О́РДА (Напалеон) (11.2.1807, в. Варацэвічы Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл. — 26.4.1883),

піяніст, кампазітар, педагог, муз. пісьменнік, мастак. Творчасць звязана з маст. жыццём Беларусі і Польшчы. З 1823 вучыўся ў Віленскім ун-це, з якога ў 1827 выключаны за прыналежнасць да тайнага студэнцкага т-ва «Заране». Удзельнік паўстання 1830—31, пасля яго задушэння эмігрыраваў у Францыю, дзе ў 1833 удасканальваў майстэрства ігры на фп. ў Ф.​Шапэна. У 1838 выдаў «Альбом твораў польскіх кампазітараў», свае творы для фп. (паланэзы, вальсы, серэнады, мазуркі), рамансы і песні на словы С.​Вітвіцкага і А.​Плуга. У сярэдзіне 1840-х г. — дырэктар Італьянскай оперы ў Парыжы; там жа атрымаў маст. адукацыю ў студыі П.​Жэрара. З 1856 жыў у Варацэвічах, у 1862—63 у Гродне, потым на Валыні, быў хатнім настаўнікам музыкі. Лепшыя яго муз. творы, асабліва паланэзы, вызначаюцца маштабнасцю, віртуозным стылем, меладычнасцю, драматызмам, разнастайнасцю і багаццем фактуры; у некат. творах пераважае лірычны пачатак, у паланэзах назіраецца імкненне да «паэмнасці», што характэрна для эвалюцыі жанру ў сярэдзіне 19 ст. Аўтар «Граматыкі музыкі» (Варшава, 1873). Шмат падарожнічаў па Беларусі, Украіне, Польшчы і Літве, рабіў замалёўкі мясцін, звязаных з жыццём вядомых людзей, і арх. помнікаў. Вял. каштоўнасць для гісторыі архітэктуры маюць арх. замалёўкі (больш за 200 па Беларусі), якія вызначаюцца строгай дакументальнасцю. Паводле яго малюнкаў і акварэлей у 1873—83 створаны (мастак А.​Місуровіч) і выдадзены ў Варшаве літаграфіі (260 графічных аркушаў у 8 серыях). У г. Іванава Брэсцкай вобл. пастаўлены помнік О. (1997, скульпт. І.​Голубеў). Іл. гл. таксама да арт. Беларусь, Графіка, Класіцызм, Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс.

Літ.:

Дробаў Л. Напалеон Орда — мастак і збіральнік // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1971. № 3;

Ахвердова Е. Друг Мицкевича и Шопена // Неман. 1983. № 6;

Яе ж. Пачынальнікі беларускага піянізму // Мастацтва Беларусі. 1985. № 2;

Якімовіч Ю.А. Беларуская архітэктура ў малюнках Напалеона Орды // Там жа 1983. № 7.

Л.​Н.​Дробаў.

Н.Орда.
Н.Орда Бярозаўскі касцёл і кляштар картэзіянцаў.

т. 11, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАЦО́ЎНЫ ДАГАВО́Р,

пагадненне паміж работнікам і наймальнікам. Паводле П.д. работнік абавязваецца выконваць работу па адной або некалькіх прафесіях, спецыяльнасцях або пасадах адпаведнай кваліфікацыі і выконваць унутраны прац. распарадак; наймальнік абавязваецца прадастаўляць работніку абумоўленую П.д. работу, забяспечваць умовы працы, прадугледжаныя заканадаўствам аб працы, лакальнымі нарматыўнымі актамі і пагадненнямі бакоў, своечасова выплачваць работніку заработную плату. Дагаворнымі бакамі з’яўляюцца наймальнік і работнік, якія знаходзяцца паміж сабой у прац. адносінах на аснове П.д. Па агульным для наймальнікаў правіле не дапускаецца заключэнне П.д. з асобамі да 16 гадоў. П.д. можа быць заключаны з асобай, што дасягнула 14 гадоў, з пісьмовай згоды аднаго з бацькоў (усынавіцеля, папячыцеля) для выканання лёгкай працы, якая не прычыніць шкоды здароўю і не парушыць працэс навучання.

Умовы П.Д., што вызначаюць сукупнасць правоў і абавязкаў дагаворных бакоў, складаюць яго змест. У П.д. павінны быць: звесткі пра работніка і наймальніка; месца работы з указаннем структурнага падраздзялення, куды работнік уладкоўваецца; працоўныя функцыі работніка; асн. правы і абавязкі работніка і наймальніка; тэрмін П.д. (для тэрміновага дагавора); рэжым працы і адпачынку (у выпадку адрознення ад агульнаўстаноўленага); умовы аплаты працы. Паводле пагаднення бакоў у П.д. могуць быць уключаны і інш. (дадатковыя) умовы, абавязковыя для абодвух бакоў. Пасля заключэння П.д. яго бакі набываюць правы і нясуць абавязкі, замацаваныя ў заканадаўстве аб працы, калект. дагаворы і ў лакальных актах наймальніка.

П.д. можа быць заключаны на няпэўны ці пэўны тэрмін, але не больш як на 5 гадоў; на час выканання пэўнай работы; на час выканання абавязкаў часова адсутнага работніка, за якім захоўваецца месца работы; на час выканання сезонных работ. П.д. заключаецца ў пісьмовай форме і падпісваецца бакамі. Пасля заключэння П.д. прыём на работу афармляецца загадам (распараджэннем). Заканадаўства Рэспублікі Беларусь прадугледжвае таксама такі від П.д., як кантракт, які заключаецца на пэўны тэрмін, і мае асаблівасці ў параўнанні з агульнымі нормамі заканадаўства аб працы і прадугледжвае кампенсацыю за пагаршэнне прававога становішча работніка.

М.​І.​Тарасевіч.

