СКА́НДЫЙ (лац. Scandium),

Sc, хімічны элемент III групы перыяд. сістэмы, ат. н. 21, ат. м. 44,95591, адносіцца да рэдказямельных элементаў. У прыродзе адзін стабільны нуклід ​45Sc. У зямной кары 1∙10​−3% па масе. Існаванне С. прадказана Дз.​І.​Мендзялеевым у 1870; адкрыты ў 1879 швед. хімікам Л.​Нільсанам, назва ад лац. Scandi(navia) па месцы адкрыцця.

Мяккі серабрысты метал з жоўтым адценнем, шчыльн. 3020 кг/м³, tпл 1541 °C, tкіп 2837 °C. Слабы парамагнетык. У паветры пакрываецца ахоўнай плёнкай сесквіаксіду Sc2O3. Пры 200 °C акісляецца кіслародам. Узаемадзейнічае з растворамі салянай, сернай, азотнай кіслот, пры награванні з вадародам, азотам (утварае нітрыд ScN), галагенамі (трыгалагеніды). З металамі ўтварае цвёрдыя растворы і інтэрметаліды. Атрымліваюць аднаўленнем трыфтарыду ScF3 ці трыхларыду ScCI3 метал. кальцыем з наступнай перагонкай металу ў высокім вакууме. Выкарыстоўваюць С. як кампанент лёгкіх сплаваў з высокай трываласцю і каразійнай устойлівасцю, як гетэр, нейтронны фільтр у ядз. тэхніцы, Sc2O3 у вытв-сці ферытаў для элементаў памяці ЭВМ, штучных гранатаў, цвёрдых электралітаў (разам з дыаксідам цырконію) і інш.

т. 14, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)