ВЕРАШЧА́ГІН (Васіль Васілевіч) (26.10.1842, г. Чарапавец, Расія — 13.4.1904),
рускі жывапісец-баталіст. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1860—63), у майстэрні Ж.Л.Жэрома ў Парыжы (1864—65). Вандраваў па Расіі, Зах. Еўропе, Сірыі, Палесціне, Індыі, Японіі, ЗША і інш. Удзельнічаў у заваяванні Сярэдняй Азіі (1867—68), рус.-тур. (1877—78) і рус.-яп. (1904—05) войнах; загінуў у Порт-Артуры пры выбуху на браняносцы «Петрапаўлаўск». Быў блізкі да перасоўнікаў. У тэматычных серыях карцін «Туркестанская» (1871—74), «Балканская» (1877—78 і 1880-я г.), на тэму вайны 1812 (1887—1904) і інш. паказаў жорсткія будні вайны [«Пасля няўдачы. (Пераможаныя)», 1868], цяжар і героіку ратнай працы (трыптых «На Шыпцы ўсё спакойна!», 1878—79), мужнасць і маральную сілу народа-змагара («Не чапай, дай падысці!», 1887—95). У яго творах рамант. ўвасабленне ваен. сутыкненняў упершыню ў рус. батальным жанры саступіла месца філас. разважанням пра вайну («Апафеоз вайны», «Нападаюць знянацку», абедзве 1871), выкрыццю рэліг. фанатызму («Трыумфуюць», 1872), каланіялізму («Задушэнне індыйскага паўстання англічанамі», 1884). Па ўласных замалёўках і натурных эцюдах стварыў адметны жанр дакумент.-этнагр. жывапісу, дзе спалучыў дакумент. дакладнасць адлюстравання з дасканала распрацаванай кампазіцыяй, выразным малюнкам, каларыстычным рашэннем [«У гарах Алатау», 1869—70, «Дзверы Цімура (Тамерлана)», 1872—73, «Маўзалей Тадж-Махал у Агры», 1874—76, і інш.].
Тв.:
Избр. письма. М., 1981.
Літ.:
Верещагин В.В. Воспоминания сына художника. Л., 1982;
Лебедев А.К., Солодовников А.В. В.В.Верещагин. М., 1988.
амерыканскі кампазітар, піяніст. Паходзіў з сям’і (Гершовіч), якая эмігрыравала з Расіі. Сістэматычнай муз. адукацыі не атрымаў. Вучыўся ў Р.Гольдмарка (гармонія) і інш. Стварыў уласны муз. стыль, у якім арганічна спалучаюцца рысы імправізацыйнага джаза, элементы афра-амер. фальклору, амер. эстраднай і розных формаў еўрап. музыкі, у т. л.фп. стылю Ф.Ліста, М.Рахманінава («Рапсодыя ў блюзавых тонах», 1924), франц. імпрэсіянізму, верызму, баладнай оперы. Творчасць Гершвіна ахоплівае розныя муз.жанры. Яе вяршыня — папулярная ва ўсім свеце опера «Поргі і Бес» (1935), першая нац. опера, адзначаная глыбокім пранікненнем у негрыцянскі духоўны свет і муз. фальклор. Для яе характэрны шырокае выкарыстанне дыялогу, спалучэнне трагічнага і жанрава-камедыйнага пачатку. У мелодыцы оперы выяўляюцца ладава-гарманічныя і рытмічныя своеасаблівасці спірычуэлс, лірычных блюзаў, рэгтаймаў. Сярод інш. твораў: аперэты і мюзіклы «Ла, ла, Люсіль» (1919), «Лэдзі, будзьце добрыя» (1924), «О кей!» (1925), «Разалі» і «Смешны твар» (1927), «Хай грыміць аркестр» (1923), «Вар’ятка» (1930, паст. 1954), «Пра цябе я спяваю» (1932), «Хай яны ядуць кекс» (1933, усе паст. ў Нью-Йорку); для аркестра — сімф. сюіта «Амерыканец у Парыжы» (1928), «Кубінская уверцюра» (1932); для фп. з арк. — «2-я рапсодыя» (1931), канцэрт (1925); 3 прэлюдыі для фп. (1926), песні, музыка да кінафільмаў.
