Sc, хімічны элемент III групы перыяд. сістэмы, ат. н. 21, ат. м. 44,95591, адносіцца да рэдказямельных элементаў. У прыродзе адзін стабільны нуклід 45Sc. У зямной кары 1∙10−3% па масе. Існаванне С. прадказана Дз.І.Мендзялеевым у 1870; адкрыты ў 1879 швед. хімікам Л.Нільсанам, назва ад лац. Scandi(navia) па месцы адкрыцця.
Мяккі серабрысты метал з жоўтым адценнем, шчыльн. 3020 кг/м³, tпл 1541 °C, tкіп 2837 °C. Слабы парамагнетык. У паветры пакрываецца ахоўнай плёнкай сесквіаксіду Sc2O3. Пры 200 °C акісляецца кіслародам. Узаемадзейнічае з растворамі салянай, сернай, азотнай кіслот, пры награванні з вадародам, азотам (утварае нітрыд ScN), галагенамі (трыгалагеніды). З металамі ўтварае цвёрдыя растворы і інтэрметаліды. Атрымліваюць аднаўленнем трыфтарыду ScF3 ці трыхларыду ScCI3метал. кальцыем з наступнай перагонкай металу ў высокім вакууме. Выкарыстоўваюць С. як кампанент лёгкіх сплаваў з высокай трываласцю і каразійнай устойлівасцю, як гетэр, нейтронны фільтр у ядз. тэхніцы, Sc2O3 у вытв-сці ферытаў для элементаў памяці ЭВМ, штучных гранатаў, цвёрдых электралітаў (разам з дыаксідам цырконію) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРЫ́ТЫЙ (лац. Tritium),
звышцяжкі радыенуклід вадароду з масавым лікам 3. Абазначаецца T або 3H. Ядро Т. — трытон складаецца з пратона і 2 нейтронаў перыяд паўраспаду 12,35 года (β-выпрамяняльнік). Прыродны Т. у нязначнай колькасці ўтвараецца ў верхніх слаях атмасферы ў выніку ўзаемадзеяння касм. выпрамянення пераважна з ядрамі азоту (14N + n = 3T + 34Ne) і кіслароду; у прыроднай вадзе на 1018 атамаў 1H прыпадае ад 1 да 150 атамаў Т. Адкрыты ў 1934 Э.Рэзерфардам з супрацоўнікамі; назва ад грэч. tritos — трэці.
У звычайных умовах Т. — газ (tкіп -248,12 °C); малекулы двухатамныя T2. З кіслародам узаемадзейнічае пры пакаёвай т-ры з прычыны β-распаду; звышцяжкая вада T2O мае 101,55 °C, шчыльн. 1214,59 кг/м³ (20 °C). У прам-сці атрымліваюць у ядз. рэактарах пры апрамяненні літыю нейтронамі. Выкарыстоўваюць як кампанент паліва для тэрмаядз. сінтэзу, ізатопны індыкатар у хіміі, біялогіі, медыцыне. геафізіцы. Газападобны Т. па радыетаксічнасці адносіцца да групы Г (гл.Радыеактыўнае рэчыва); небяспечны пры пападанні ў арганізм праз скуру, лёгкія, з ежай і вадой.
Літ.:
Беловодский Л.Ф., Гаевой В.К., Гришмановский В.И. Тритий. М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЫНК (лац. Zincum),
Zn, хімічны элемент II групы перыяд. сістэмы, ат. н. 30, ат. м. 65,39. Прыродны Ц. складаецца з 5 стабільных нуклідаў з масавымі лікамі 64,66—68,70, найб. пашыраны 64Zn (48,6%). У зямной кары 7 10−3% па масе; найважн. мінералы: сфалерыт і вюрцыт. Адзін з біягенных элементаў, уваходзіць у састаў некат. ферментаў і гармонаў (сутачная патрэбнасць чалавека 15 мг). Сплаў Ц. з меддзю (гл.Латунь) вядомы з глыбокай старажытнасці.
