ВЕ́ЙМАРСКАЯ РЭСПУ́БЛІКА,

парламенцкая дэмакр. рэспубліка ў Германіі ў 1919—33. Узнікла ў выніку Лістападаўскай рэвалюцыі 1918. Юрыдычна аформлена Устаноўчым сходам у г. Веймар (6.2.1919—21.5.1920). У гістарыяграфіі ФРГ неафіцыйна наз. 1-й Герм. рэспублікай (2-й рэспублікай лічыцца ФРГ). Дзейнічала канстытуцыя 31.7.1919, паводле якой абвяшчаліся дэмакр. свабоды, усеагульнае выбарчае права, надзяляўся вял. паўнамоцтвамі прэзідэнт краіны, прадстаўніцтва партый у парламенце (рэйхстагу) было прапарцыянальна атрыманым галасам выбаршчыкаў, захаваліся традыцыі федэралізму (дзяржава складалася з аўтаномных 15 рэспублік-зямель і 3 вольных гарадоў), парламент быў двухпалатны — ніжняя палата (рэйхстаг) выбіралася ўсеагульна, верхняя (рэйхсрат) складалася з прадстаўнікоў урадаў зямель. У эканоміцы захоўвалася панаванне буйных землеўладальнікаў, прамыслоўцаў і банкіраў. Кіраўнічыя колы, вымушаныя пад націскам працоўных пагадзіцца з дэмакр. канстытуцыяй, на справе не прынялі парламенцкую дэмакратыю. У жыцці краіны пераважалі правыя і рэакц. тэндэнцыі. Левыя сілы (сацыял-дэмакраты і камуністы), канфліктуючы паміж сабой, не здолелі абараніць парламенцкую дэмакратыю. Схільнасць лібералаў да кансерватызму і рэакцыі садзейнічала пашырэнню ўплыву нацыянал-сацыялісцкай партыі, якая пасля прыходу да ўлады (1933) знішчыла Веймарскую рэспубліку.

Літ.:

Руге В. Германия в 1917—1933 гг.: От Вел. От Вел. Окт. соц. революции до конца Веймарской республики: Пер. с нем. М., 1974;

Драбкин Я.С. Становление Веймарской республики. М., 1978;

Mocht und Ohnmacht der Weimarer Republik. Berlin, 1990.

М.Г.Елісееў.

т. 4, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́СЬМЫ УСЕБЕЛАРУ́СКІ З’ЕЗД САВЕ́ТАЎ рабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў. Адбыўся ў Мінску 5—12.4.1927; 676 дэлегатаў з рашаючым і 225 з дарадчым голасам.

Парадак дня: справаздача ўрада БССР (Я.А.Адамовіч); даклады Нар. камісарыятаў земляробства (Дз.Ф.Прышчэпаў) і асветы (А.В.Баліцкі); аб становішчы і буд-ве гарадоў (М.М.Карклін); аб прам-сці (С.В.Карп); Канстытуцыя БССР (М.А.Сегаль); выбары ЦВК БССР і чл. Савета Нацыянальнасцей ЦВК СССР.

З’езд прайшоў пад сцягам пацвярджэння таго, што БССР з’яўляецца неад’емнай часткай Сав. Саюза, хоць у прынятай на з’ездзе Канстытуцыі меліся дэкларатыўныя палажэнні пра незалежнасць БССР; ухваліў дзейнасць урада БССР у справе гасп. і культ. буд-ва, зацвердзіў пастановы ЦВК і СНК аб далучэнні да БССР Гомельскага і Рэчыцкага пав. Указвалася на неабходнасць спрашчэння кіравання прам-сцю, пашырэння правоў прадпрыемстваў. У галіне нар. адукацыі адзначаліся станоўчыя вынікі пачатага ў 1925/26 10-гадовага плана ўвядзення ўсеаг. абавязковага навучання. З’езд прыняў Канстытуцыю Беларускай ССР 1927. Былі зацверджаны найвышэйшая ўлада ў БССР — Усебел. з’езд Саветаў, а паміж з’ездамі — ЦВК Саветаў БССР, дзярж. герб, сцяг, сталіца рэспублікі. З’езд выбраў ЦВК БССР у складзе 230 чл. і 74 канд., а таксама 5 чл. і 3 канд. ў Савет Нацыянальнасцей ЦВК СССР. Старшынёй ЦВК БССР перавыбраны А.Р.Чарвякоў, старшынёй СНК БССР — Я.А.Адамовіч.