Літ.:
Волынский Э. Джордж Гершвин (1898—1937). 2 изд. Л., 1988;
Rushmore R. The life of G.Gershwin, man and legend. New York, 1966;
Schwartz C. Gershwin: his life and music. Indianapolis, 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАЧАНІ́НАЎ (Аляксандр Ціханавіч) (25.10.1864, Масква — 4.1.1956),
рускі кампазітар. Скончыў Маскоўскую і Пецярбургскую (1893, клас М.Рымскага-Корсакава) кансерваторыі. Пасля 1917 канцэртаваў як дырыжор і піяніст, праводзіў лекцыі-канцэрты. З 1925 жыў за мяжой (у Парыжы, з 1939 у Нью-Йорку). У творчай спадчыне найб. каштоўныя камерна-вак. і хар.жанры (больш за 100 рамансаў, цыклы хароў а капэла). Істотнае месца ў яго творчасці займае музыка для дзяцей і царкоўная (імкнуўся адрадзіць стыль старадаўняга рус. спявання і ўзбагаціць яго хар. фактуру). Працуючы ў Музычна-этнаграфічнай камісіі і Беларускай песеннай камісіі, глыбока адчуў своеасаблівасць ладава-інтанацыйнай будовы бел.муз. фальклору. Даў класічныя ўзоры апрацовак бел. песень (захаваліся 17 для голасу і фп., 11 для мяшанага хору). На тэмы нар. песень напісаў у Парыжы «Беларускую рапсодыю» для сімф. аркестра і п’есу для скрыпкі і фп. «Дар Белай Русі». Аўтар музыкі да п’есы В.Шашалевіча «Апраметная» (паст. 1926, БДТ-2). Сярод інш. твораў: 6 опер, у т. л. «Дабрыня Мікітавіч» (паст. 1903), «Сястра Беатрыса» (паст. 1912), «Жаніцьба» паводле М.Гогаля (паст. 1948), дзіцячыя «Сон елачкі» (1911), «Церамок» (1919), «Кот, певень і ліса» (1924); 5 сімфоній (1894—1937), сімф. паэма «Да перамогі» (1943), камерна-інстр. ансамблі, музыка да драм. спектакляў і інш.
Літ. тв.: Моя музыкальная жизнь. Париж, 1934.
Літ.:
Александров Ю. Страницы жизни // Сов. музыка. 1964. № 10;
Нелидова-Фавейская Л. Последние годы // Там жа;
Шырма Р.Р. Песня — душа народа. Мн., 1976. С. 39—42, 74—76.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАРГАМЫ́ЖСКІ (Аляксандр Сяргеевіч) (17.2.1813, с. Троіцкае Тульскай вобл., Расія — 17.1.1869),
рускі кампазітар; адзін з заснавальнікаў рус. класічнай муз. школы (разам з М.Глінкам). Атрымаў рознабаковую (у т. л.муз.) хатнюю адукацыю. Паслядоўнік Глінкі, самабытна развіваў яго традыцыі. Верны асн. прынцыпам народнасці, нац. характэрнасці музыкі, Д. праклаў новыя шляхі ў рус.муз. мастацтве, абнавіў прыёмы і сродкі муз. выразнасці. Яго найб. вядомы твор — опера «Русалка» (1856) знаменавала нараджэнне новага жанру — нар.-бытавой псіхал.муз. драмы. На аснове меладызаванага рэчытатыву, блізкага да жывых інтанацый гаворкі, стварыў тып рэчытатыўнай оперы («Каменны госць» на тэкст А.Пушкіна; скончана Ц.Кюі і М.Рымскім-Корсакавым, 1872). Д. ўпершыню ўвасобіў у музыцы тэму сац. няроўнасці, узбагаціў жанрывак. лірыкі: рамансы «Я вас любіў», «Вяселле», «Начны зефір», «І сумна, і нудна», песня «Млынар», драм. песня «Стары капрал», сатыр.-камічныя песні «Чарвяк», «Тытулярны саветнік». З інш. твораў: опера «Эсмеральда» (1847), опера-балет «Трыумф Вакха» (1848); для аркестра: жарт-фантазія «Баба-яга, або 3 Волгі nach Riga» (1862), «Маларасійскі казачок» (1864), «Чухонская фантазія» (1867). Д. акрэсліў новыя шляхі ў оперным і камерна-вак. жанрах, якія вядуць да творчасці М.Мусаргскага, П.Чайкоўскага і інш.рус. кампазітараў.
