КРЛЕ́ЖА ((Krleža) Міраслаў) (7.7.1893, г. Заграб, Харватыя — 29.12.1981),
харвацкі пісьменнік, публіцыст. Скончыў ваен. акадэмію ў Будапешце. З 1947 віцэ-прэзідэнт Паўднёваславянскай акадэміі навук і мастацтваў (г. Заграб). Друкаваўся з 1914. Праблемы светабудовы, веры, мастацтва ў сімволіка-алегарычных легендах «Маскарад», «Легенда» (абедзве 1914), «Кралева» (1915), «Крыстафор Калумб» (1918), «Мікеланджэла Буанароці» (1919). Услаўленне зямнога быцця ў паэмах «Пан» і «Тры сімфоніі» (абедзве 1917). Зб-кі «Вершы» (т. 1—3, 1918—19), «Лірыка» (1919), цыклы антымілітарысцкіх навел «Харвацкі бог Марс» (1922), «Тысяча і адна смерць» (1933), драма «Галіцыя» (1922) прысвечаны падзеям 1-й сусв. вайны. Сац., духоўная і псіхал. біяграфія некалькіх пакаленняў харватаў у раманах «Вяртанне Філіпа Лацінавіча» (1932), «На мяжы розуму» (1938), «Банкет у Блітве» (т. 1—3, 1938—62), «Сцягі» (т. 1—5, 1962—69), «Дзённік» (т. 1—5, 1977). Аўтар цыкла сямейна-быт. драм «Паны Глямбаевы» (1928—32), стылізаваных пад старадаўнюю паэзію «Балад Петрыцы Керампуха» (1936), артыкулаў, эсэ, мемуараў, дарожных нататак. Гал. рэдактар «Энцыклапедыі Югаславіі».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРО́ЗАВА (дзявочае Сакаўніна) Фядосся Пракопаўна
(21.5.1632, Масква — 12.11.1675),
дзяячка рус.расколу, паплечніца пратапопа Авакума, баярыня. Сваячка М.І.Міласлаўскай, жонкі цара Аляксея Міхайлавіча. У 1649 выдадзена замуж за баярына Г.І.Марозава, аўдавела ў 1662. Перабудавала хатні ўклад свайго жыцця на манастырскі ўзор, прымала ўсіх, каго праследавалі за старую веру. У М. жыў, вярнуўшыся ў 1664 са ссылкі, Авакум; перапісвалася з ім пасля яго другой ссылкі. У 1670 тайна пастрыглася ў манашкі пад імем Феадора. Разам з сястрой княгіняй Е.П.Урусавай 16.11.1671 зняволена за прыхільнасць да стараверства, непадпарадкаванне цару і патрыярху. Падверглася жорсткім катаванням, яе ўладанні канфіскаваны. У 1673 разам з Урусавай і жонкай стралецкага палкоўніка М.Г.Данілавай адпраўлена ў г. Бораўск (Калужская вобл.). Зняволеныя ў земляную турму, памерлі ад голаду. М. прысвечаны «Пра трох спаведніц слова плачэўнае» Авакума, «Аповесць пра баярыню Марозаву» (1670-я г.) ананімнага аўтара, малюнкі і карціны В.Сурыкава, В.Пярова і інш.
Літ.:
Повесть о боярыне Морозовой / Подготовка текстов и исслед. А.И.Мазунина. Л., 1979;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРЫЯ СЦЮ́АРТ (Mary Stuart; 7 ці 8.12.1542, г. Лінлітгаў, Вялікабрытанія — 8.2.1587),
каралева Шатландыі [з 1542, фактычна ў 1561—67] і Францыі (1559—60]. Дачка Якава V Шатландскага і Марыі Гіз (рэгентша ў час маленства М.С.). У 1548—61 жыла ў Францыі, з 1558 жонка франц. дафіна (з 1559 кароль Францыск II), пасля смерці якога ў 1561 вярнулася ў Шатландыю. Як праўнучка Генрыха VII (гл.Генрых, англ. каралі) прэтэндавала на англ. прастол. Апіралася на шатл. католікаў, што выклікала ў 1567 паўстанне шатл. кальвінісцкай знаці. Абвінавачаная ў саўдзеле ў забойстве свайго другога мужа лорда Дарнлі ў 1567 адраклася ад прастола на карысць сына (шатл. кароль Якаў VI; з 1603 англ. кароль Якаў I), у 1568 эмігрыравала ў Англію, дзе паводле загаду Лізаветы I была зняволена. Праз 19 гадоў абвінавачана ў падрыхтоўцы шэрагу змоў католікаў супраць Лізаветы, асуджана і пакарана смерцю. Трагічнаму лёсу М.С. прысвечаныліт. творы В.Альф’еры, Ф.Шылера, Ю.Славацкага, С.Цвэйга і інш.
