ЭКСТРА́КЦЫЯ, экстрагаванне (ад лац. extraho выцягваю),
вылучэнне рэчыва з вадкай або цвёрдай сумесі з дапамогай арган. растваральнікаў (экстрагентаў). Э. вадкасная ў адрозненне ад Э. з цвёрдага цела працякае ў гетэрагеннай сістэме вадкасць — вадкасць і з’яўляецца самаадвольным працэсам выраўноўвання хім. патэнцыялаў рэчываў у фазах, якія кантактуюць (гл. Раўнавага тэрмадынамічная).
Э. з цвёрдага цела ў вадкую фазу кінетычна падпарадкоўваецца законам масаабмену, дыфузіі, пераносу рэчыва, якое вылучаецца з цвёрдай фазы ў вадкую (гл. Пераносу з’явы). Экстрагент падбіраюць так, каб у ім добра раствараўся кампанент, які трэба вылучыць з сумесі, і не раствараліся (ці мала раствараліся) інш. кампаненты і зыходны растваральнік. Э. — адзін з найважн. метадаў раздзялення рэчываў, ачысткі іх ад дамешкаў. Выкарыстоўваецца для вылучэння арган. злучэнняў з расл. сыравіны, у гідраметалургіі (напр., для вылучэння медзі), для раздзялення рэдкіх элементаў, у аналіт. хіміі, вытв-сці порыстых пластмас, у радыёхіміі і інш. Гл. таксама Вышчалочванне.
Літ.:
Основы жидкостной экстракции. М., 1981;
Романков П.Г., Курочкина М.И. Экстрагирование из твёрдых материалов. Л., 1983;
Романков П.Г., Фролов В.Ф. Массообменные процессы химической технологии. Л., 1990.
Т.І.Жукоўская.
т. 18, кн. 1, с. 79
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)