Літ. тв.: Избр. письма. Вып. 1. М., 1952.
Літ.:
Пекелис М. Даргомыжский и народная песня. М.; Л., 1951;
Яго ж. А.С.Даргомыжский и его окружение. Т. 1—3. М., 1966—83;
Скудина Г. Даргомыжский — восхождение к правде // Муз. жизнь. 1984. № 5.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУКО́ВІЧ (Васіль Аляксеевіч) (н. 7.11.1940, в. Забалацце Камянецкага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў Брэсцкі пед.ін-т (1964). Працаваў у брэсцкай раённай газ. «Заря над Бугом». на Брэсцкай студыі тэлебачання, у газ. «Знамя юности», выд-вах «Мастацкая літаратура» і «Юнацтва». Друкуецца з 1956. Распрацоўвае жанры лірычнага, публіцыст. і жартоўна-гумарыст. верша, байкі. прытчы, эпіграмы і інш. (зб. «Паклон», 1974, «Мелодыя святла», 1976, «Суседства», 1982, «Цана цішыні», 1985, «Твая місія», 1988, «Разняволенне», 1990). Асн. тэмы творчасці — маральна-этычныя праблемы, вясковае дзяцінства і юнацтва, краса роднай прыроды, балючы клопат пра нац. карані беларуса, стан роднай мовы, культуры. У творах для дзяцей — добрае веданне дзіцячай псіхалогіі, уменне даступна гаварыць з малым чытачом (зб. загадак «Казачны сад», «Крылатыя сябры», «Нашы памочнікі», усе 1976; зб. вершаў, казак, загадак «Тараскаў самакат», 1988, «Гуканне вясны», 1992, «Цудоўная краіна», 1997, «Ад казкі — да спектакля», 1998). Аўтар лібрэта оперы-казкі «Пра тое, што было» (1991, муз. Э.Казачкова). На тэксты Ж. напісаны многія песні. У прозе паказвае героя ў незвычайных абставінах (аповесць для дзяцей «Як адна вясна...», 1980), апавяданні «Дарчыны галубы», «Трывожны верасень», «Кволы». На бел. мову пераклаў зб. апавяданняў П.Цвіркі «Салавейка» (1974), кн. А.Наваі «Лірыка» (1993), паасобныя вершы Махтумкулі, А.Міцкевіча, А.Фета, С.Ясеніна. Т.Шаўчэнкі, Л.Украінкі, І.Франко, П.Грабоўскага, У.Сасюры, Л.Кастэнкі, І.Няходы, Т.Каламіец, П.Маха, Э.Межэлайціса, П.Мацева і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕМ ((Lem) Станіслаў) (н. 12.9.1921, г. Львоў, Украіна),
польскі пісьменнік; майстар навук. фантастыкі. Чл. Польскай АН у Кракаве (1994). Вучыўся ў Львоўскім мед. ін-це (1939—41), скончыў Ягелонскі ун-т у Кракаве (1948). Друкуецца з 1946. У шматлікіх творах у жанрынавук.-філас. фантастыкі (раманы «Астранаўты», 1951; «Дзённік, знойдзены ў ваннай», «Салярыс», абодва 1961, апошні экранізаваны ў 1972, рэж. А.Таркоўскі; «Голас Неба», 1968; «Насмарк», 1976; «Мір на зямлі», «Фіяска», абодва 1987, і інш.) разглядае ролю вынаходніцтваў у лёсе чалавецтва, узнімае праблемы маральнай адказнасці чалавека за вынікі сваіх дзеянняў. Аўтар дэтэктыўнага («Следства», 1959) і аўтабіягр. («Высокі замак», 1966) раманаў, зб-каў навук.-фантаст. апавяданняў «Сезам» (1954), «Зорныя дзённікі» (1957), «Уварванне з Альдэбарана» (1959), «Кніга робатаў» (1961), «Казкі робатаў» (1964), «Кіберыяда», «Паляванне» (абодва 1965), «Апавяданні пра пілота Піркса» (1968), «Бяссонніца» (1971). Яго проза адметная драматызмам калізій, глыбокім псіхалагізмам, багаццем палітры камічнага. Выдаў філас.-сацыялагічныя даследаванні «Дыялогі» (1957), «Сума тэхналогіі» (1964), філас.-літаратуразнаўчыя працы «Філасофія выпадку» (1968), «Фантастыка і футуралогія» (т. 1—2, 1970), літ. нарысы. На бел. мову асобныя творы Л. перакладаў М.Валошка. Дзярж. прэмія Польшчы 1976.