Літ.:
Биркин К. Временщики и фаворитки XVI, XVII и XVIII столетий. М., 1992. Т. 1. С. 331—371;
Гусакова Н., Новик В. Две королевы // Женщины-легенды. Мн., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЛА́ШКІНА (Тамара Андрэеўна) (н. 13.9.1934, г. Астрахань, Расія),
расійская спявачка (лірыка-драм. сапрана). Нар.арт.СССР (1973). Скончыла Маскоўскую кансерваторыю (1959, клас А.Катульскай). У 1958—89 салістка Вял.т-ра. Валодае голасам прыгожага цёплага тэмбру вял. дыяпазону (больш за 2 актавы), роўным ва ўсіх рэгістрах, сцэн. абаяльнасцю. Выкананню ўласцівы шчырасць у перадачы пачуццяў, глыбокі псіхалагізм. Сярод партый: Ліза, Таццяна, Марыя, Іаланта («Пікавая дама», «Яўген Анегін», «Мазепа», «Іаланта» П.Чайкоўскага), Аіда, Лізавета, Леанора, Дэздэмона («Аіда», «Дон Карлас», «Трубадур», «Атэла» Дж.Вердзі), Валхава, Фяўроння («Садко», «Казанне пра нябачны горад Кіцеж...» М.Рымскага-Корсакава), Яраслаўна («Князь Ігар» А.Барадзіна), Донна Анна («Каменны госць» А.Даргамыжскага), Маргарыта («Фауст» Ш.Гуно), Тоска («Тоска» Дж.Пучыні), Наташа Растова, Любка («Вайна і мір», «Сямён Катко» С.Пракоф’ева), Катарына («Утаймаванне свавольніцы» В.Шабаліна). Выступала ў «Ла Скала» і інш. замежных т-рах, выконвала партыю драм. сапрана ў «Рэквіеме» Вердзі. Яе творчасці прысвечаны фільм «Чараўніца з горада Кіцежа» (1966). Дзярж. прэмія Расіі 1978.
Літ.:
Грошева Е. Тамара Милашкина // Певцы Большого театра СССР. М., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЗЕ́Й СТАРАЖЫТНАБЕЛАРУ́СКАЙ КУЛЬТУ́РЫІнстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нацыянальнай АН Беларусі.
Засн. ў 1977 у Мінску, адкрыты ў 1979 як цэнтр вывучэння і прапаганды бел.маст. спадчыны. Агульная пл. 1200 м², пл. экспазіцыі 600 м². Больш за 17 тыс. экспанатаў (2000), у т. л. 600 твораў іканапісу і жывапісу, 4,5 тыс.дэкар.-прыкладнога мастацтва, 170 скульптур, 2,6 тыс. узораў нар. ткацтва. Экспазіцыя мае раздзелы археалогіі (знаходкі з раскопак гарадоў і інш.археал. помнікаў Беларусі), мастацтва (абразы 16—18 ст., скульптура 16—19 ст., слуцкія паясы і інш. тканіны 18 ст., старадрукі і кніжная гравюра 16—18 ст., разьба, маст. вырабы з металу), этнаграфіі (ткацтва, нар. касцюмы канца 19 — пач. 20 ст., кераміка, нар.муз. інструменты, прылады працы, хатняе начынне, вырабы з саломкі і інш.). Асобны раздзел прысвечаны помнікам этнаграфіі і нар. мастацтва чарнобыльскай зоны. Мае навук. лабараторыю, вядзе выставачную дзейнасць.
Літ.:
Музей старажытнабеларускай скульптуры: Кат. экспазіцыі. Мн., 1983;
Музей старажытнабеларускай культуры. Мн., 1998.
В.Ф.Шматаў, А.А.Ярашэвіч.
