САЧАВІ́ЦА, сачыўка (Lens),

род кветкавых раслін сям. бабовых. Каля 10 відаў. Пашыраны ў Міжземнамор’і, Зах. Азіі, Паўд. Еўропе. У культуры — С. харчовая, або звычайная (L. culinaris), вядомая з неаліту. Вырошчваецца ва ўсіх земляробчых раёнах, акрамя Аўстраліі і Паўн. Амерыкі. У Расіі — з 14 ст.

С. харчовая — аднагадовая травяністая расліна выш. 20—75 см. Сцёблы баразнаватыя, прамыя або ўзыходныя. Лісце складанае, парнаперыстае, з вусікамі. Кветкі белыя, ружовыя, фіялетавыя, у пазухах лісця. Плод — боб. Насенне мае да 35% бялку, каля 60% крухмалу, да 2,5% алею. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці бялковых прэпаратаў, каўбас, кансерваў, кандытарскіх вырабаў. Салома і мякіна — корм ’для жывёл. Харч., кармавая расліна.

В.​М.​Прохараў.

Сачавіца.

т. 14, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)