ДЫСТРЫБУ́ЦЫЯ (ад лац. distributio размеркаванне),

сукупнасць моўных адзінак (фанем, марфем, лексем), якія ствараюць кантэкст, або акружэнне той аднароднай ім адзінкі, што падлягае даследаванню. У пісьмовым тэксце адрозніваюць Д., складзеную лінейным (прасторавым) акружэннем адзінак, і Д., выведзеную з іх спалучальнасці. Пры першым падыходзе ў залежнасці ад мэты і характару даследавання ўлічваецца акружэнне на глыбіню аднаго кампанента (г.зн. разглядаюцца толькі тыя адзінкі, што непасрэдна размешчаны справа і злева ад зададзенай), ці, адпаведна, двух, трох і г.д. кампанентаў. Пры другім падыходзе Д. ствараюць адзінкі, якія граматычна спалучаюцца з зададзенай. Наяўнасць у моўных кампанентаў тоеснай, падобнай або рознай Д. дае падставы для вылучэння ў тэксце аднародных адзінак і іх класаў, а таксама для разнастайнай характарыстыкі як знешніх (фармальных) рыс, так і ўнутраных, якасных уласцівасцей гэтых адзінак. Паняцце Д. пакладзена ў аснову дыстрыбутыўнага метаду (гл. ў арт. Дэскрыптыўная лінгвістыка). На аснове розных відаў Д. ў сучаснай лінгвістыцы распрацаваны дасканалыя метады даследавання лексічных значэнняў: дыстрыбутыўна-трансфармацыйны, дыстрыбутыўна-статыстычны і інш.

Літ.:

Плотников Б.А. Дистрибутивно-статистический анализ лексических значений Мн., 1979.

Б.​А.​Плотнікаў.

т. 6, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРО́Х (Pisum),

род адна- і шматгадовых травяністых раслін сям. бабовых. Вядома 6 відаў, пашыраных у Еўразіі і Афрыцы. Радзіма — Міжземнамор’е. Культывуюць пераважна гарох пасяўны (P. sativum), каштоўны харч. прадукт, корм для жывёлы і зялёнае ўгнаенне. Вырошчваюць як кармавую расліну таксама гарох палявы, або пялюшку. Пашыраны ў Расіі, на Украіне, Беларусі, у Кітаі, Індыі, ЗША.

Гарох пасяўны — аднагадовая расліна, з лазячым сцяблом выш. 0,2—2 м. Лісце парнаперыстае. Кветкі ад белага да пурпурова-фіялетавага колеру, у гронках. Плод — струк. Зерне круглае, белае, жоўтае або зялёнае, мае 22—27% бялку, каля 50% крухмалу, тлушч, карацін, вітаміны B1, B2, С. Холадаўстойлівая (усходы пераносяць замаразкі да -6 °C), вільгацялюбная, азотфіксавальная расліна Вырошчваецца на дзярнова-падзолістых сугліністых і супясчаных глебах з блізкай да нейтральнай і нейтральнай рэакцыяй. Раянаваныя сарты: на зерне — Уладаўскі 6, Працаўнік, Асілак чэшскі, Белус, Агат і інш.; агароднінныя — Варонежскі зялёны, Выдатны 240, Арагумскі, Савінтэр 1, Паўднёвы 47, Альфа, Віёла, Агароднінны 76.

Літ.:

Генетика и селекция гороха. Новосибирск, 1975;

Зернобобовые культуры в интенсивном земледелии. Мн., 1989.

М.​С.​Купцоў.

Гарох.

т. 5, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРУ́ГАСНАЯ СЫРАВІ́НА,

адходы жыццезабеспячэння і жыццядзейнасці грамадства, якія пасля адпаведнай апрацоўкі могуць выкарыстоўвацца як вытв. або энергет. сыравіна. Уключае адходы прамысл. вытв-сці, буд-ва (рэшткі металаў, драўніны, шкла), прамысл. вырабаў (брак дэталей, зношаныя аўтапакрышкі), бытавыя (макулатура) і інш.

Неабходнасць выкарыстання Д.с. абумоўлена неўзнаўляльным памяншэннем карысных выкапняў і сыравінных энерганосьбітаў, абмежаванасцю самааднаўлення арган. матэрыялаў расліннага паходжання, таксама эфектыўнасцю. Напр., кошт выплаўкі сталі з металалому ў 10 разоў меншы, чым з руды, медзі — у 5, алюмінію — у 6, прычым затраты эл. энергіі ў 25 разоў; з 1 т косці атрымліваюць 160 кг клею, 110 кг тэхн. тлушчу і 420 кг касцявой мукі.

