СЕ́НА,

трава, скошаная і высушаная да вільготнасці 15—17% і ніжэй; адзін з асн. відаў грубых кармоў для жвачнай жывёлы ў стойлавы перыяд. Кармавая каштоўнасць С. залежыць ад яго бат. складу, месца росту травы (гл. Сенажаць), часу і спосабу яе ўборкі (гл. Сенаўборка), умоў захоўвання. Мае 6,5—20% пратэіну, 1—2% тлушчаў, 35—40% безазоцістых экстрактыўных рэчываў, 20—25% клятчаткі, 4—5% мінер. солей, карацін, вітаміны D, E, групы B. Найб. каштоўнае С. з бабовых (люцэрны, канюшыны, вікі, рутвіцы рагатай), злакавых траў (метлюжку лугавога, аўсяніцы лугавой, цімафееўкі лугавой, купкоўкі зборнай), разнатраўя (грэчкі птушынай, казлабароду лугавога і інш.). Малакаштоўнае С. з буйных асакі, сітняку, хвашчоў.

т. 14, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)