Кр.: Восьмы Усебеларускі з’езд Саветаў: Стэнагр. справаздача. Мн., 1927.

М.П.Касцюк.

т. 4, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАБ (Carpinus),

род кветкавых раслін сям. бярозавых. Каля 50 відаў. Пашыраны ва Усх. Азіі, Еўропе, Паўн. Амерыцы (1 від). Лесаўтваральнікі (утвараюць грабавыя лясы). На Беларусі 1 дзікарослы — граб звычайны, або еўрапейскі (C. betulus), і 3 інтрадукаваныя ў Цэнтр. бат. садзе Нац. АН віды: граб каралінскі (C. caroliniana), каўказскі (C. caucasica) і ўсходні, або грабіннік (C. orientalis). Граб звычайны — цеплалюбны зах.-еўрап. від. Расце як дамешак ці ўтварае другі ярус ў мяшаных і лісцевых лясах; на месцы высечаных лясоў стварае чыстыя другасныя (вытворныя) насаджэнні — грабнякі.

Аднадомныя лістападныя дрэвы (выш. да 30 м), рэдка кусты з густой яйцападобнай кронай і вертыкальна-рабрыстым ствалом. Кара гладкая, светлая, серабрыста-шэрая, потым цёмная, трэшчынаватая. Лісце двухрадна размешчанае, чаргаванае, простае, шчыльнае, цёмна-зялёнае. Кветкі дробныя, аднаполыя, аднадомныя, у павіслых зеленавата-чырв. каташках. Цвітуць адначасова з распусканнем лісця. Плод — аднанасенны рабрысты арэшак. Ценевынослівыя, засухаўстойлівыя расліны. Устойлівыя да гарадскіх умоў, шкоднікаў і хвароб. Жывуць да 100—300 (400) гадоў. Добра пераносяць падстрыганне. Размнажаюцца насеннем і вегетатыўна (парасткамі). Дэкар., дубільныя, кармавыя, тэхн. і фарбавальныя расліны. Драўніна цяжкая, цвёрдая, выкарыстоўваецца ў машынабудаванні, сталярнай, такарнай справе, ідзе на выраб муз. інструментаў, мэблі, паркету. Выкарыстоўваюць для азелянення нас. месцаў. Ёсць дэкар. садовыя формы: пірамідальная, ніцая, калонападобная, лопасцялістая, пурпуровая і інш.

Г.У.Вынаеў.

т. 5, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАСЛУ́ЖАНЫ МАШЫНАБУДАЎНІ́К БЕЛАРУ́СКАЙ ССР,

ганаровае званне, якое прысвойвалася высокакваліфікаваным рабочым асн. прафесій, майстрам, інж.-тэхн. і навук. работнікам прадпрыемстваў, аб’яднанняў, н.-д., тэхнал., праектна-канструктарскіх і інш. арганізацый машынабудавання, прыладабудавання і радыёэлектронікі і Дзярж. Камітэта стандартаў СМ СССР, якія бездакорна прапрацавалі ў гэтых галінах не менш за 10 гадоў, зрабілі вялікі ўклад у развіццё ўказаных галін прам-сці, у стварэнне новых машын і абсталявання, што адпавядаюць патрабаванням вышэйшай катэгорыі якасці, і на аснове ўкаранення ў вытв-сць дасягненняў навукі і тэхнікі дабіліся значных поспехаў у выкананні вытв. заданняў і сац. абавязацельстваў, паляпшэнні якасці прадукцыі, павышэнні прадукцыйнасці працы і эфектыўнасці вытв-сці, а таксама ў справе стандартызацыі і метралогіі на прадпрыемствах названых галін прам-сці і прымаюць актыўны ўдзел у грамадскім жыцці. Устаноўлена Указам Прэзідыума Вярх. Савета БССР ад 11.5.1978 прысвойвалася Прэзідыумам Вярх. Савета Беларускай ССР. Існавала да 23.11.1988.