Блакітнавата-белы метал, tпл 419,58 °C, tкіп 906,2 °C, шчыльн. 7133 кг/м³. У сухім паветры пакрываецца тонкай ахоўнай плёнкай цыпку аксіду, у вільготным, асабліва ў прысутнасці дыаксіду вугляроду, паступова разбураецца пры пакаёвай т-ры. Узаемадзейнічае з к-тамі і шчолачамі, аміякам і солямі амонію, вільготным хлорам і бромам (гл.Цынку злучэнні), пры награванні — з кіслародам, халькагенамі, фосфарам, мыш’яком і сурмой. Атрымліваюць пры перапрацоўцы сульфідных цынкавых і поліметал. руд. Выкарыстоўваюць як кампанент сплаваў (гл.Цынкавыя сплавы), для антыкаразійнага пакрыцця (цынкаванне) жалеза і сталі, вырабу дробных дэталей самалётаў і аўтамабіляў, электродаў хім. крыніц току.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЭ́ЗІЙ (лац. Caesium),
Cs, хімічны элемент I групы перыяд. сістэмы, ат. н. 55, ат. м. 132,905; адносіцца да шчолачных металаў. Прыродны Ц. — стабільны нуклід 133Cs. У зямной кары 3,7∙10−4% па масе, асн. мінерал — палуцыт. Адкрыты ў 1860 Р.В.Бунзенам і Р.Р.Кірхгофам, назва ад лац. caesium — блакітны (па ярка-сініх лініях у спектры).
Вельмі мяккі, легкаплаўкі (tпл 28,44 °C) серабрыста-белы метал, шчыльн. 1904 кг/м³ (20 °C). Хімічна найб. актыўны шчолачны метал. На паветры імгненна акісляецца з узгараннем (утвараецца надпераксід CsO2 з прымессю пераксіду CS2O3). З вадой, галагенамі і разбаўленымі к-тамі ўзаемадзейнічае з выбухам. Захоўваюць у ампулах са шкла пірэкс у атмасферы аргону або ў стальных герметычных пасудзінах пад слоем абязводжанага вазелінавага масла. Выкарыстоўваюць метал. Ц. як кампанент матэрыялаў катодаў для фотаэлементаў і фотаэлектронных памнажальнікаў, змазачных матэрыялаў для касм. тэхнікі, у вакуумных электронных прыборах; па́ру — як рабочае цела ў магнітагідрадынамічных генератарах, газавых лазерах, іонных ракетных рухавіках. Прадукты ядз. рэакцыі дзялення маюць значную колькасць розных радыенуклідаў Ц., найб. небяспечны з іх 137Cs (перыяд паўраспаду 30 гадоў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭКСТРА́КЦЫЯ, экстрагаванне (ад лац. extraho выцягваю),
вылучэнне рэчыва з вадкай або цвёрдай сумесі з дапамогай арган. растваральнікаў (экстрагентаў). Э. вадкасная ў адрозненне ад Э. з цвёрдага цела працякае ў гетэрагеннай сістэме вадкасць — вадкасць і з’яўляецца самаадвольным працэсам выраўноўвання хім. патэнцыялаў рэчываў у фазах, якія кантактуюць (гл.Раўнавага тэрмадынамічная).
Э. з цвёрдага цела ў вадкую фазу кінетычна падпарадкоўваецца законам масаабмену, дыфузіі, пераносу рэчыва, якое вылучаецца з цвёрдай фазы ў вадкую (гл.Пераносу з’явы). Экстрагент падбіраюць так, каб у ім добра раствараўся кампанент, які трэба вылучыць з сумесі, і не раствараліся (ці мала раствараліся) інш. кампаненты і зыходны растваральнік. Э. — адзін з найважн. метадаў раздзялення рэчываў, ачысткі іх ад дамешкаў. Выкарыстоўваецца для вылучэння арган. злучэнняў з расл. сыравіны, у гідраметалургіі (напр., для вылучэння медзі), для раздзялення рэдкіх элементаў, у аналіт. хіміі, вытв-сці порыстых пластмас, у радыёхіміі і інш.Гл. таксама Вышчалочванне.
Літ.:
Основы жидкостной экстракции. М., 1981;
Романков П.Г., Курочкина М.И. Экстрагирование из твёрдых материалов. Л., 1983;
Романков П.Г., Фролов В.Ф. Массообменные процессы химической технологии. Л., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРМА́НІЙ (лац. Germanium),
Ge, хімічны элемент IV групы перыядычнай сістэмы, ат. н. 32, ат. м. 72,59. Прыродны складаецца з 5 стабільных ізатопаў, найб. колькасць 74Ge (36,54%). У зямной кары 1,5∙10−4% па масе. Належыць да рассеяных элементаў. Адкрыты ў 1886 К.А.Вінклерам, названы ім у гонар яго радзімы (Германія).