т. 13, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКЛАД у мовазнаўстве,

частка слова, утвораная галосным гукам або яго спалучэннем з зычнымі на аснове злітнага з імі вымаўлення. У залежнасці ад прынцыпаў складападзелу існуе некалькі тэорый будовы С. У бел. мове складаўтваральныя галосныя «а», «э», «о», «у», «і», «ы» з адным («гэ», «ра»), двума («збы», «цаў»), трыма («стра», «сква», «клас»), чатырма («гвалт», «пстры») і большай колькасцю зычных, часам толькі галоснымі (акрамя «ы»): «у-бок», «а-сабліва», «і-мя». У слове бывае ад 1 да 6 і болей С. У вуснай мове пераважаюць словы больш кароткія па колькасці С. У бел. мове больш слоў 1- і 2-складовых. С. бываюць націскныя (вымаўляецца больш выразна і напружана, аднак сіла, працягласць, вышыня тону гучання не заўсёды мацней і даўжэй за ненаціскны) і ненаціскныя (пераднаціскныя: «па-ляў-нічымі», паслянаціскныя: «паляўні-чы-мі»). У слове з 5 і болей С. з націскам на 1-м С. ўзнікае пабочны націск на перадапошнім С. («вы-ра-та-ва-ны-мі»). Ад месца С. ў слове залежыць іх падзел на пачатковыя (характэрна большая гучнасць і разнастайнасць спалучэння зычных: «ка-валак»), канцавыя і неканцавыя («кло-паты»). У залежнасці ад месца галоснага С. бываюць адкрытыя (на канцы галосны: «два») і закрытыя (на канцы зычны: «дах»), непрыкрытыя (пачынаецца з галоснага: «эх») і прыкрытыя (пачынаецца з зычнага: «вугал»). Адкрытыя і закрытыя С. могуць быць прыкрытымі («мы», «дах») і непрыкрытымі («а», «іл»). Адкрытымі непрыкрытымі могуць быць толькі С., утвораныя адным галосным; найб. колькасць тыпаў С. — прыкрытыя. У бел. мове (у параўнанні з рус.) больш адкрытых і менш непрыкрытых С. Колькасцю С., вымаўленых за адзінку часу (секунду, мінуту), вымяраецца тэмп маўлення. Сярэдні тэмп маўлення на бел. мове — 3 С. ў секунду.

Літ.:

Беларуская граматыка. Ч. 1. Мн., 1985.

Г.​В.​Лосік.

т. 14, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛАНЫ́, слановыя (Elephantidae),

сямейства млекакормячых атр. хобатных. Вядомы з верхняга міяцэну — ніжняга пліяцэну. 2 роды, у кожным па 1 відзе: афрыканскі С. (Loxodonta africana) з 2 падвідамі (зрэдку даюць як самастойныя віды) — саваннавы, або кустовы, С. (L.a. africana), які жыве пераважна ў аблесенай саванне Усх. і Паўд. Афрыкі; лясны С. (L.a. cyctolis) — пераважна ў дажджавых трапічных лясах Зах. Афрыкі. Індыйскі С. (Elephas maximus) жыве ў лясных абласцях Паўд.-Усх. Азіі. Абодва віды ў Чырв. кнізе МСАП. Да сям. С. належыць мамант. На Беларусі знойдзены рэшткі С. паўднёвага (Archidiskodon meridionalis), які быў пашыраны ў раннім антрапагене і выцесніў трацічных мастадонтаў. Выш. яго ў плячах больш за 3,7 м. Лічыцца продкам афрыканскіх С. і маманта. Знойдзены рэшткі С. трагантэрыевага (A. trogontherii), які быў пашыраны ў раннім антрапагене. Самы буйны з еўрап. С., у плячах выш. да 4,5 м, біўні даўж. да 5 м. Цела, магчыма, было пакрыта поўсцю. Пераходным відам паміж трагантэрыевым С. і мамантам быў хазарскі мамант, ці С., (Mammuthus chosaricus), рэшткі якога таксама знойдзены на Беларусі. Меў густую поўсць і доўгія біўні, па памерах значна большы за маманта.

Даўж. афрыканскага С. ад канца хобата да канца хваста да 7 м (хобат да 2 м, хвост да 1,5 м). Выш. ў карку да 4,5 м, маса да 7,5 т. Індыйскі С. меншы (выш. цела да 3.2 м. маса да 5 т). Самкі драбнейшыя. Орган дотыку, нюху і хапання — рухомы хобат (зрослыя верхняя губа і нос). Развітыя другія разцы, што ў верхняй сківіцы ўтвараюць біўні і растуць усё жыццё. Скура тоўстая (да 3 см), амаль голая, укрытая рэдкімі шорсткімі валасамі. Расліннаедныя Жывуць С. 70—80 гадоў, палаваспеласці дасягаюць у 10—20 гадоў, цяжарнасць да 2 гадоў. Нараджаюць 1 дзіцяня масай да 100 кг раз у 4 гады.

Сланы: 1 — афрыканскі; 2 — індыйскі.

т. 14, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАССЕ́ЯННЕ СВЯТЛА́,

змена характарыстык святла (напрамку распаўсюджвання, інтэнсіўнасці, частотнага спектра, палярызацыі) пры яго ўзаемадзеянні з рэчывам, што ўспрымаецца як няўласнае свячэнне рэчыва. Паслядоўнае апісанне Р.с. магчыма ў рамках квантавай тэорыі ўзаемадзеяння выпрамянення з рэчывам, аднак у многіх выпадках выкарыстоўваюць хвалевую тэорыю выпрамянення, паводле якой падаючая хваля ўзбуджае ў асяроддзі вымушаныя ваганні эл. зарадаў, якія становяцца крыніцамі другасных эл.магн. хваль.