У Беларусі нарыхтоўкай Д.с. (гл. табл.) займаюцца канцэрн «Белдругрэсурсы» і «Белкаапсаюз», перапрацоўкай — розныя прадпрыемствы і з-ды, у т. л. Жлобінскі металургічны, Магілёўскія рэгенератарны і жэлацінавы, Слонімскі кардонна-папяровы «Альберцін», будматэрыялаў «Даманава» і інш.

А.​А.​Саламонаў, Я.​П.​Мініна.

Аб’ёмы нарыхтоўкі некаторых відаў другаснай сыравіны ў Беларусі
Гады Від другаснай сыравіны
Драўнінныя адходы шчыльныя м​3 Макулатура, тыс. т Шыны зношаныя тыс. т
1990 2161,7 261 33,7
1995 719,8 93 4,8
1996 792,1 100,2 4

т. 6, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАБУЖЫ́НСКІ (Мсціслаў Валяр’янавіч) (2.8.1875, г. Ноўгарад, Расія — 20.11.1957),

рускі жывапісец, графік і тэатр. мастак. Вучыўся ў маст. школах Пецярбурга (1885—87) і Мюнхена (1889—1901). З 1922 праф. Пецярбургскай АМ. З 1919 узначальваў Віцебскае народнае мастацкае вучылішча. З 1925 жыў у Літве (у 1929—39 выкладаў у Каўнаскай маст. школе), з 1939 — у Англіі і ЗША. Чл. аб’яднання «Свет мастацтва». Працаваў у жанры станковай і кніжнай графікі, у тэатр.-дэкарацыйным мастацтве, манум.-дэкар. жывапісе. Аўтар серыі жывапісных і графічных партрэтаў, арх. пейзажаў (цыклы відаў Вільні, 1903—14; Віцебска, 1918, 1922—23), сюжэтных кампазіцый, кніжных ілюстрацый (творы Х.​Андэрсена, Ф.​Дастаеўскага і інш.). Творы Дабужынскага адметныя дакладна распрацаваным малюнкам, эмацыянальнай выразнасцю, лінейна-рытмічнай арганізацыяй плоскасці, дэкаратыўнасцю, стрыманым каларытам. Афармляў тэатр. спектаклі (у т. л. 12 спектакляў МХАТ, антрэпрызы С.​П.​Дзягілева і інш.).

Літ.:

Мстислав Добужинский: Живопись. Графика. Театр: [Альбом]. М., 1982;

Чугунов Г.И. М.​В.​Добужинский, 1875—1957. Л., 1988.

М.​А.​Цыбульскі.

М.Дабужынскі. Віцебск. Цырк 1923. Літаграфія.
М.Дабужынскі. Чалавек у акулярах. Партрэт паэта К.​А.​Сюнерберга. 1905—06.

т. 5, с. 560

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАСЛЕ́ДАВАННЕ АПЕРА́ЦЫЙ,

навуковы метад выпрацоўкі колькасна абгрунтаваных рэкамендацый для прыняцця рашэнняў у арганізац. кіраванні. Тэрмін узнік у ЗША у гады 2-й сусв. вайны (1939—45), калі пры ваен. штабах ствараліся групы, якія аналізавалі эфектыўнасць розных відаў зброі і ваенна-тактычных рашэнняў. З дапамогай матэм. аналізу і простых правіл вырашаюцца складаныя матэм. задачы. Д.а. мае значэнне ў механіцы, аўтаматыцы, электратэхніцы. Найб. ўплыў на развіццё гэтага метаду зрабілі А.​Эрланг, Дж. фон Нейман, Л.​В.​Кантаровіч, Дж.​Б.​Данцыг, Р.​Белман. Метады Д.а. маюць шырокае кола задач арганізац. кіравання, якія ўзнікаюць у прам-сці, на транспарце, у сельскай гаспадарцы, іх выкарыстоўваюць страхавыя і рэкламныя кампаніі, агенцтвы па турызме, прадпрыемствы камунальнага абслугоўвання і інш. У даследаванні кожнай аперацыйнай задачы павінна быць 6 этапаў: пастаноўка задачы; пабудова матэм. мадэлі з’явы або аперацыі; аналіз мадэлі і атрыманне рашэння; праверка адэкватнасці мадэлі з’яве і аналіз якасці рашэння; карэкціроўка мадэлі і рашэння; рэалізацыя вынікаў рашэння. Работы на ўсіх пералічаных этапах маюць сэнс, калі яны завяршаюцца ўкараненнем вынікаў даследаванняў у практыку кіравання.