Тв.:
Бел.пер. — Прыгоды Піркса: Апавяданні. Мн., 1992;
Салярыс. Мн., 1994;
Рус.пер. — Собр. соч.Т. 1—2. Мн., 1992;
Собр. соч.: В 10 т. Т. 1—5. М., 1992—94.
Літ.:
Bereś S. Rozmowy ze Stanisławem Lemem. Kraków, 1987;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСТА́ЦКАЕ ЧЫТА́ННЕ,
публічнае выкананне твораў л-ры; від эстрады.
Вытокі М.ч. ў мастацтве дэкламацыіСтараж. Грэцыі і Рыма. У жанры М.ч. выступалі вядомыя зах.-еўрап. акцёры [браты Каклен, В.Дэжазэ (Францыя), І.Кайнц (Германія), Г.Ірвінг (Англія) і інш.]. Выразнае вуснае слова — у аснове нар. мастацтва скамарохаў, акынаў, ашугаў. У Расіі як прафес. М.ч. зарадзілася ў 19 ст. на вечарах літ. чытанняў М.Шчэпкіна. Майстрамі М.ч. былі В.Качалаў, І.Масквін, Дз.Арлоў, І.Ільінскі і інш.
На Беларусі заснавальнікам М.ч. лічыцца Сімяон Полацкі (у 1656 падрыхтаваў дэкламацыю «Прывітальныя вершы цару Аляксею Міхайлавічу»). У пач. 20 ст. з М.ч. выступалі акцёры т-ра Буйніцкага (А.Бурбіс, В.Буйніцкая, П.Швайка, Я.Хвеакціст і інш.), у 1920—30-я г. — У.Галубка (С.Бірыла, А.Блажэвіч, В.Вазнясенскі, Г.Качынская і інш.). З 1940-х г. М.ч. развіваецца як самастойны від выканальніцтва. Сярод бел. чытальнікаў Р.Дзідзенка, Г.Дзягілева, М.Зорын, М.Казінін, І.Лакштанаў, Г.Рыжкова, А.Слесарэнка, М.Шышкін. Па радыё і тэлебачанні з М.ч. выступалі і выступаюць артысты Г.Глебаў, П.Малчанаў, Б.Платонаў, Л.Рахленка, Л.Ржэцкая, І.Шаціла, В.Анісенка, Ф.Варанецкі, Л.Давідовіч, П.Дубашынскі, М.Захарэвіч, Р.Маленчанка, В.Тарасаў, Б.Уладамірскі, В.Шушкевіч і інш.
Літ.:
Аксенов В.Н. Искусство художественного слова. 2 изд. М., 1962;
Смоленский Я.М. Искусство звучащего слова. М., 1967;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАМФЛЕ́Т (ад англ. pamphlet лісток, які трымаюць у руцэ),
вострасатырычны твор, мэта і пафас якога — выкрыццё ў рэзкай і экспрэсіўнай форме паліт. з’яў пэўнага грамадства ці погляды і дзеянні канкрэтных асоб; жанр публіцыстыкі. П. ўласцівы тэндэнцыйнасць, агульнадаступнасць, сцісласць, вобразнасць характарыстык.