Р.с. пругкае, калі яно адбываецца без пераўтварэння частаты (гл. Рэлея закон), і няпругкае, калі частата мяняецца; кагерэнтнае, калі фаза рассеянай хвалі адназначна вызначаецца фазай падаючай хвалі, у інш. выпадках — некагерэнтнае. У залежнасці ад саставу і стану рассейвальнага асяроддзя Р.с. адбываецца на розных кампанентах. Р.с. свабодным электронам з’яўляецца пругкім, інтэнсіўнасць рассеяння ўперад і назад удвая большая, чым у перпендыкулярным напрамку, і не залежыць ад даўжыні хвалі святла. Р.с. асобным атамам вельмі залежыць ад частаты падаючага святла ω : пры ω, параўнальным з частатой уласных ваганняў электронаў атама ω0, інтэнсіўнасць рассеяння прапарцыянальная ω​4 (закон Рэлея); пры рэзанансе (ω = ω0) Р.с. ўзрастае. Пры рассеянні малекуламі акрамя пругкага (аналагічнага атамнаму) можа ўзнікаць і няпругкае рассеянне са зрухам па частаце, інтэнсіўнасць якога на некалькі парадкаў меншая за рэлееўскае (гл. Камбінацыйнае рассеянне святла). Р.с. буйнымі ўтварэннямі абумоўлена флуктуацыямі аптычнай шчыльнасці асяроддзя па прасторы, якія могуць узнікаць з-за наяўнасці ў асяроддзі іншародных цел (кроплі вады, пылінкі ў паветры, суспензіі, украпіны ў крышталях і інш.) ці з прычыны цеплавых флуктуацый шчыльнасці аднароднага рэчыва (малекулярнае Р.с.). Рух абласцей неаднароднасці асяроддзя прыводзіць да ўзнікнення ў Р.с. зрушаных па частаце ліній, напр. пры гіпергуку. Пры вял. колькасці цэнтраў рассеяння акрамя элементарнага акта рассеяння ўзнікае шматразовае рассеянне паміж імі. Са з’яўленнем высокамонахраматычных магутных крыніц святла — лазераў, якія ствараюць у асяроддзі вял. шчыльнасці эл.-магн. выпрамянення, стала магчымым назіраць новыя віды Р.с. Розныя тыпы вымушанага Р.с. даюць магчымасць атрымліваць пасля ўзаемадзеяння з асяроддзем шмат дадатковых высокаінтэнсіўных ліній, што выкарыстоўваецца ў лазернай тэхніцы. Р.с. шырока выкарыстоўваецца пры даследаваннях розных фіз., хім., біял. працэсаў і з’яў. Спектры Р.с. даюць магчымасць вызначаць малекулярныя і атамныя характарыстыкі рэчыва. На Р.с. заснаваны многія метады вызначэння памераў, формы часціц, іх канцэнтрацыі і скорасці руху ў асяроддзі.

На Беларусі даследаванні па праблемах Р.с. праводзяцца ў Ін-це фізікі, Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі і Ін-це прыкладной оптыкі Нац. АН Беларусі, БПА.

Літ.:

Хюлст Г. Рассеяние света малыми частицами: Пер. с англ. М., 1961;

Фабелинский И.Л. Молекулярное рассеяние света. М., 1965;

Иванов АП. Оптика рассеивающих сред. Мн., 1969;

Зеге Э.П., Иванов А.П., Кацев И.Л. Перенос изображения в рассеивающей среде. Мн., 1985.

А.​П.​Іваноў.

т. 13, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

М’Я́НМА, Саюз М’янма (П’ідаўнзу м’янманайнган),

дзяржава ў Паўд.-Усх. Азіі, на ПнЗ п-ва Індакітай. Мяжуе на З з Бангладэш і Індыяй, на У з Кітаем, Лаосам, Тайландам. На Пд абмываецца Бенгальскім зал. і Алдаманскім м. Пл. 676,6 тыс. км². Нас. 48,1 млн. чал. (1999). Дзярж. мова — м’янма (бірманская). Сталіца — г. Янгон (Рангун). Падзяляецца на 14 адм. адзінак (7 нац. аўтаномных і 7 адм. абласцей). Нац. свята — Дзень незалежнасці (4 студз.).

Дзяржаўны лад. М. — рэспубліка. Да правядзення парламенцкіх выбараў уладу ў краіне ажыццяўляе Дзярж. савет міру і парадку, старшыня якога займае пасады кіраўніка дзяржавы, прэм’ер-міністра і міністра абароны.

Прырода. Пераважае горны рэльеф. У цэнтр. ч. — падоўжнае паніжэнне з р. Іравадзі, якое ў восевай ч. занята раўнінай, на Пд — нізіннай дэльтай. На З сістэма сярэдневысокіх, глыбока парэзаных складкавых гор; гал. хрыбты Пакхайн (на Пн) і Ракхайн (на Пд). На крайняй Пн горы да 5881 м (г. Кхакабаразі). На У Шанскае нагор’е з чаргаваннем горных хрыбтоў (выш. каля 1,5 тыс. м) і катлавін. Бываюць землетрасенні. На тэр. М. адкрыты і разведаны радовішчы нафты, прыроднага газу, каменнага вугалю, руд нікелю, вальфраму, волава, медзі, свінцу, жалеза, сурмы, золата, каштоўных і вырабных камянёў (рубін, жадэіт, сапфір, ювелірная шпінель) і інш. Клімат субэкватарыяльнага пояса. на Пд з мусонным рэжымам ападкаў, на Пн пераходны да субтрапічнага. У раўнінных раёнах сярэдняя т-ра студз. на Пд каля 20—25 °C, на Пн 13—15 °C, найб. горача ў сак.—крас. (30—32 °C). Ападкаў у гарах да 2000—3000 мм, месцамі да 5000 мм, ва ўнутр. катлавінах 500—1000 мм за год. Чэрв.—кастр. — перыяд дажджоў. Рэкі мнагаводныя, выкарыстоўваюцца на арашэнне. Галоўныя: Іравадзі (найб. прыток Чындуін), Салуін, Каладан, Сітаўн. Больш як палавіна тэр. пад лесам. На нізінах і ў перадгор’ях пальмы, фікусы, бамбук. вышэй — каштоўныя пароды (цік, сал), у цэнтр. раёнах — лістападныя лясы, саванны. Жывёльны свет багаты і разнастайны: сланы, тыгры, насарогі, леапарды, шакалы, гімалайскі і малайскі мядзведзі, малпы, куніцы. Шмат птушак, насякомых. На тэр. М. — рэзерваты Підаўн, Шуэдаўн і інш.