Цвёрдае крохкае рэчыва серабрыстага колеру з метал. бляскам, tпл 938,25 °C, шчыльн. 5323 кг/м³ (25 °C), шчыльн. вадкага 5557 кг/м³ (1000 °C). Паўправаднік, шырыня забароненай зоны 0,66 эВ. Пры звычайных умовах устойлівы да ўздзеяння вады, кіслароду, разбаўленых к-т. Узаемадзейнічае з азотнай к-той, царскай гарэлкай, растворамі шчолачаў у прысутнасці акісляльніку (утварае солі германаты, пры награванні — з большасцю неметалаў. У паветры пры 700 °C акісляецца да германію дыаксіду. Пры сплаўленні з металамі ўтварае германіды — крохкія цвёрдыя рэчывы з метал. бляскам (напр., германід цырконію Zi5Ge3, tпл 2330 °C). Атрымліваюць з пабочных прадуктаў пры перапрацоўцы руд каляровых металаў, з попелу некаторых відаў вугалю, адходаў коксахім. вытв-сці. Выкарыстоўваюць у паўправадніковай тэхніцы для вырабу дыёдаў, транзістараў, тэрма- і фотарэзістараў; як кампанент сплаваў, матэрыял для лінзаў у прыладах інфрачырвонай тэхнікі і дэтэктараў іанізавальнага выпрамянення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛАВА, цына (лац. Stannum),
Sn, хімічны элемент IV групы перыяд. сістэмы, ат. н. 50, ат. м. 118,710. Прыроднае волава складаецца з 10 стабільных ізатопаў: 112Sn, 114Sn – 120Sn, 122Sn, 124Sn; найб. пашыраныя — 120Sn (32,59%) і 118Sn (24,22%). У зямной кары змяшчаецца 8∙10−3 % па масе. Трапляецца ў мінералах (гл.Алавяныя руды). Вядома з глыбокай старажытнасці (2-е тыс. да н.э.). Серабрыста-белы метал, мяккі і пластычны, tпл 231,91 °C, tкіп 2620 °C, паліморфны (гл.Полімарфізм); пры т-ры вышэй за 13,2 °C існуе белае волава (β-Sn, шчыльн. 7295 кг/м³), якое пры т-ры ніжэй за 13,12 °C пераходзіць у шэрае волава (α-Sn, шчыльн. 5846 кг/м³), пры гэтым метал ператвараецца ў шэры парашок. У звычайных умовах устойлівае да ўздзеяння вады і кіслароду, узаемадзейнічае з галагенамі, неарган. к-тамі, пры награванні — з дыаксідам вугляроду, неметаламі (серай, селенам, фосфарам і інш.), з растворамі шчолачаў, з металамі (кальцыем, магніем, тытанам і інш.) утварае інтэрметал. злучэнні (гл.Волава злучэнні). Атрымліваюць з алавяных руд і рэгенерацыяй адходаў. Выкарыстоўваюць як кампанент сплаваў бронза, латунь, бабіт (гл.Волава сплавы), для аховы металаў ад карозіі (луджэнне).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛАРЫ́Т (італьян. colorito ад лац. color колер, афарбоўка) у выяўленчым мастацтве (пераважна ў жывапісе), сістэма колеравых спалучэнняў, якая ўтварае візуальнае адзінства твора і з’яўляецца эстэт. ператварэннем колеравай разнастайнасці рэчаіснасці; важны кампанентмаст. вобраза і сродак эстэт. і эмацыянальнай выразнасці. Характар К. залежыць ад віду мастацтва, матэрыялу і функцыі твора, звязаны з яго зместам, эпохай, стылем, індывідуальнасцю майстра. Гістарычна склаліся 2 каларыстычныя тэндэнцыі. Адна заснавана на выкарыстанні спалучэнняў лакальных колераў, часта звязана з сімвалічным значэннем колеру (напр., у іканапісе); другой характэрна імкненне да найб. поўнай перадачы колеравага багацця рэчаіснасці, выкарыстанне тону, валёру і рэфлексу.