Вядомы са стараж. часоў. Некат. даследчыкі лічаць П. творы стараж.-грэч. філосафа і пісьменніка Лукіяна. Быў пашыраны ў эпоху Позняга Адраджэння, Рэфармацыі, асабліва ў эпоху Асветніцтва. Шырока вядомы ў л-ры Зах. Еўропы 19—20 ст. (В.Гюго, Э.Заля, Г.Ман і інш.). У рус. л-ры П. пісалі В.Бялінскі, А.Герцэн, Дз.Пісараў, Л.Талстой («Не магу маўчаць»), М.Горкі («Горад жоўтага д’ябла»), У.Маякоўскі («Маё адкрыццё Амерыкі»).
Рысы П. мелі творы бел. палемічнай л-ры канца 16—1-й пал. 17 ст. («Трэнас» М.Сматрыцкага, «Дыярыуш» Афанасія Філіповіча), «Прамова Мялешкі», «Ліст да Абуховіча», асобныя гутаркі 2-й пал. 19 ст. Майстрамі П. выявілі сябе К.Крапіва («Майстры крывавага джаза», «З фашыстоўскай падваротні» і інш.), К.Чорны («Кат у белай манішцы», «Далікацтва каля вісельні», «Берлінскі анучнік»), М.Лынькоў («Здарэнне ў пекле», «На злодзею шапка гарыць»). У гэтым жанры выступалі і выступаюць М.Пасладовіч, А.Бажко, І.Грамовіч, С.Паўлаў і інш. Спробу стварэння рамана-П. зрабіў І.Гурскі («Чужы хлеб», 1969).
Літ.:
Ткачев П.И. «Иду на «вы»: Заметки о памфлете. Мн., 1975;
Яго ж. «Сатиры злой звенящая строка...»: Природа смеха в памфлете. Мн., 1980;
Гончарова-Грабовская С.Я. Комедия-памфлет в жанровой системе драматургии XX в. Мн.;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЧЫТАТЫ́Ў (італьян. recitativo ад recitare дэкламаваць),
тып вакальнай, радзей інструм. мелодыкі, якая ўвасабляе інтанацыі, рытміку і агульную структуру натуральнай гаворкі, захоўваючы фіксаваны муз. строй; таксама назва раздзела ў оперы, кантаце, араторыі ў 17—19 ст., які папярэднічаў арыі (А.Скарлаці, І.С.Бах, В.А.Моцарт, Дж.Вердзі і інш.). Р. адрозніваюцца паводле моўнага прататыпу.
У фальклоры розных народаў — гэта абрадавыя песні, плачы-галашэнні і інш. Вылучаецца рэчытатыўная літургічная псалмодыя. У творах кампазітараў неапалітанскай опернай школы пач. 18 ст. склаліся 2 віды Р.: «secco», які імітаваў бытавую гаворку, і «accompagnato», арыентаваны на патэтычную тэатр. дэкламацыю. Р. у інстр. музыцы паявіўся пад уплывам оперы (Ф.Банпорці, Дж.Тарэлі, І.Кунаў і інш.). Пазней семантычныя магчымасці інстр. Р. ўзбагачаліся за кошт пераўтварэння ім новых інтанацыйных прататыпаў — культавай псалмодыі, фалькл. Р., кантрастнай і медытатыўнай унутр. мовы.
У бел. музыцы Р. прадстаўлены ў сольных і ансамблевых нумарах першых бел. опер (быў невыразны, часам пераважаў дэкламацыйны пачатак). Багатыя магчымасці Р. ў операх А.Багатырова, С.Картэса, Ю.Семянякі, Дз.Смольскага, А.Туранкова, Я.Цікоцкага, дзе ён гнутка адлюстроўвае эмац. стан герояў, адценні розных сітуацый у працэсе развіцця дзеяння. Магчымасці інстр. Р. шырока выкарыстаны ў бел.сімф. музыцы.