Насельніцтва. Каля 75% складаюць м’янма (бірманцы), народ тыбета-бірманскай моўнай групы, да якой у М. належаць карэны (больш за 3,5 млн. чал.), чыны (каля 0,9 млн.), качыны (каля 0,7 млн.), кая (каля 150 тыс.); да тайскай моўнай групы адносяцца шаны (больш за 3 млн. чал.), да аўстраазіяцкай сям’і — моны (каля 0,7 млн.). На Пд і ў буйных гарадах — каля 0,5 млн. выхадцаў з Індыі і Бангладэш, 0,4 млн. кітайцаў. Сярод вернікаў пераважаюць будысты (каля 90%); мусульман 4%, хрысціян і індуістаў — па 1,5%. Сярэднегадавы прырост насельніцтва 1,65%. Сярэдняя шчыльн. каля 71 чал. на 1 км². Большасць насельніцтва сканцэнтравана ў даліне і дэльце Іравадзі, дзе шчыльн. дасягае 1000 чал. на 1 км². Павышаная шчыльн. на марскім узбярэжжы, рэдкая — у горных і лясных раёнах (1—5 чал. на 1 км²). У гарадах 26% насельніцтва. Найб. горад Янгон — 3873 тыс. ж. (1998). Каля 400—500 тыс. ж. у гарадах Мандалай, Басейн, Малам’яйн, М’ей. У сельскай гаспадарцы занята 67% працаздольнага насельніцтва, у прам-сці — 10%, астатнія — у абслуговых галінах.

Гісторыя. Чалавек на тэр. М. вядомы з ніжняга палеаліту. З 9 ст. тут пасяліліся плямёны бірманцаў (м’янма). Яны стварылі дзяржаву Паган, якая дасягнула росквіту ў 11—13 ст. У канцы 13 ст. Паган разгромлены манголамі (гл. Мангольскія заваяванні) і распаўся. У сярэдзіне 18 ст. адбылося аб’яднанне краіны пад уладай дынастыі Канбаўн. У выніку англа-бірманскіх войнаў (1824—26, 1852—53, 1885) М. заваявана Вялікабрытаніяй. У 1886—1937 — у складзе Брыт. Індыі, з 1937 — асобная калонія (англ. — Бірма). У 1942—45 акупіравана яп. войскамі, барацьбу супраць якіх узначаліла створаная ў 1944 Антыфашысцкая ліга народнай свабоды (АЛНС) на чале з Аун Санам. У маі 1945 вызвалена ў выніку ўзбр. паўстання на чале з АЛНС пры падтрымцы брыт. войск. На парламенцкіх выбарах 1947 перамагла АЛНС, яе лідэр У Ну стаў прэм’ер-міністрам краіны.

4.1.1948 абвешчаны незалежны Бірманскі саюз. Унутрыпаліт. становішча краіны было няўстойлівым з-за вострай барацьбы паміж паліт. партыямі, грамадз. вайны супраць камуністаў і нац. меншасцей на ўскраінах М. 2.3.1962 вайскоўцы скінулі ўрад У Ну. Новы ўрад на чале з Не Вінам прыняў праграму «Бірманскі шлях да сацыялізму» і абвясціў сацыяліст. арыентацыю краіны. Была створана адзіная легальная партыя — Бірманская партыя сацыяліст. праграмы. У 1974 прынята новая канстытуцыя, краіна атрымала назву Бірманскі Сацыяліст. Саюз. Курс на сацыяліст. арыентацыю ў 1960—80-я г. скончыўся правалам. У выніку масавых нар. выступленняў у сак.—жніўні 1988 Не Він падаў у адстаўку. 18.9.1988 адбыўся ваен. пераварот і ўлада перайшла да Дзярж. савета па аднаўленні законнасці і парадку (ДСАЗП; з ліст. 1997 — Дзярж. савет міру і развіцця) на чале з ген. Тан Шве. З 1989 краіна наз. Саюз М. На выбарах 1990 80% месцаў у парламенце заваявала гал. апазіцыйная арг-цыя — Нац. ліга за дэмакратыю (НЛД) на чале з Аун Сан Су Чжы. ДСАЗП адмовіўся перадаць уладу парламенту і арыштаваў лідэраў апазіцыі. У студз. 1993 ён стварыў Нац. канстытуцыйную канферэнцыю (НКК) для распрацоўкі новай канстытуцыі. У 1995 прадстаўнікі НЛД выйшлі з НКК і стварылі Парламенцкі прадстаўнічы к-т дэпутатаў, выбраных у 1990. Частка дэпутатаў на чале з Сейн Лвінам стварыла за мяжой «Нацыянальны кааліцыйны ўрад».

М. — чл. ААН (з 1948), Арг-цыі дзяржаў Паўд.-Усх. Азіі (АСЕАН, з 1997). Дыпламат. адносіны паміж Саюзам М. і Рэспублікай Беларусь устаноўлены 22.9.1999. Дзейнічаюць паліт. арг-цыі: Нац. ліга за дэмакратыю, Партыя нац. адзінства.