Заслужаныя машынабудаўнікі Беларускай ССР

1978. Я.М.Аляксеенка, І.М.Буслоў, У.Ф.Воўк, П.П.Гайдэнка, Г.В.Гарбуноў, І.К.Казлоў, В.Ф.Кебіч, І.У.Курбацкі, А.Ф.Лашук, В.Дз.Леўчанка, Г.А.Трафімчук, В.С.Чубараў, В.С.Шахноў.

1980. А.А.Анісімаў, М.Л.Афанасенка, М.Дз.Бусел, С.Ф.Глекаў, П.К.Кавалёў, А.Р.Каляда, А.Х.Кім, А.П.Кузняцоў, Э.А.Кункевіч, А.Х.Ляфараў, В.А.Насенка, М.А.Пакідзін, У.І.Пяткевіч, В.А.Саўпель, А.П.Таракін, І.І.Шкаруба.

1981. І.С.Кашаленка, У.А.Крэньцікаў, П.Р.Старавойтаў.

1982. П.В.Зыль, В.Л.Тамашэвіч, П.Ц.Хацько.

1983. М.М.Косцікаў, Ш.Я.Рубінштэйн.

1984. У.І.Акуліч, М.П.Доўнар, М.Ф.Лаўрыновіч, М.Я.Маханёк, В.С.Рудніцкі, А.П.Сакалоў.

1985. М.Ф.Гарбуноў, А.В.Гаўрыльчык, І.Х.Кірыльчык, У.В.Радкевіч, М.І.Цюрын.

1987. У.І.Асіпок, К.Я.Гадасік.

т. 6, с. 554

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́ПЕЛЬ (Яўхім Яўсеевіч) (7.1.1896, в. Байлюкі Глускага р-на Магілёўскай вобл. — 27.7.1969),

бел. грамадска-паліт. дзеяч. Скончыў БДУ (1926). З 1915 у рас. арміі, з 1918 у Чырв. Арміі; у 1919—20 удзельнік баёў на сав.-польскім фронце. З 1921 у Мінску, чл. Навук.-тэрміналагічнай камісіі пры Наркамасветы БССР. З 1926 сакратар аддзела прыроды і нар. гаспадаркі Ін-та бел. культуры. У кастр. 1929 выключаны з аспірантуры БДУ, у чэрв. 1930 арыштаваны па справе «Саюза вызвалення Беларусі», у крас. 1931 высланы на 5 гадоў у Вяцкую вобл.; паўторна арыштаваны ў снеж. 1935 і зняволены на 5 гадоў. Пасля вызвалення настаўнічаў у г. Саратаў. У пач. 1942 мабілізаваны ў дзеючую Чырв. Армію. адкуль дэзерціраваў. З чэрв. 1942 у Мінску. супрацоўнічаў з ням.-фаш. ўладамі: чл. Інспектарыята бел. школ пры ген камісарыяце Беларусі, чл. Мінскай акр. рады Бел. нар. самапомачы (БНС), з 1943 у аддзеле культуры БНС, адзін з рэдактараў газ. «Голас вёскі», з 1944 кіраўнік навук. аддзела Беларускай цэнтральнай рады, на Другім Усебеларускім кангрэсе 1944 выбраны яго старшынёй. З сярэдзіны 1944 у Германіі. З 1950 у ЗША, з 1951 уваходзіў у Беларускі кангрэсавы камітэт Амерыкі. Успаміны К. захоўваюцца ў архіве Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Йорку. Рэабілітаваны ў 1988.