т. 6, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЎБЁЖНАЕ РАМЯСТВО́,

вытворчасць посуду і інш. вырабаў з дрэва спосабам даўбення ці апрацоўкі яго натуральных (дуплістых) формаў; адно з найб. стараж. рамёстваў. На Беларусі Д.р. практычна не вылучалася ў спецыялізаваны саматужны занятак і мела характар хатняй вытв-сці; карыты, кадаўбы, жлукты выраблялі ў вял. колькасці сяляне, якія не валодалі спец. навыкамі дрэваапрацоўкі. Выдзеўбаны посуд звычайна рабілі з мяккаслаёвых і падатлівых парод драўніны (ліпы, вольхі, асіны), чаўны і ступы — з дубу, хвоі. Карысталіся долатам, пешняй, разцом, скоблямі, сякерай, цыркулем, цяслой, чакухай (кожны інструмент выкарыстоўваўся на пэўнай тэхнал. стадыі і меў варыяцыйныя асаблівасці). Функцыянальнае прызначэнне розных відаў выдзеўбаных вырабаў накладвала адбітак на вонкавы выгляд, эстэтыку, якасць іх апрацоўкі. Асабліва старанна, па-мастацку выраблялі карцы, фаскі, кублы, апалушкі, сальніцы, бойкі. Тым жа спосабам рабілі некат. віды старасвецкай мэблі, шафы для адзення, драўляныя трубы для дымаходаў у сялянскім жыллі, водаадводаў і інш., калодных вулляў і інш. Выраб чаўноў нярэдка вылучаўся ў асобны промысел. У наш час выраб даўбёжнага посуду эпізадычна трапляецца ў прыватных гаспадарках.

В.​С.​Цітоў.

Да арт. Даўбёжнае рамяство. Выдзеўбаны посуд.

т. 6, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАСЛУ́ЖАНЫ РАБО́ТНІК САЦЫЯ́ЛЬНАЙ АБАРО́НЫ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,

ганаровае званне, якое прысвойваецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь высокапрафес. работнікам органаў, устаноў і прадпрыемстваў сістэмы сац. абароны насельніцтва, што працуюць у гэтай галіне 15 і больш гадоў, за заслугі ў арганізацыі сац. дапамогі грамадзянам, іх пенсіённага забеспячэння, укараненні розных форм і відаў дабрачыннасці, развіцці навук. даследаванняў па найважнейшых кірунках сац. абароны насельніцтва. Устаноўлена 13.4.1995. У 1981—88 існавала званне засл. работнік сац. абароны Беларускай ССР, якое прысвойвалася Прэзідыумам Вярх. Савета БССР.

Заслужаныя работнікі сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь

1981. В.​В.​Алфёраў, М.​У.​Алфіменкава, В.​Дз.​Дзенісевіч, З.​С.​Ермаковіч, Ф.​П.​Жураў, Ю.​М.​Заруцкая, М.​У.​Зуёнак, І.​П.​Карбоўскі, К.​І.​Клюцавая, Л.​В.​Кожар, В.​Г.​Кончыц, М.​А.​Косарава, М.​П.​Лук’янаў, К.​В.​Маршаленка, П.​В.​Мацяцюк, Р.​Ф.​Попчанка, М.​С.​Садаўнічы, С.​З.​Серакова, М.​С.​Хулялеў, М.​А.​Ціцкая, М.​П.​Шарко.

1983. В.​І.​Варанкова, Л.​А.​Садзіна.

1985. А.​Р.​Шапуля. 1996. Я.​І.​Папко.

1997. Ф.​Л.​Гольдшміт.

т. 6, с. 566

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕМЛЕЎПАРА́ДКАВАННЕ,

сістэма мерапрыемстваў па арганізацыі выкарыстання зямлі як сродку вытворчасці і рэгулявання грамадскіх адносін, звязаных з уладаннем і карыстаннем зямлёю. У Рэспубліцы Беларусь З. заснавана на дзярж. і прыватнай уласнасці на зямлю і накіравана на ажыццяўленне зямельнага заканадаўства, арганізацыю землекарыстання, ахову зямель. У сістэму З. ўваходзяць: распрацоўка прагнозаў, рэсп. і рэгіянальных праграм выкарыстання і аховы зямельных рэсурсаў; устанаўленне на мясцовасці межаў адм.-тэр. адзінак; адвод зямельных участкаў, выяўленне новых зямель для с.-г. і інш. асваення; правядзенне тапографа-геадэзічных, картаграфічных, глебавых, геабатанічных і інш. абследаванняў і пошукаў; фарміраванне спец. фонду зямельнага запасу мясц. Саветаў і інш. У адпаведнасці з зямельным заканадаўствам прадастаўленне зямельных участкаў у валоданне, карыстанне і ўласнасць грамадзянам Рэспублікі Беларусь, калгасам, саўгасам і інш. дзярж., каап., грамадскім прадпрыемствам, установам і арг-цыям, а таксама іх канфіскацыя адносяцца да кампетэнцыі мясц. Саветаў. Рэсп. органам дзярж. кіравання ў галіне З. з’яўляецца Камітэт па зямельнай рэформе і землеўпарадкаванні пры СМ Рэспублікі Беларусь. Дзеючым заканадаўствам прадугледжана выдача спец. дазволаў (ліцэнзій) розным суб’ектам гаспадарання (незалежна ад форм уласнасці) на ажыццяўленне асобных відаў дзейнасці ў галіне З.