Паводле характару колеравых спалучэнняў адрозніваюць К. халодны (пераважаюць сінія, зялёныя, фіялетавыя тоны), цёплы (больш чырвоных, жоўтых, аранжавых тонаў), спакойны, напружаны; паводле насычанасці і сілы колеру — яркі, стрыманы, бляклы і інш. У залежнасці ад насычанасці святлом К. можа быць светлым або цёмным: раўнамерная асветленасць характэрна для К. італьян. майстроў Ранняга Адраджэння, агульнае зацяненне — для жывапісу Тыцыяна і Рэмбранта, пранізанасць адлюстравання святлом — для твораў імпрэсіяністаў (гл.Імпрэсіянізм) і г.д. Сярод бел. мастакоў-каларыстаў: В.Бялыніцкі-Біруля, М.Тарасікаў, В.Цвірка, І.Ахрэмчык і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЯРЫ́ЙНЫЯ КАМАРЫ́, анофелесы (Anopheles),
род насякомых сям. сапраўдных камароў атр. двухкрылых. Больш за 300 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў тропіках і субтропіках. На Беларусі 3 віды. Найб. трапляецца М.к. звычайны (A. maculipennis) М.к. з’яўляюцца пераносчыкамі плазмодыяў — узбуджальнікаў малярыі, тулярэміі, японскага энцэфаліту. М.к. звычайны таксама прамежкавы гаспадар паразітуючых на сабаках філярыід (гл.Філярыятоз). Жывуць паблізу вадаёмаў, у балоцістых мясцінах, каля населеных пунктаў. Кампанентгнюсу.
Даўж. да 8 мм. Цела жаўтавата-бурае. Крылы вузкія, закругленыя, з 4—5 бурымі плямкамі. Ногі доўгія. Вусікі 15-членікавыя, у самцоў з густымі доўгімі валаскамі. Ротавыя органы колюча-сысучыя. У адрозненне ад інш. камароў характэрная пастава М.к. — цела, узнятае пад вуглом да паверхні, уніз галавой. Самцы кормяцца сокамі раслін, самкі, апрача таго, пасля апладнення смокчуць кроў пазваночных жывёл і чалавека (высмоктваюць крыві больш, чым важаць самі). Яйцы, лічынкі і кукалкі развіваюцца ў вадзе. Лічынкі дыхаюць атм. паветрам, трымаюцца пад паверхняй вады. За год 3—5 генерацый. Для знішчэння лічынак выкарыстоўваюць інсектыцыды, рэпеленты і інш., разводзяць рыб (напр., гамбузія), якія кормяцца лічынкамі і кукалкамі насякомых (біял. метад).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ПАРАЦІ, папарацепадобныя (Polypodiophyta),
аддзел вышэйшых споравых раслін. 3 кл.: поліпадыяпсіды, маратыяпсіды, вужоўнікавыя, ці офіягласапсіды; 300 родаў, каля 12 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. Найб. колькасць відаў, якія адрозніваюцца паводле жыццёвых форм (наземныя, наскальныя, водныя П., эпіфіты, ліяны, дрэвападобныя П.) — у тропіках. На Беларусі 10 сям., 25 відаў. У Чырв. кнігу занесены 7 відаў П.: граздоўнікі віргінскі і рамонкалісты, касцянец пасценны, мнаганожка звычайная, пузырнік судэцкі, сальвінія плывучая, чыставуст каралеўскі.
Пераважна шматгадовыя, травяністыя або дрэвападобныя расліны з прыдаткавымі каранямі, сцёбламі і лісцем выш. ад некалькіх міліметраў да 25—30 м. Лісце (вайі) буйное, расчлененае, радзей суцэльнае, даўж. ад 2—4 мм да 30 м. Часта сумяшчае функцыі фотасінтэзу і споранашэння, у шэрагу П. яно дыферэнцыравана на стэрыльнае (фотасінтэзуючае) і са спарангіямі (фертыльнае), якія сабраны на ніжняй паверхні ліста. Са спор вырастае гаплоіднае палавое пакаленне — гаметафіт. Пасля апладнення, якое адбываецца пры наяўнасці вады, з зіготы ўтвараецца новы дыплоідны спарафіт. Вегетатыўнае размнажэнне — кавалкамі карэнішчаў, прыдаткавымі пупышкамі і інш. Адна з найб.стараж. груп вышэйшых раслін. Важны кампанент у наглебавым покрыве лясоў, вільготных лугоў і балот. Лек., харч., тэхн., дэкар. расліны.