Музей старажытнабеларускай культуры. Фрагмент экспазіцыі старажытнага жывапісу і мемарыяльнай скульптуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАДЗЕ́ЖДЗІН (Мікалай Іванавіч) (17.10.1804, г.п. Белаомут Лухавіцкага р-на Маскоўскай вобл. — 23.1.1856),
рускі крытык, журналіст, гісторык і этнограф. Скончыў Маскоўскую духоўную акадэмію (1824). У 1831—35 праф. Маскоўскага ун-та. З 1831 выдаваў час. «Телескоп» з дадаткам газ. «Молва», у якіх супрацоўнічаў В.Р.Бялінскі. За публікацыю «Філасафічнага пісьма» П.Чаадаева ў 1836 «Телескоп» закрыты, а Н. сасланы. У 1843—56 рэдактар «Журнала Министерства внутренних дел», адначасова з 1848 старшыня Аддзялення этнаграфіі Рус. геаграфічнага т-ва. Адзін з пачынальнікаў рас.літ. эстэтыкі, у якой развіваў ідэі Ф.Шэлінга. Адыграў значную ролю ў фарміраванні эстэт. прынцыпаў рэалізму. Аўтар літ.-крытычных арт. «Літаратурныя боязі за будучы год» (1828), «Гора ад розуму». Камедыя... А.Грыбаедава» (1831), цыклаў «Летапісы айчыннай літаратуры» (1832), «Рускі тэатр. Лісты ў Пецярбург» (1833), гіст., этнагр. прац, у т. л. «Пра гістарычную ісціну і дакладнасці» (1837), «Пра гаворкі рускай мовы» (1841) і інш. Распрацоўваў пытанні этнаграфіі славян. Беларусі прысвечаныарт. «Паўночна-Заходні край імперыі ў мінулым і сучасным выглядзе» (1843).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКАЛА́ЕВА (сапр.Валянская) Галіна Яўгенаўна
(18.2.1911, в. Усманка Марыінскага р-на Кемераўскай вобл., Расія — 18.10.1963),
руская пісьменніца. Скончыла Горкаўскі мед.ін-т (1935). Друкавалася з 1939. Пісала навелы, нарысы, вершы (зб. «Скрозь агонь», 1946). Раман «Жніво» (1950, Дзярж. прэмія СССР 1951; на яго аснове маст. фільм «Вяртанне Васіля Бортнікава», 1953) прысвечаны праблемам пасляваен. вёскі. У рамане «Бітва ў дарозе» (1957, экранізацыя 1961) узняты надзённыя сац. і маральныя праблемы, карціна жыцця сав. грамадства 1950-х г. Аўтар прысвечанай моладзі «Аповесці пра дырэктара МТС і галоўнага агранома» (1954), «Апавяданняў бабкі Васілісы пра цуды» (1962), напісаных на фалькл. аснове, няскончанага рамана «Моцнае ўзаемадзеянне» (урыўкі выд. 1964), кнігі нататак пра прыроду «Наш сад» (выд. 1964), апавяданняў. Паводле некат. твораў Н. зроблены інсцэніроўкі: п’есы «Васіль Бортнікаў» («Высокая хваля», 1952), «Першая вясна» (1955; абедзве разам з С.Радзінскім) і інш.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—3. М., 1987—88;
Завещание: Повести. Рассказы. Поэма. Стихи. Томск, 1990.
