м, найб. глыб. 6,5 м. Пл. вадазбору 49,8 км². Схілы катлавіны выш. 6—8 м (на З і ПнУ 3—4 м), спадзістыя, разараныя, на Пд параслі лесам. Берагі нізкія, пясчаныя, пад хмызняком, на Пд і Пн зліваюцца са схіламі. Берагавая лінія (даўж. 5,6 км) звілістая, утварае шэраг невял. заліваў. Дно да глыб. 1,5 м пясчанае, ніжэй — ілістае. Эўтрофнае. Уздоўж берагоў паласа надводнай расліннасці (шыр. 3—26 м, да глыб. 1,4—2 м). Упадае ручай з воз. Якаўскае, выцякае ручай у р. Дрыса.
т. 11, с. 85
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАБІ́СТА,
возера ў Міёрскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Вята, за 13 км на З ад г. Міёры. Уваходзіць у Абстэрнаўскую групу азёр. Пл. 3,75 км², даўж. 4,8 км, найб. шыр. 1,1 км, найб. глыб. 2,8 м, даўж. берагавой лініі 12,6 км. Пл. вадазбору 152 км². Катлавіна лагчыннага тыпу. Схілы выш. 2—5 м, спадзістыя, параслі хмызняком, на Пд і ПдЗ разараныя. Берагі нізкія, забалочаныя, участкамі сплавінныя. Дно плоскае, у прыбярэжнай ч. пясчанае, месцамі ілістае, глыбей сапрапелістае. Празрыстасць больш за 1,5 м, вада з жаўтаватым адценнем, мінералізацыя 150 мг/л. Зарастае. Злучана пратокамі з азёрамі Абстэрна і Падзявы, выцякае р. Хараброўка (верхняе цячэнне р. Вята).
З.І.Гарэлышава.
т. 11, с. 88
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́РЦЫ, Орцаўскае возера. У Міёрскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Мёрыца, за 8 км на ПнУ ад г. Міёры. Пл. 1,94 км², даўж. 4,8 км, найб. шыр. 930 м, найб. глыб. 19 м, даўж. берагавой лініі 13,4 км. Пл. вадазбору 11 км². Катлавіна лагчыннага тыпу, складаецца з 2 плёсаў. Схілы выш. 2—3 м, сугліністыя і супясчаныя, разараныя, месцамі пад хмызняком, на ПнУ 10—12 м, стромкія, укрыты лесам. Берагі нізкія, пад хмызняком, участкамі забалочаныя. Некалькі вузкіх заліваў. Зона мелкаводдзя вузкая (3—5 м), у паўн. плёсе пашыраецца да 50—80 м, пясчаная, месцамі гліністая; астатняя ч. дна ілістая. 2 астравы агульнай пл. 1,9 га. Празрыстасць 3,2 м. Мезатрофнае з прыкметамі алігатрофіі. Зарастае.
т. 11, с. 450
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДЛЯ́ШША, Падляссе,
гістарычная вобласць на З этнічнай тэр. беларусаў у бас. Зах. Буга і Нарава, стараж. зона рассялення яцвягаў, дрыгавічоў, валынян. У 13—14 ст. увайшло ў ВКЛ, адыгрывала важную ролю ў бел. этнакультурным працэсе. У 1520 утворана Падляшскае ваяводства. Напярэдадні Люблінскай уніі 1569 перададзена Польшчы. Паводле 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) большая частка П. дасталася Прусіі. Паводле Тыльзіцкага міру 1807 у Рас. імперыі, у 1808 тут створана Беластоцкая вобласць (у 1842 скасавана, тэр. далучана да Гродзенскай губ.). Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 у складзе Польшчы (з гэтага часу польскае насельніцтва стала колькасна пераважаць). У 1939—44 у БССР, у 1944 большая частка П. перададзена Польшчы.
В.С.Цітоў.
т. 11, с. 501
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)