С.​У.​Скаруліс.

т. 7, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПІТА́ЛЬНЫЯ ЎКЛАДА́ННІ,

сукупнасць затрат матэрыяльных, працоўных і грашовых рэсурсаў на пашыранае ўзнаўленне асн. фондаў нар. гаспадаркі; сума аднаразовых затрат на павелічэнне аб’ёму і паляпшэнне структуры асн. і абаротнага капіталу. Асн. прызначэнне К.у. — увод новых і падтрыманне дзеючых вытв. магутнасцей, паляпшэнне ўмоў і павышэнне прадукцыйнасці працы, ахова навакольнага асяроддзя і рацыянальнае выкарыстанне прыродных рэсурсаў, асваенне новых відаў прадукцыі і павышэнне яе якасці. Уключаюць затраты на буд. матэрыялы, канструкцыі і дэталі, механізмы, транспартныя сродкі, тэхн. дакументацыю і інш. Могуць быць агульнымі і складаюцца з агульнай сумы ўкладання ў пэўны аб’ект; новымі — без уліку выкарыстання дзеючых вытв. фондаў; дадатковымі — вызначаюцца розніцай агульных К.у. па 2 варыянтах рашэння гасп. задачы (напр., пры выбары варыянтаў новай тэхнікі, рэканструкцыі прадпрыемстваў і інш.); спалучанымі — тымі, што павялічваюцца ў сумежных галінах пры адсутнасці ў іх рэзерваў магутнасцей; спадарожнымі — неабходнымі для нармальнага функцыянавання сродкаў працы ў спажыўца (напр., затраты на буд-ва новых памяшканняў для работы новай тэхнікі, пашырэнне рамонтнай базы або яе мадэрнізацыя і інш.). Крыніцай фінансавання К.у. з’яўляюцца крэдыт, сродкі дзярж. бюджэту, прыбытак прадпрыемства, амартызацыйныя адлічэнні і інш. Гл. таксама Інвестыцыі.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 8, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫНІ́ЦЫ СВЯТЛА́,

пераўтваральнікі розных відаў энергіі ў энергію аптычнага выпрамянення ў дыяпазоне даўжынь хваль да 10 нм да 0,1 мм. Касм. і прыродныя выпрамяняльныя аб’екты (напр., Сонца, зоркі, атмасферныя разрады) — натуральныя К.с. Штучныя К.с. паводле віду працэсу выпрамянення (вымушанага ці спантаннага) бываюць кагерэнтныя (гл. Кагерэнтнасць, Лазер) і некагерэнтныя; паводле віду выпрамянення — цеплавыя, люмінесцэнтныя і плазменныя.

Цеплавыя К.с. — полымя, эл. лямпы напальвання, мадэлі абсалютна чорнага цела, выпрамяняльнікі з газавым награваннем (напальныя сеткі) — маюць неперарыўны спектр, становішча максімуму якога залежыць ад т-ры рабочага рэчыва. Энергетычныя характарыстыкі і від спектра выпрамянення плазменных К.с. вызначаюцца т-рай і ціскам плазмы, што ўтвараецца ў іх пры эл. разрадзе (гл. Электрычныя разрады ў газах) ці інш. спосабам, а таксама хім. складам рабочага рэчыва і прыкладзенай магутнасцю. У люмінесцэнтных К.с. выпрамяняюць халодныя цвёрдыя (ці вадкія) люмінафоры або газы, якія ўзбуджаюцца эл. полем, патокам фатонаў, электронаў і інш. часціц. Іх светлавыя характарыстыкі і спектр выпрамянення вызначаюцца ўласцівасцямі люмінафораў, а таксама шчыльнасцю патоку і энергіяй узбуджальных часціц, напружанасцю эл. поля. Гл. таксама Газаразрадныя крыніцы святла, Лямпа дзённага святла.

В.​В.​Валяўка.

т. 8, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)