У.В.Ляхоўскі.

т. 8, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНАЕ БЮРО́ МІ́РУ (МБМ; International Реасе Bureau),

міжнароднае аб’яднанне міралюбівых сіл. Засн. ў снеж. 1891 у Берне (Швейцарыя) па ініцыятыве Ф.Баера. Напачатку мела на мэце «каардынаваць дзейнасць т-ваў міру і адстойваць ідэю мірнага вырашэння міжнар. спрэчак», арганізоўвала штогадовыя мірныя канферэнцыі. Пасля 1-й сусв. вайны каардынавала мірную і гуманітарную дзейнасць няўрадавых арг-цый, азнаямляла іх з ідэямі і прапановамі Лігі Нацый, праводзіла кангрэсы пацыфістаў (гл. Пацыфізм). З 1924 штаб-кватэра ў Жэневе (Швейцарыя). У 2-ю сусв. вайну не функцыянавала. Пасля вайны да 1962 наз. Міжнар. к-т узаемадзеяння арг-цый у барацьбе за мір. Імкнецца «садзейнічаць справе міру ўмацаваннем міжнар. супрацоўніцтва і негвалтоўных метадаў вырашэння канфліктаў», у т. л. праз супрацоўніцтва з ААН (мае кансультатыўны статус у Савеце па эканам. і сац. пытаннях ААН). Садзейнічала скліканню 1-й спец. сесіі Ген. Асамблеі ААН па раззбраенні (1978). Выступае за ўсеагульнае і поўнае раззбраенне, права чалавека на адмову ад ваен. службы (разглядае яго як «права адмовіцца забіваць») і інш., фарміруе адпаведную грамадскую думку. Выдае час. «Geneva Monitor» («Жэнеўскі назіральнік»), кнігі, памфлеты, справаздачы аб канферэнцыях. Нобелеўская прэмія міру 1910. Нобелеўскімі прэміямі міру ўзнаг. арганізатары і кіраўнікі МБМ Баер, Э.Дзюкамен, Ш.А.Габа, Б. фон Зутнер, А.М.Лафантэн, Ш.Макбрайд і інш.

т. 10, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫЧКО́ВЫ,

удзельнікі нарадавольскага руху 1870—80-х г., браты.

Яўген Іванавіч (1858, г. Горкі Магілёўскай вобл. — ?). Вучыўся ў Горным ін-це і Кіеўскім пях. вучылішчы, арганізоўваў ваен. гурткі нарадавольцаў. 30.3.1881 арыштаваны і сасланы пад нагляд паліцыі ў Падольскую губ., адкуль падтрымліваў сувязі з ваен. арг-цыяй «Народнай волі». У студз. 1884 прыцягнуты да следства па справе забойства жандарскага падпалк. Судзейкіна — фактычнага кіраўніка тайнага паліт. вышуку ў Расіі.

Уладзімір Іванавіч (1861, г. Горкі Магілёўскай вобл. — 18.8.1883). У рэв. рух уключыўся ў 1878 у Кіеўскім ун-це. У 1879 арганізаваў тэрарыст. гурток, які прыняў праграму «Народнай волі». Вёў прапаганду сярод рабочых, вайскоўцаў, вучнёўскай моладзі, падрыхтаваў замах на жандарскага падпалк. Судзейкіна. Арыштаваны 30.3.1881 і сасланы на 5 гадоў ва Усх. Сібір. 19.12.1882 уцёк з турмы, узначаліў харкаўскую групу нарадавольцаў. У 1883 у Томску спрабаваў наладзіць уцёкі ссыльных, пры арышце застрэліўся.