Гаспадарка. М. — агр. краіна з цэнтралізаваным планаваннем эканомікі. Даход на 1 чал. адзін з самых нізкіх у свеце, не перавышае 250—300 дол. ЗША за год. Праведзена агр. рэформа, створаны дзярж. сектар (буйныя прамысл. прадпрыемствы, чыг., унутр. водны і паветр. транспарт, цэнтр. банк і інш.); дзяржава кантралюе знешні гандаль і крэдытна-фін. сістэму. У дзярж. і каап. сектарах ствараецца больш за 50% валавога ўнутр. прадукту. Сельская гаспадарка разам з лясной і рыбалоўствам дае каля 60% нац. даходу. Пад с.-г. ўгоддзямі 15% тэр. (больш за 10 млн. га). Арашаецца каля 2 млн. га, з некаторых участкаў збіраюць 2 і больш ураджаяў за год. Асн. частку прадукцыі даюць дробныя гаспадаркі (да 3—4 га). Гал. с.-г. раёны — даліна і дэльта р. Іравадзі, марское ўзбярэжжа. Збор (тыс. т, 1995): рысу — 20 100 (гал. с.-г. культура, займае больш за палавіну с.-г. зямель), кукурузы — 275, пшаніцы — 147, проса — 150, арахісу — 501, кунжуту — 966. Цукр. трыснягу сабрана 2,2 млн. т, агародніны — 2,2 млн. т, фруктаў (цытрусавыя, бананы, ананасы, манга) — 1 млн. т. Вырошчваюць таксама батат, маніёк, бавоўнік, джут, тытунь, сланечнік, перац, каву, чай, каўчуканосы. М. — буйнейшы ў свеце вытворца опіуму-сырцу (больш за 2,5 тыс. т штогод). Больш за 80% усіх пасеваў рысу — у ніжняй ч. даліны Іравадзі і яе дэльце. У больш засушлівай ч. даліны вырошчваюць проса, кукурузу, бабовыя, кунжут, арахіс, бавоўнік, сланечнік, на Шанскім нагор’і — пшаніцу, цытрусавыя, чай, батат, маніёк, на ўзбярэжжы — каўчуканосы і какосавую пальму. Жывёлагадоўля развіта слаба, буйн. раг. жывёлу і буйвалаў выкарыстоўваюць як цяглавую сілу. Пагалоўе (1997, млн. галоў): буйн. раг. жывёлы 10,5, буйвалаў 2,3, свіней 3,5, коз 1,3, авечак 0,37. У сельскай і лясной гаспадарцы выкарыстоўваюць прыручаных сланоў (каля 1 тыс.). Пашавая жывёла гадоўля найб. развіта на Шанскім нагор’і. Вытв-сць (1995, тыс. т): малака кароў і буйваліц 548, свініны 102, ялавічыны і цяляціны 92. Развіта птушкагадоўля, у 1997 было 33 млн. курэй. Пашырана марское і рачное рыбалоўства, у 1997 вылаўлена 830,3 тыс. т рыбы. Здабыча жэмчугу. Лясная гаспадарка займае самаст. месца ў эканоміцы краіны. Нарыхтоўваецца драўніна ціку (каля 70% сусв. прадукцыі), а таксама інш. цвёрдых лісцевых парод. Развіты гарнарудная і апрацоўчая прам-сць. Здабываюць (1995) нафту — каля 1 млн. т, прыродны газ — 1,9 млрд. м³, каменны вугаль — 48 тыс. т, руды цынку, свінцу, вальфраму, волава, медзі і інш., каштоўныя і вырабныя камяні. У 1996 атрымана 3,8 млрд. кВт∙гадз электраэнергіі. Электрастанцыі працуюць пераважна на прыродным газе ў найб. гарадах, ёсць ГЭС на горных рэках. Гал. галіны апрацоўчай прам-сці — харч. (рысаачышчальная, рыбаперапр., алейная, цукр., тытунёвая) і тэкст. (вытв-сць шаўковых і баваўняных тканін, джутавых вырабаў). Ёсць свінцова-цынкавы камбінат, 2 нафтаперапр. з-ды (агульная магутнасць 1 млн. т), металургічны з-д (выпускае штогод 50—100 тыс. т сталі), прадпрыемствы суднабудаўнічыя і суднарамонтныя, трактара-, аўта- і велазборачныя, па вытв-сці азотных угнаенняў і фармацэўтычных тавараў, цэм. і цагельныя з-ды. Працуюць лесапільні, прадпрыемствы па вырабе абутку, запалак, цэлюлозы і паперы. Развіта саматужная вытв-сць с.-г. прылад, мэблі, посуду, тканін, лакіраваных і плеценых вырабаў, прадметаў будыйскага культу, разьбярства па дрэве, слановай косці і серабру. Больш за палавіну прамысл. прадукцыі вырабляецца ў г. Янгон. Транспарт унутр. водны, чыг., аўтамаб., марскі. Працягласць унутр. водных шляхоў больш за 8 тыс. км. Гал. трансп. артэрыя — р. Іравадзі і яе прыток Чындуін, суднаходныя таксама ніжнія цячэнні рэк Салуін і Каладан. Даўж. чыгункі 5060 км. Асн. лініі ў даліне р. Іравадзі, злучаюць унутр. раёны з марскімі партамі. Аўтадарог 27 тыс. км. У краіне 35 тыс. легкавых аўтамабіляў, 34 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў. Марскі транспарт абслугоўвае знешнія сувязі, пашыраны кабатажныя перавозкі. Гал. парты: Янгон, Басейн, Малам’яйн, Сітуэ. Гал. ўнутр. порт і трансп. вузел Мандалай. 19 аэрапортаў, міжнар. аэрапорты каля Янгона і Мандалая. У 1996 экспарт склаў 1,1 млрд. дол., імпарт — 2 млрд. дол. М. экспартуе драўніну і піламатэрыялы, рыс, каўчук, каштоўныя і вырабныя камяні, канцэнтраты і руды каляровых металаў, імпартуе машыны і абсталяванне, хімікаты, спажывецкія тавары. Гал. гандл. партнёры: Кітай, Японія, Сінгапур, Інданезія. Грашовая адзінка — к’ят (чжа або джа).

Узброеныя сілы. Складаюцца з рэгулярных узбр. сіл (сухап. войскі, ВПС і ВМС) і ваенізаваных фарміраванняў (нар. паліцыя і нар. міліцыя). Агульная колькасць (1999) больш за 0,5 млн. чал., у т. л. 429 тыс. чал. у рэгулярных узбр. сілах. Вярх. галоўнакамандуючы — старшыня Дзярж. савета міру і парадку. Камплектаванне паводле прызыву. У сухап. войсках больш за 400 тыс. чал., 235 танкаў, 270 бронетранспарцёраў, 250 гармат і інш. У ВПС 9 тыс. чал., 91 баявы самалёт, 18 баявых верталётаў. У ВМС каля 20 тыс. чал., у т. л. 800 чал. у марской пяхоце, 7 баявых караблёў (5 дэсантных), 63 катэры, у т. л. 3 ракетныя.

Літ.:

Можейко И.В., Узянов АН. История Бирмы (Краткий очерк). М., 1973.

М.​С.​Вайтовіч (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.​М.​Пісараў (гісторыя), Р.​Ч.​Лянькевіч (узбр. сілы).

