СУХАВЕ́РХАЎ Уладзімір Паўлавіч (3.12.1908, г. Днепрапятроўск, Украіна —4.5.1977),

бел. жывапісец, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1955). Скончыў Віцебскі маст. тэхнікум (1930), Маскоўскі ін-т імя В.​Сурыкава (1946). З 1947 выкладаў у Мінскім маст. вучылішчы, з 1954 — у Бел. тэатр.-маст. ін-це. У 1954—56 старшыня праўлення Саюза мастакоў Беларусі. Працаваў у розных жанрах станковага жывапісу. Тэме гераізму ў Вял. Айч. вайну прысвечаны карціны «Сустрэча партызан з Савецкай Арміяй» (1946), «За родную Беларусь!» (1948); мірнай стваральнай працы — «Пераможам у працы» (1950), «Трактары ідуць» (1967). Выканаў партрэты ўдзельнікаў партыз. руху на Беларусі (1942—44), перадавікоў працы Мінскага трактарнага з-да К.​В.​Курчыцкай (1952), У.​П.​Шышко (1965), Я.​І.​Клімчанкі (1969); мастачкі С.​Лі (1946) і інш. Маляваў пейзажы: «Зіма» (1944), «Свіслач» (1945), «Зімовы вечар» (1948), «Дубцы» (1953), нацюрморты.

Г.​М.​Ярмоленка.

У.Сухаверхаў. За родную Беларусь! 1948.

т. 15, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)