ПРЭЦЭДЭ́Т [ад лац. praecedens (precedentis) папярэдні)] судовы, вынесенае судом па канкрэтнай справе рашэнне, абгрунтаванне якога становіцца правілам, абавязковым для ўсіх судоў той жа або ніжэйшай інстанцыі пры вырашэнні аналагічнай справы. П. адыгрываў важную ролю ўжо ў рымскай юстыцыі. У некат. краінах (напр., у Вялікабрытаніі, большасці штатаў ЗША, Канадзе, Аўстраліі) П. прызнаецца крыніцай права і ляжыць у аснове прававой сістэмы. У адпаведнасці з дактрынай, што пануе ў гэтых краінах, суддзя не стварае прававой нормы, а на падставе П. фармулюе толькі тое, што вынікае з агульных пачаткаў права. У інш. краінах П. мае значэнне для рашэння пытанняў прымянення права, для папаўнення прагалаў у законе, прызнання звычаю. На аснове П. ўносяцца асобныя дапаўненні ў дзеючае заканадаўства, даецца тлумачэнне закона.

т. 13, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)