найвялікшая горная сістэма Зямлі ўздоўж зах. ускраін Паўн. і Паўд. Амерыкі ад 66°паўн. ш. (Аляска) да 56°паўд. ш. (Вогненная Зямля). Падзяляюцца на 2 часткі: Кардыльеры Паўночнай Амерыкі і К. Паўд. Амерыкі, або Анды. Даўж. больш за 18 тыс.км, шыр. да 1600 км у Паўн. Амерыцы і да 900 км у Паўднёвай. Размешчаны на тэр. Канады, ЗША, Мексікі, Гватэмалы, Гандураса, Сальвадора, Нікарагуа, Коста-Рыкі, Панамы, Венесуэлы, Калумбіі, Эквадора, Перу, Балівіі, Аргенціны і Чылі. З’яўляюцца водападзелам паміж бас. Атлантычнага і Ціхага акіянаў, а таксама рэзка выражанай кліматычнай мяжой. Па вышыні саступаюць Гімалаям і горным сістэмам Цэнтр. Азіі. Найб. высокія вяршыні К.: у Паўн. Амерыцы — г. Мак-Кінлі (6193 м), Паўд. Амерыцы — г. Аканкагуа (6960 м). Каля 80 дзеючых вулканаў (Катмай, Сен-Мігель, Льяйма і інш.). Высокая тэктанічная актыўнасць. Пл. зледзянення каля 90 тыс.км².
Да арт.Кардыльеры. Парк Маўнт-Робсан у правінцыі Брытанская Калумбія, Канада.