ПАЛЯ́НЕ (ад поле),

1) усходнеславянскае племянное аб’яднанне, якое жыло на берагах Дняпра, ад Любеча да Родні, а таксама па ніжнім цячэнні рэк Рось, Сула, Стугна, Цецераў, Ірпень, Дзясна і Прыпяць. У 9 ст. П. трапілі пад уладу Хазарскага каганата, плацілі яму даніну. У 880-я г. землі П. захапіў наўгародскі кн. Алег і яны сталі ядром Стараж.-рус. дзяржавы (Кіеўская Русь). Па землях П. праходзіў гандл. шлях «з варагаў у грэкі». Буйнейшыя гарады Кіеў, Пераяслаў, Вышгарад, Белгарад, Канеў і інш. У часы феад. раздробленасці на землях П. узніклі самастойныя Кіеўскае княства, Чарнігаўскае княства і інш. Апошні раз у летапісах назва «П.» згадвалася пад 944.

2) Заходнеславянскае племянное аб’яднанне ў бас. р. Варта ў 8—10 ст. З П. паходзіць дынастыя Пястаў, якая ў 10 ст. аб’яднала пад сваёй уладай усе польскія землі ў Велікапольскую дзяржаву. Першы правіцель П. — Мешка I [960—992]. Племянная назва П. стала асновай для этноніма ўсёй польскай народнасці.

т. 12, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)