СЕЛЯДЦАПАДО́БНЫЯ (Clupeiformes),

атрад касцістых рыб. Вядомыя з верхняюрскага, шматлікія з верхнемелавога перыяду. 3 сям.: селядцовыя, анчоусавыя (Engraulidae), дарабавыя (Chirocentridae); каля 70 родаў, 300 відаў. Пашыраны ў трапічных, умераных і зрэдку ў халодных марскіх водах; некат. жывуць у прэсных водах або заходзяць у рэкі на нераст. Чародныя пелагічныя рыбы.

Даўж. 5—75 см (дараб да 3,7 м), маса (акрамя дараба) ад некалькіх грамаў да 4 кг. Цела серабрыстае, сціснутае з бакоў, укрытае цыклоіднай луской. Спінны плаўнік 1, брушныя плаўнікі маюць 6—8 прамянёў. Адкрытапузырныя, плавальны пузыр злучаецца каналам са страваводам і мае адросткі. Добра развіты сейсмасенсорныя каналы на жабравай накрыўцы. Кормяцца планктонам (дараб — драпежнік). Многія С. аб’екты промыслу.

т. 14, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)