ПЯТРО́Ў (Мікалай Іванавіч) (12.4.1840, с. Вазнясенскае Макар’еўскага р-на Кастрамской вобл., Расія — 20.6.1921),
украінскі гісторык, літаратуразнавец. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1916), акад. АН УССР (1919). Скончыў Кіеўскую духоўную акадэмію (1865), з 1876 яе прафесар. Аўтар «Нарысаў гісторыі ўкраінскай літаратуры XIX ст.» (1884) і «Нарысаў з гісторыі ўкраінскай літаратуры XVII—XVIII стст.» (1911). Даследаваў праблемы слав. літаратур («Аб уплыве заходнееўрапейскай літаратуры на старажытнарускую», 1872, «Гістарычны погляд на ўзаемныя адносіны паміж сербамі і рускімі ў адукацыі і літаратуры», 1876, «Заходнярускія палемічныя сачыненні» 1894), гісторыі тэатра («Драматычныя сачыненні Георгія Каніскага», 1878, «Стары паўднёварускі тэатр і ў асаблівасці вертэп», 1882), гісторыі царквы («Нарыс гісторыі базыльянскага ордэна», 1870), гісторыі Беларусі («Беларусь і Літва», 1890). Яму належаць працы па археалогіі, этнаграфіі, музейнай справе і інш.
В.Р.Кірэеў.
т. 13, с. 168
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)