Аляксандр Іванавіч (1862, с. Ябланаўка Лысянскага р-на Чаркаскай вобл., Украіна — 27.9.1925). Як дзеяч кіеўскай групы нарадавольцаў 30.3.1881арыштаваны і сасланы на 3 гады ў Магілёўскую губ. пад нагляд паліцыі. У студз. 1881 прыгавораны ваен. судом да 10 гадоў катаржных работ і на пажыццёвае пасяленне ў Сібіры. 24.12.1887 уцёк з турмы, намагаўся аднавіць «Народную волю». У вер. 1888 зноў арыштаваны і зняволены ў Петрапаўлаўскую крэпасць. Удзельнік рэв. 1905—07. У 1918 чл. Харкаўскага Савета рабочых дэпутатаў.

М.В.Біч.

т. 3, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРЫЗО́НТ [ад грэч. horizōn (horizontos) літар. які абмяжоўвае],

1) уяўная лінія, па якой здаецца, што неба мяжуе з зямной паверхняй (бачны гарызонт). Павялічваецца з вышынёй месца назірання. На вышыні вока дарослага чалавека ва ўмовах раўніны складае 4,5—5 км. Гарызонт таксама наз. частка зямной паверхні, якая назіраецца на адкрытай мясцовасці. Сапраўдны (матэматычны) гарызонт — вял. круг нябеснай сферы, плоскасць якога перпендыкулярная да адвеснай лініі ў месцы назірання.

2) У геалогіі рэгіянальнае стратыграфічнае падраздзяленне, якое аб’ядноўвае на пэўнай плошчы аднаўзроставыя слаі і світы. Вылучаецца паводле пастаянства палеанталагічнай характарыстыкі з улікам літалагічных, фацыяльных і інш. асаблівасцей. Мае прыкладна аднолькавую магутнасць у межах пашырэння (ад дзесяткаў да соцень і больш метраў). Адпавядае звычайна ярусу або яго частцы агульнай стратыграфічнай шкалы. Мае геагр. назву, якую атрымлівае ад наймення найб. поўнай і вывучанай світы або апорнага (стрататыповага) разрэзу. У чацвярцічнай геалогіі гарызонт ахоплівае адклады ледавіковай (напр., у Беларусі бярэзінскі, нараўскі) або міжледавіковай (александрыйскі, белавежскі) эпох.

3) У горнай справе гарызонт — сукупнасць горных вырабатак на адным узроўні, у якіх вядуцца горныя работы. У шахтах вылучаюць гарызонт адкатачны (для перамяшчэння грузаў і людзей), вентыляцыйны выпуску (выпуск адбітай пароды), падсечкі (агаленне і абрушэнне горнага масіву) і скрэперавання (дастаўка карыснага выкапня на пагрузку). Пры адкрытай здабычы карысных выкапняў на гарызонт устанаўліваюць асн. горнае абсталяванне для распрацоўкі аднаго ўступа. Гл. таксама Ваданосны гарызонт, Маркіроўны гарызонт.

т. 5, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖА́ЎНЫ АРХІ́Ў РАСІ́ЙСКАЙ ФЕДЭРА́ЦЫІ.