Герб і сцяг М’янмы.
Да арт. М’янма: 1 — ландшафт у цэнтральнай частцы М’янмы; 2 — ірыгацыйная сістэма Чэмоўтау.
Да арт. М’янма. Пагада Шуэдагоўн (Шведагон) у Рангуне. 14 ст., неаднаразова перабудаваная да 18 ст.

т. 11, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАМЫСЛО́ВАЕ БУДАЎНІ́ЦТВА,

галіна будаўніцтва, якая стварае асн. вытв. фонды прам-сці шляхам узвядзення прамысл. прадпрыемстваў, будынкаў і збудаванняў. У працэсе П.б. выконваецца ўвесь комплекс буд.-мантажных работ, уводзяцца ў дзеянне новыя, пашыраюцца ці рэканструююцца дзеючыя прадпрыемствы. Пачынаецца з распрацоўкі тэхн. праекта, размяшчэння заказаў, пастаўкі на буд. пляцоўку буд матэрыялаў і абсталявання. Пры гэтым выконваецца вял. аб’ём падрыхтоўчых і асн. работ, звязаных з планіроўкай тэрыторыі, адводам грунтавых вод, падвядзеннем трансп. і энергет. камунікацый (дарог, ЛЭП, водаправода), будучых наземных і падземных камунікацый. Паралельна ідзе падрыхтоўка кадраў для эксплуатацыі прадпрыемства. Цыкл П.б. заканчваецца апрабаваннем і прыёмам зманціраванага абсталявання з выпускам прадугледжанай праектам прадукцыі і поўным асваеннем вытв. магутнасцей.

П.б. ў БССР пачалося ў 1920—30-я г. Да 1926 у асн. адбудоўваліся прадпрыемствы, разбураныя ў часы 1-й сусв. вайны, герм. і польскай акупацый. Новае П.б. пачалося ў 1927 з буд-ва буйной на той час БелДРЭС у Аршанскім р-не. Да 1941 на Беларусі пабудавана больш за 1700 буйных прадпрыемстваў, у іх ліку станкабудаўнічыя ў Мінску, Віцебску і Гомелі, штучнага валакна ў Магілёве, с.-г. машын у Гомелі, цэментны ў Крычаве, ільнокамбінат у Оршы, ф-кі «КІМ» у Віцебску, «Камунарка» ў Мінску, а таксама каля 200 торфазаводаў, 68 ільнозаводаў, каля 500 прадпрыемстваў малочнай прам-сці. Пасля 2-й сусв. вайны вялося адбудаванне разбураных прадпрыемстваў; за 1945—90 пабудавана больш за 880 буйных прадпрыемстваў, у іх ліку з-ды аўтамаб., трактарны, гадзіннікавы, шарыкападшыпнікавы, маторны, аўтам. ліній і ЭВМ у Мінску, нафтаперапр. ў Наваполацку і Мазыры, азотных угнаенняў у Гродне, хім. ў Гомелі, Бел. металургічны ў Жлобіне, штучнага валакна ў Светлагорску, Лукомская і Бярозаўская ДРЭС, камбінаты салігорскія калійныя, «Лаўсан» у Магілёве, баваўняна-папяровы ў Баранавічах. З 1990 П.б. занята пераважна заканчэннем буд-ва прадпрыемстваў, пачатых у папярэднія гады, рэканструкцыяй і пашырэннем дзеючых магутнасцей.

У 1990—98 у Рэспубліцы Беларусь уведзены ў дзеянне магутнасці на Бел. цэментным з-дзе ў Касцюковічах, Бел. металургічным з-дзе ў Жлобіне, праведзена рэканструкцыя Мазырскага нафтаперапр. з-да і інш.; у 1993—98 — новыя прамысл. магутнасці па перапрацоўцы 69 т мяса за змену, 37,4 т. каўбасных вырабаў за змену, 215,9 т хлебабулачных вырабаў за суткі, 28,8 тыс. т кандытарскіх вырабаў, 30,2 млн. умоўных слоікаў плодаагароднінных кансерваў, 6404,1 тыс. дал. безалкагольных напіткаў, 20,65 т жывёльнага масла за змену.

Асн. задачы рэфармавання П.б. — павышэнне якасці і канкурэнтаздольнасці выпускаемай буд. прадукцыі пры пераходзе да рыначнай эканомікі і стварэнне нац. сістэмы тэхн. нарміравання, стандартызацыі і сертыфікацыі, забеспячэнне ўстойлівасці і даўгавечнасці будынкаў і збудаванняў і іх пажарнай бяспекі, ахова навакольнага асяроддзя, эканомія энергарэсурсаў. П.б. ў Рэспубліцы Беларусь ажыццяўляюць буд. арг-цыі Мін-ва архітэктуры і буд-ва. Праектаванне прамысл. прадпрыемстваў вядуць праектныя ін-ты «Белпрампраект», «Агртэхбудмаш», «Нафтахімпраект», Дзіпрасельбуд у Мінску, Дзярж. ін-т праектавання прадпрыемстваў машынабудавання Мін-ва прам-сці Рэспублікі Беларусь у Гомелі, Белнафтахімпраект у Наваполацку і інш.

П.​І.​Рогач.

т. 13, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРУНЕ́Й (Brunei),

Бруней Дарусалам (Brunei Darussalam), дзяржава ў Паўд.-Усх. Азіі, на паўн.-зах. беразе в-ва Калімантан. Складаецца з 2 анклаваў, падзеленых паласой (шыр. 15—30 км) тэр. памежнага штата Саравак (Малайзія). Абмываецца водамі Паўд.-Кітайскага м. Пл. 5765 км². Нас. 274 тыс. чал. (1993). Дзярж. мова малайская, карыстаюцца таксама англійскай і кітайскай мовамі. Дзярж. рэлігія — іслам (мусульмане-суніты — 67% вернікаў), ёсць будысты, канфуцыяне, хрысціяне. Сталіца — г. Бандар-Серы-Бегаван. Падзяляецца на 4 адм. акругі. Нац. свята — Дзень незалежнасці (23 лют.).