Літ.:
Друскин М.С. Речитатив в русской классической опере // Друскин М.С. Исследования. Воспоминания. Л.;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫ́ВАПІС,
від выяўленчага мастацтва, творы якога ствараюцца спосабам нанясення колеравых матэрыялаў на якую-небудзь цвёрдую аснову; адлюстроўвае рэчаіснасць, пераасэнсаваную творчай фантазіяй мастака як вынік эстэт. асваення свету. У залежнасці ад прызначэння твора, пануючага маст. стылю (готыка, рэнесанс, класіцызм, рэалізм і інш.), мастака Ж. дае ацэнку духоўнаму зместу эпохі і з’яўляецца дзейсным сродкам эстэт. выхавання грамадства. Як высокаразвітая форма чалавечай дзейнасці з’яўляецца сферай стварэння маст. каштоўнасцей.
Вызначальная спецыфічная асаблівасць Ж. — шматбаковае выкарыстанне выяўл. магчымасцей колеру для стварэння гарманічна цэласнай сістэмы (каларыту). Звычайна ўжываецца шэраг узаемазвязаных колераў і іх адценняў (гама колеравая), але існуе і Ж. адценнямі аднаго колеру (монахраматызм). З дапамогай колеру, малюнка, кампазіцыі, фактуры Ж. стварае маст. вобразы, якія могуць узнаўляць матэрыяльнасць свету, плоскаснасць і перспектыву прасторы, ствараць ілюзію руху, адлюстроўваць жывую прыроду ці адасобленыя ідэі (алегорыя, сімвал). Па сукупнасці матэрыялаў і тэхніцы іх выкарыстання вылучаюць алейны жывапіс, тэмперу, васковы жывапіс, фрэску, а сэка і інш Часам для выканання жывапісных работ выкарыстоўваюць акварэль, гуаш, эмаль, пастэль, туш. Непасрэдна з Ж звязаны вітраж, мазаіка, панарама і дыярама. Залежна ад прызначэння, характару вобразаў і выканання адрозніваюць манументальны жывапіс, станковы Ж. (карціна, абраз, гл.Станковае мастацтва), дэкаратыўны жывапіс, мініяцюру, дэкарацыйны Ж. (гл.Тэатральна-дэкарацыйнае мастацтва). Паводле тэматыкі і прадметаў адлюстравання Ж. падзяляецца на жанры: гістарычны жанр, бытавы жанр, анімалістычны жанр, батальны жанр, партрэт, пейзаж, нацюрморт і інш. Па тэхніцы пісьма адрозніваюць Ж шматслаёвы (з падмалёўкамі і лесіроўкамі) і Ж. у адзін прыём (альпрыма).
Ж. узнік у эпоху позняга палеаліту (40—8 тыс.г. назад). Захаваліся наскальныя размалёўкі (Пд Францыі, Пн Іспаніі і інш.) — выкананыя вохрамі, сажай і вуглем абстрактныя абагульненыя выявы асобных жывёл, пазней і сцэн палявання. Ж рабаўладальніцкага грамадства валодаў развітой вобразнай сістэмай, багатымі тэхн. сродкамі (гл. раздзелы па мастацтве ў аўт.Егіпет Старажытны, Індыя, Кітай, Антычнае мастацтва). У сярэдневякоўі ў Еўропе дамінаваў рэліг. Ж (гл.Іканапіс), які часам змяшчаў і гіст. сюжэты. Ж.Адраджэння сцвярджаў агульныя прынцыпы новага гуманіст. мастацтва (Рафаэль, Мікеланджэла, Леанарда да Вінчы, А.Дзюрэр, Я. ван Эйк і інш). У 17—18 ст. працэс развіцця еўрап. Ж ўскладніўся. Пачалі складвацца нац. школы ў Францыі (Ж. дэ Латур, Н.Пусэн, Ж.Л.Давід), у Італіі (М.Караваджа. П’етра да Картона, Дж.Цьепала), Іспаніі (Эль Грэка, Д.Веласкес, Ф.Сурбаран, Ф.Гоя), Фландрыі (П.П.