Літ.:
Воспоминания о Галине Николаевой. М., 1984;
Пичурин Л.Ф. Путь к «Битве...»: Страницы жизни Г.Е.Николаевой. Томск, 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ОКРА́ИНА»,
штодзённая грамадска-паліт. і літ. газета ліберальна-радыкальнага кірунку. Выдавалася з 30.7(12.8). 1907 да 25.5(7.6).1908 у Мінску на рус. мове. Развівала праграму забароненай газ.«Жизнь провинции». Цэнзура характарызавала яе як выданне «рэзка апазіцыйнага кірунку без ясна і пэўна вызначанай праграмы якой-небудзь партыі». Друкавала апошнія паведамленні, артыкулы грамадска-паліт. і літ.-маст. зместу, белетрыстыку, паэзію, мясц. хроніку, рэкламу, ілюстрацыі. Крытыкавала ўрадавую палітыку П.А.Сталыпіна, злоўжыванні мясц. улад, выступала супраць дыскрымінацыі «іншародцаў». Праблемам гістарыяграфіі, гісторыі, культуры прысвечаны даследаванні Д.Бохана «Польская народная паэзія», М.Метэрлінка «Псіхалогія няшчаснага выпадку», «Вялікі мастак» (пра Л.Талстога), М.Караліцкага «Ідэя творчасці ў творах Тургенева і Гаўптмана» і інш. Аўтары літ.-маст. аддзела арыентаваліся на традыцыі рэалізму і асветніцкую эстэтыку, прапагандавалі спадчыну рус., польск. і зах.-еўрап. л-ры і маст. культуры, станоўча ацанілі наватарства Л.Андрэева, К.Бальмонта, З.Гіпіус, У.Меерхольда, М.Мінскага, Г.Гаўптмана, Метэрлінка, Ф.Салагуба. Асвятляла тэатральнае і муз. жыццё Мінска. Выданне газеты прыпынена, пазней забаронена.
Літ.:
Конон В.М. Проблемы искусства и эстетики в общественной мысли Белоруссии начала XX в. Мн., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНФЁРАЎ (Фёдар Іванавіч) (2.10.1896, с. Паўлаўка Ульянаўскай вобл., Расія — 10.9.1960),
рускі пісьменнік. Вучыўся ў Саратаўскім ун-це (1923—25). З 1931 (з перапынкамі) гал. рэдактар час. «Октябрь». Друкаваўся з 1918. Раман «Брускі» (т. 1—4, 1928—37; па матывах рамана нап. п’есу «Жыццё», 1939; кінасцэнарый «У пошуках радасці», 1940) пра калектывізацыю ў прыволжскай вёсцы. Тэме Вял.Айч. вайны прысвечаны аповесці «Сваімі вачамі» (1941), «Рука пацяжэла» (1942), трылогія: раманы «Барацьба за мір» (1945—47, Дзярж. прэмія СССР 1948), «У краіне пераможаных» (1948, Дзярж. прэмія СССР 1949), «Вялікае мастацтва» (2-і варыянт 1954). Аўтар трылогіі «Волга-матухна рака» (1953—60), аповесцей «Роднае мінулае» (1956), «Сказанне пра Паволжа» (1957), п’ес «Мужыкі» (1924), «Бунт зямлі» (1926), кн. нарысаў «Берагавая быль» (1926), апавяданняў, літ.-крытычных артыкулаў і інш. На бел. мову асобныя яго творы пераклалі М.Багун, Т.Кляшторны.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—6. М., 1986;
Бел.пер. — Брускі. Ч. 1—2. Мн., 1932;
Цвёрдым поступам. Мн., 1932.
Літ.:
Стогнут А.С. Ф.И.Панферов. 2 изд. Киев, 1969;
Федор Панферов: Воспоминания друзей. 2 изд. М., 1977;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАМЕТЭ́Й,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі тытан (гл.Тытаны), багаборца, абаронца людзей ад дэспатызму багоў. Паводле міфаў, стварыў з зямлі і вады людзей, навучыў іх будаваць жыллё, вадзіць караблі, таксама астраноміі, медыцыне, пісьму. Выкраў з Алімпа і прынёс людзям агонь, за што раззлаваны Зеўс загадаў прыкаваць П. да скалы на Каўказе. Кожны дзень на працягу тысячагоддзяў да П. прылятаў арол і дзёўб яго печань, якая за ноч адрастала. Стогны П. чулі арганаўты ў час свайго падарожжа. Нарэшце з дазволу Зеўса Геракл забіў арла і вызваліў П. У стараж. Афінах культ П. шанавалі адначасова з культамі Гефеста і Афіны. Існавала свята ў гонар П. — праметэі — бег з факеламі. Вобраз П. — адзін з найб. значных у сусв. л-ры (П.Кальдэрон, Эсхіл, І.В.Гётэ, П.Б.Шэлі, Дж.Байран, Ф Кафка і інш.), яму прысвечаны творы выяўл. мастацтва (Л.Карачы, П.П.Рубенс, Я.Іорданс і інш.) і музыкі (Л.Бетховен, А.М.Скрабін і інш.).
Праметэй стварае першага чалавека (справа багіня Афіна). Фрагмент рэльефу саркафага. 3 ст.