Дзяржаўны лад. Бруней — канстытуцыйная манархія (султанат). Дзейнічае канстытуцыя 1959 з папраўкамі 1971. Кіраўнік дзяржавы — султан, які адначасова ўзначальвае ўрад — Савет Міністраў. Заканадаўчы орган — Заканадаўчы савет, у які ўваходзіць 21 член (11 з іх прызначаюцца султанам, 10 выбіраюцца).

Прырода. Большая ч. паверхні — алювіяльная берагавая забалочаная раўніна. Клімат экватарыяльны. Т-ра паветра на працягу ўсяго года каля 26 °C. Ападкаў 2000—4000 мм за год. Сезоны не выражаны. Больш за 75% тэр. занята вільготнымі экватарыяльнымі лясамі.

Насельніцтва. Жывуць малайцы (66,9%), кітайцы (15,6%), абарыгенныя народы — ібаны, дусуны, муруты (5,7%); еўрапейцы, інданезійцы, тайландцы, індыйцы (разам 11,8%). Абарыгенныя народы жывуць у вёсках ва ўнутр. ч. краіны, астатнія — на ўзбярэжжы і ў гарадах. Сярэдняя шчыльн. 45,7 чал. на 1 км². Большая ч. насельніцтва (каля 170,1 тыс. чал.) сканцэнтравана ў сталіцы і яе наваколлі.

Гісторыя. Абарыгеннае насельніцтва Брунея — даякі. З канца 1-га тыс. да н.э. на паўн. ўзбярэжжа в-ва Калімантан мігрыравалі малайцы, з пач. н.э. — кітайцы. Каля 1200 гадоў назад тут утварыліся першыя брунейскія княствы са сталіцай Кота-Бату (Мураваны горад, засн. ў 7 ст.). Марскі гандаль (камфара, золата і інш.) і культ. кантакты з Індыяй і Кітаем садзейнічалі распаўсюджанню тут у 9—13 ст. індуізму і будызму. Каб захаваць сваю незалежнасць ад інданез. Шрывіджайскай імперыі ў 10—13 ст. і дзяржавы Маджапахіт (цэнтр — в-аў Ява) у 14 — пач. 15 ст., Бруней уступаў у саюз з Кітаем. У пач. 15 ст. пры правіцелю Махамадзе I ісламізаваны, пры яго пераемніках зацвердзіўся як султанат. Пры 5-м султане Болкіяху I (канец 15 — пач. 16 ст.), які заснаваў аднайм. дынастыю, што правіць і цяпер, Бруней дасягнуў найб. магутнасці і ахопліваў паўн.-зах. Калімантан, архіпелаг Сулу, філіпінскі в-аў Лусон, сучасныя малайзійскія штаты Сабах і Саравак і інш. У пач. 16 ст. краіну адкрылі еўрапейцы, першым з якіх быў у 1505—07 італьянец па паходжанні Л. дэ Вартэна. У 1577—78 і 1580 брунейцы адбілі ўварванні іспанцаў з Філіпінаў. У выніку ўнутр. міжусобіц і экспансіі галандцаў і англічан на Малайскі архіпелаг з 17 ст. пачаўся заняпад Брунея, скарачалася яго тэрыторыя. У 1840-я г. Бруней каланізаваны Вялікабрытаніяй. У 1888—1983 брыт. пратэктарат. У 2-й пал. 19 ст. султанат страціў Сабах і Саравак. У 2-ю сусв. вайну акупіраваны японцамі.

У выніку ўзмацнення нац.-вызв. руху ў 1959 Вялікабрытанія дазволіла Брунею ўнутр. самакіраванне, адначасова пачалося фарміраванне яго ўзбр. сіл. З 1968 султанам Брунея з’яўляецца Хасанал Болкіях, які лічыцца найбагацейшым чалавекам у свеце. 1.1.1984 абвешчана незалежнасць краіны. Легальна дзейнічае адзіная Брунейская нац. аб’яднаная партыя. З 1984 Бруней — чл. ААН, Асацыяцыі дзяржаў Паўд.-Усх. Азіі (АСЕАН), Арг-цыі Ісламская канферэнцыя, з 1985 — брыт. Садружнасці.

Гаспадарка. Аснова эканомікі — здабыча нафты і газу на кантынентальным шэльфе (больш за 90% валютных паступленняў, 60% валавога ўнутр. прадукту). Па здабычы прыроднага газу (больш за 12 млрд. м³ штогод) Бруней займае адно з вядучых месцаў у свеце, нафты (больш за 10 млн. т штогод) — 3-е месца ў Паўд.-Усх. Азіі. Дзейнічае адзін з буйнейшых у свеце з-даў па звадкаванні газу (каля 5 млн. т за год). Ёсць прадпрыемствы лесапільнай і дрэваапр. прам-сці, саматужная вытв-сць тканін, вырабаў з каштоўнай драўніны, серабра. Буд-ва невял. драўляных суднаў. Пад с.-г. ўгоддзямі 5,5% тэр., 80% харч. прадуктаў імпартуецца. Асн. культуры — каўчуканосы (каля 50% апрацаваных зямель) і рыс. Вырошчваюць таксама сагавую і какосавую пальмы, перац, трапічныя фрукты (бананы). Гадуюць буйн. раг. жывёлу, козаў, свіней. Птушкагадоўля. Рыбалоўства. Транспарт аўтамаб. (1,4 тыс. км аўтадарог, 90 тыс. аўтамашын). Рачное і марское суднаходства. Міжнар. аэрапорт. Нафту і газ экспартуюць пераважна ў Японію, ЗША, краіны Паўд.-Усх. Азіі, Тайвань. Імпарт: машыны, абсталяванне, прамысл. і харч. тавары ў асноўным з Сінгапура, Японіі, ЗША, Вялікабрытаніі, ФРГ, Малайзіі. Турызм. Грашовая адзінка — долар Брунея.

Літ.:

Денисов С.Н., Кулик Б.Т. Бруней вчера и сегодня. М., 1989;

Бруней: Справ. М., 1990.

Ю.​В.​Ляшковіч (гаспадарка), У.​Я.​Калаткоў (гісторыя).