Рубенс, Я.Іорданс, А. ван Дэйк), Галандыі (Ф.Халс, Рэмбрант, Я.Вермер), Англіі (Т.Гейнсбара, У.Хогарт), Расіі (Ф.Рокатаў, Дз.Лявіцкі, У.Баравікоўскі). Пашырылася і сістэма жанраў, паглыбілася псіхалагічная праблематыка. Сфарміраваліся розныя жывапісныя сістэмы з агульнымі стылявымі прыкметамі (дынамічны Ж барока з характэрнай незамкнутай, спіралепадобнай кампазіцыяй; Ж класіцызму з дакладным, строгім і ясным малюнкам; Ж. ракако з гульнёй вытанчаных нюансаў колеру, светлых і бляклых тонаў) і не акрэсленыя стылявымі рамкамі. Развіліся больш камерныя, тонкія тэхнікі Ж (пастэль, акварэль, партрэтная мініяцюра). У 19 ст. склалася нац. школа Ж. ў Амерыцы (гл. ў арт.Злучаныя Штаты Амерыкі). Пашырыліся маст. сувязі паміж Еўропай і інш. часткамі свету, вынікам чаго стаў пэўны ўзаемаўплыў Ж розных рэгіёнаў. У канцы 19 ст. ў барацьбе з познім класіцызмам, акадэмізмам і натуралізмам склаўся Ж рамантызму з яго актыўнай цікавасцю да драм. падзей гісторыі і сучаснасці, насычанасцю каларыту (Т.Жэрыко, Э.Дэлакруа, А.А.Іванаў). Ж. рэалізму імкнуўся да дакладнага, пераканаўчага адлюстравання жыцця (Дж.Констэбл, К.Каро, А.Дам’е). Для сцвярджэння рэаліст. Ж.Расіі вял. значэнне мела Т-ва перасоўных мастацкіх выставак (гл.Перасоўнікі). У развіцці каларызму і пленэрнага Ж. важную ролю адыграў імпрэсіянізм (Э.Дэга, А.Рэнуар, К.Манэ і інш.). У канцы 19 — пач. 20 ст. характар Ж. стаў асабліва складаным і супярэчлівым: суіснавалі, узаемаўплывалі і змагаліся паміж сабою разнастайныя рэаліст. і авангардысцкія плыні (фавізм, футурызм, лучызм, кубізм, мадэрн, абстракцыянізм і інш.), што выявілася ў творчасці буйнейшых мастакоў таго часу: П.Пікасо, А.Матыса, Ф.Лежэ, Р.Дэланэ ў Францыі; Д.Рыверы, Д.Сікейраса ў Мексіцы; Р.Гутуза ў Італіі; Дж.Полака ў ЗША. У 1940—50-я г. ў зах.-еўрап. і амер. мастацтве найб. распаўсюджаным стылем быў сюррэалізм, які да 1960-х г. саступіў лідэрства поп-арту. З канца 1960-х г. Ж. актыўна развіваецца ў напрамках опарта, кінетычнага мастацтва, гіперрэалізму і інш., а таксама ў рэаліст. кірунку.
На Беларусі Ж. вядомы з 11—12 ст. Ён развіваўся як самабытная з’ява ў рэчышчы мастацтва ўсх. славян пад уплывам візантыйскага і зах.-еўрап. (фрэскі Полацкай Спаса-Ефрасіннеўскай царквы, мініяцюры Тураўскага евангелля, Аршанскага евангелля). Твораў станковага Ж. таго перыяду практычна не захавалася. У пач. 16 ст. склалася беларуская іканапісная школа; паступова ў рэліг. кампазіцыі сталі пранікаць гіст. сюжэты, выявы фундатараў і інш., вызначылася тэндэнцыя да развіцця свецкага Ж. Канец 16—18 ст. пазначаны росквітам параднага, т. зв. сармацкага. партрэта (партрэт Аляксандра Астрожскага невядомага мастака. 17 ст.). У канцы 18—19 ст. ў бел. Ж. дамінавалі класіцызм і рамантызм (творы І.Аляшкевіча, В.Ваньковіча, Я.Дамеля, Я.Сухадольскага). Пашырыліся жанры пейзажа (творчасць В.Дмахоўскага. К.Русецкага, Ф.Смуглевіча), нацюрморта, які ўводзіўся і ў інш.жанры (І.