Створаны ў 1992 y Macrae на базе Цэнтр. дзярж. архіва Кастр. рэвалюцыі, вышэйшых органаў дзярж. улады і органаў дзярж. кіравання СССР (ЦДАКР СССР) і Цэнтр. дзярж. архіва РСФСР (ЦДА РСФСР). Захоўваецца 3139 фондаў, 5,2 млн. спраў (1997). Сабраны матэрыялы па гісторыі рэв., грамадскага і нац.-вызв. руху народаў Рас. імперыі ў 19 — пач. 20 ст. Сярод іх дакументы Следчай камісіі Вярх. крымінальнага суда па справе дзекабрыстаў, 3-га аддзялення «ўласнай яго імператарскай вялікасці канцылярыі», Дэпартамента паліцыі, МУС, Маскоўскага і Пецярбургскага ахоўных аддзяленняў і інш. Есць дакументы Часовага ўрада, фонды па выбарах ва Устаноўчы сход, матэрыялы пра Кастр. паўстанне 1917. Зберагаюцца дакументы з’ездаў Саветаў, фонды ВЦВК, СНК, наркаматаў і мін-ваў СССР і РСФСР і інш. Вял. Айч. вайна 1941—45 адлюстравана ў лістах з фронту і на фронт, ваен. карэспандэнцыях, зводках Саўінфармбюро, тэкстах радыёперадач і інш. Сярод дакументаў гэтага перыяду — фонд Надзвычайнай дзярж. камісіі па выяўленні і расследаванні злачынстваў ням.-фаш. захопнікаў на часова акупіраванай тэр. СССР, матэрыялы Нюрнбергскага і Такійскага працэсаў над гал. ваен. злачынцамі 2-й сусв. вайны. Зберагаюцца мікрафотакопіі дакументаў па гісторыі Расіі і СССР, атрыманыя з замежных архіваў. Захоўваюцца фонды б. Рускага замежнага гіст. архіва, перададзенага Чэхаславакіяй у 1945. Сабрана калекцыя перыяд. выданняў, лістовак, плакатаў, картаў. На падставе дакументаў архіва падрыхтаваны шматлікія дакумент. выданні.

В.Дз.Селяменеў.

т. 6, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРУГА́Я ІМПЕ́РЫЯ,

перыяд праўлення ў Францыі імператара Напалеона III

[2.12.1852—4.9.1870],

які прыйшоў да ўлады ў выніку дзярж. перавароту, што скасаваў Другую рэспубліку. Вераснёўская рэвалюцыя 1870 знішчыла Д.і. і абвясціла Францыю рэспублікай.

ДРУГА́Я КАНФЕРЭ́НЦЫЯ КАМПА́РТЫІ ЛІТВЫ́ І ЗАХО́ДНЯЙ БЕЛАРУ́СІ.

Адбылася 2—4.2.1919 у Вільні. Прысутнічалі 32 дэлегаты з рашаючым і 32 з дарадчым голасам ад больш чым 5 тыс. чл. КПЛіЗБ. Парадак дня: справаздача ЦК (П.Эйдукевіч), тактыка партыі (К.Цыхоўскі), даклады з месцаў, сав. будаўніцтва, агр. пытанне (З.І.Ангарэціс), адносіны да Часовага рэв. рабоча-сял. ўрада, аб’яднанне Літ. і Бел. Сав. рэспублік. Канферэнцыя паставіла перад парт. арг-цыямі задачу мабілізаваць рабочы клас на далейшае развіццё рэвалюцыі, падкрэсліла, што «выбарчым правам могуць карыстацца толькі пралетарыі і паўпралетарыі». Парт. арг-цыям даручалася неадкладна пачаць узбройваць і абучаць ваен. справе ўсіх членаў партыі. Канферэнцыя выказалася супраць падзелу памешчыцкай зямлі паміж сялянамі, пастанавіла ў мэтах спынення спекуляцыі ўвесці манаполію на гандаль. Ухваліла дзейнасць Часовага рэв. рабоча-сял. ўрада на чале з В.С.Міцкевічам-Капсукасам і прыняла рашэнне пра аб’яднанне Літ. і Бел. Сав. рэспублік. У прынятай рэзалюцыі аб камсамоле гал. яго задачай вызначыла «падрыхтоўку свядомых барацьбітоў за камунізм». Адначасова ў Мінску праходзіў Першы Усебеларускі з’езд Саветаў, які прыняў пастанову пра аб’яднанне Беларусі і Літвы.

Літ.:

КП(б)Б у рэзалюцыях. Ч. 1 (1903—1921 гг.). Мн., 1934;

Борьба за Советскую власть в Литве в 1918—1920 гг.: Сб. док. Вильнюс, 1967.

У.М.Міхнюк.

т. 6, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)