Хруцкі). Вял. ролю ў развіцці бел. Ж. адыгралі Віленская мастацкая школа і Пецярбургская АМ. У 2-й пал. 19 ст. пад уплывам рус. мастацтва развіліся тэндэнцыі крытычнага рэалізму («На этапе» К.Альхімовіча, «Салдат з хлопчыкам» Н.Селівановіча і інш.). У канцы 19 — пач. 20 ст. самым пашыраным жанрам стаў пейзаж (творы В.Бялыніцкага-Бірулі. Ф.Рушчыца), які вылучаўся высокай самабытнай культурай каларыту. Жывапісныя творы прадстаўнікоў дэмакр. кірунку мелі яскрава выражаны сац. характар («Зямля» і «Эмігранты» Рушчыца, «Шэсце навальніцы» К.Стаброўскага і інш.). Для творчасці мастакоў 1920—30-х г. характэрна актыўнае пераасэнсаванне асн.еўрап. стыляў і накірункаў, пошукі нац. стылістыкі і палітры (Бялыніцкі-Біруля, Я.Драздовіч, У.Кудрэвіч, Ю.Пэн, П.Сергіевіч, М.Сеўрук, М.Станюта, М.Філіповіч, М.Шагал; дзейнасць Віцебскага народнага мастацкага вучылішча). З канца 1930-х г. у бел. Ж. склаўся метад т. зв. сацрэалізму. асн. прыкметамі якога сталі рэаліст. трактоўка дэталей, спрошчаная ідэалізацыя тыпажу, гераізацыя рэв. гісторыі і сучаснасці, паліт ангажыраванасць У гады Вял.Айч. вайны ў Ж. пераважалі сюжэтна-тэматычная карціна, батальны і партрэтны жанры (творы Я.Зайцава, Сергіевіча, У.Сухаверхава, В.Волкава, А.Шыбнёва) Тэма вайны і яе эмацыянальнае асэнсаванне дамінавалі да канца 1950-х г. Своеасаблівасць бел. прыроды паказана ў творах Бялыніцкага-Бірулі. У 1960-я г. ў бел. Ж. пераважаў т. зв. суровы стыль, якому ўласцівы абагульненасць форм, манументальнасць і сімвалічнасць вобразаў, някідкі каларыт (творы Г.Вашчанкі, В.Грамыкі, М.Савіцкага і інш.). З 2-й пал. 1970-х г. узнікла цікавасць да нац. гісторыі, нар. спадчыны. Пашырылася стылістычная і жанравая разнастайнасць Бел. асветнікам. дзеячам культуры і гісторыі прысвячалі свае творы Вашчанка, А.Марачкін, Г.Скрыпнічэнка, Ф.Янушкевіч; завершанасцю і эмацыянальнай змястоўнасцю вылучаюцца пейзажы П.Масленікава, І.Рэя, В.Цвіркі, Л.Шчамялёва, У.Маскоўскіх, творы Р.Таболіча, М.Апіёка; самабытны характар бел. нацюрморта выяўлены ў творчасці В.Жолтак, В.Свентахоўскай. З сярэдзіны 1980-х г. як альтэрнатыва афіцыйнаму мастацтву ўзнік андэрграўнд, у якім тэмай Ж. з’яўляліся самі выяўл. сродкі. Для Ж. пачатку 1990-х г. характэрны разнапланавасць кірункаў, імкненне да сінтэзу жанраў і стылістыкі як сродку абнаўлення маст. мовы (М.Селяшчук, А.Задорын, Л.Хобатаў, В.Захарынскі, Р.Заслонаў і інш). Важную ролю ў развіцці бел. школы Ж. адыграла адкрыццё ў 1947 Мінскага маст. вучылішча, у 1953 — маст. ф-та Бел.тэатр.-маст. ін-та (з 1991 БелАМ). Іл.гл. таксама да арт.Іканапіс, Беларуская іканапісная школа, Манументальны жывапіс, Станковае мастацтва, Тэатральна-дэкаратыўнае мастацтва, а таксама да арт. пра асобныя стылі і жанры мастацтва.
Літ.:
Всеобщая история искусств. Т. 1—6. М., 1956—66;
Ильина Т.В. История искусств: Западноевроп. искусство. 2 изд. М., 1993;
Гісторыя беларускага мастацтва. Т. 1—6. Мн., 1987—94.