Герб і сцяг Брунея.

т. 3, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТРАПАГЕНЕ́З (ад антра́па... + ...генез),

1) станаўленне чалавека як біял. віду ў працэсе фарміравання супольнасці — сацыягенезу.

2) Раздзел антрапалогіі, які вывучае гэту з’яву. Тэорыя антрапагенезу дае адказы на пытанні, дзе і пры якіх абставінах з’явіўся чалавек на Зямлі. Тэорыя эвалюцыі грунтуецца на выніках біял. і грамадскіх навук. Іх узаемадзеянне па пытанні ўзнікнення чалавека і яго развіцця склала паняцце «сінтэтычная тэорыя эвалюцыі». Факты, якія пацвярджаюць роднасныя сувязі чалавека і жывёл, падзяляюцца на прамыя (касцявыя рэшткі выкапнёвага чалавека, яго бліжэйшых продкаў і блізкія да іх формаў) і ўскосныя (параўнальна-анатамічныя, фізіялагічныя, біяхімічныя, генетычныя і інш.).

Асн. прынцыпы навук. тэорыі антрапагенезу (роднаснасць продкаў чалавека з чалавекападобнымі малпамі шымпанзэ, гарылай, арангутангам) абгрунтавалі ў канцы 19 ст. Ч.​Дарвін і Т.​Гекслі. Вывучэнне выкапнёвых рэшткаў паказала, што ў чалавека і ў сучасных малпаў былі агульныя продкі, якія засялялі Афрыку, Азію, часткова Еўропу больш за 20 млн. г. назад. У біял. эвалюцыі чалавека вылучаюць паслядоўныя стадыі: пераходных істот, або аўстралапітэкаў, якія з’явіліся каля 5 млн. г. назад; архантрапаў (жылі каля 1,5 млн. — 200—150 тыс. г. назад); палеаантрапаў (жылі больш за 100—35 тыс. г. назад); сучаснага чалавека (Homo sapiens; з’явіўся больш за 50 тыс. г. назад). Найб. важныя фактары антрапагенезу — прыстасаванне (адаптацыя) да зменлівых умоў навакольнага асяроддзя праз працоўную дзейнасць і пераход ад расліннай ежы да мясной. Гэтыя змены ў паводзінах былі выкліканы пагаршэннем умоў існавання ў ледавіковую эпоху.

Вылучаецца біял. адаптацыя, у ходзе якой мяняюцца марфалагічныя асаблівасці (прамахаджэнне і звязаная з ім зменлівасць верхніх і ніжніх канечнасцяў, будова таза і інш.), і адаптацыя паводзін, звязаных са зменай спосабаў жыцця (гл. Адаптацыя сацыяльная). Развіццё грамадства (сацыягенез) адбывалася разам з біял. эвалюцыяй чалавека. Першыя прылады працы з’явіліся больш за 2 млн. г. назад. Мова як сродак зносін людзей сфарміравалася на стадыі архантрапаў. На стадыі палеаантрапаў пачалі фарміравацца ідэалагічныя ўяўленні, якія працягваюць развівацца ў людзей больш позніх відаў, а таксама выявіліся культ. адрозненні — аснова сучасных этнічных асаблівасцяў.

Літ.:

Алексеев В.П. Становление человечества. М., 1984;

Тегако Л.И., Саливон И.И. Основы современной антропологии. Мн., 1989;

Фоули Р. Еще один неповторимый вид: Пер. с англ. М., 1990.

Л.​І.​Цягака.

т. 1, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛА́КТЫКА (ад познагрэч. galaktikos малочны, млечны),

гіганцкая зорная сістэма, да якой належаць Сонца і ўся Сонечная сістэма разам з Зямлёй. У яе ўваходзяць не менш за 100 млрд. зорак (іх агульная маса каля 10​11 мас Сонца), міжзорнае рэчыва (газ і пыл, маса якіх каля 0,05 масы ўсіх зорак), касм. часціцы, эл.-магн. і гравітацыйнае поле.

Структура Галактыкі неаднародная. Адрозніваюць 3 асн. падсістэмы: сферычную (гала) — шаравыя скопішчы, чырвоныя гіганты, субкарлікі, пераменныя зоркі тыпу RR-Ліры, якія рухаюцца вакол цэнтра мас Галактыкі па выцягнутых арбітах у разнастайных напрамках і не ўдзельнічаюць у вярчэнні галактычнага дыска; прамежкавую (дыск) — большасць зорак галоўнай паслядоўнасці, у т. л. Сонца, зоркі-гіганты, белыя карлікі, планетарныя туманнасці; скорасць іх вярчэння мяняецца з адлегласцю ад цэнтра; узрост — некалькі млрд. гадоў; плоскую (тонкі дыск ці спіральныя рукавы) — маладыя зоркі, міжзорны газ і пыл, доўгаперыядычныя цэфеіды, пульсары, многія галактычныя крыніцы гама-, рэнтгенаўскага і інфрачырвонага выпрамянення; узрост гэтых зорак не большы за 100 млн. гадоў, яны не паспелі значна аддаліцца ад месцаў свайго нараджэння, таму спіральныя галіны Галактыкі лічаць месцам утварэння зорак. Цэнтральная вобласць Галактыкі (ядро) знаходзіцца ў напрамку сузор’я Стралец і заслонена ад зямнога назіральніка міжзорнымі воблакамі касм. пылу і газу. Памеры ядра Галактыкі больш за 1000 пк. Яно з’яўляецца крыніцай магутнага радыевыпрамянення, што сведчыць пра актыўныя працэсы, якія адбываюцца ў ім. Самая знешняя частка сферычнай падсістэмы — карона Галактыкі радыусам каля 70 кпк і масай, у 10 разоў большай за масу ўсёй астатняй Галактыкі. Сонца, знаходзіцца на адлегласці 8,5 кпк ад цэнтра, амаль дакладна ў плоскасці Галактыкі, і аддалена ад яе на Пн прыблізна на 25 кпк Скорасць вярчэння Сонца вакол цэнтра Галактыкі 230 км/с. Для зямнога назіральніка зоркі канцэнтруюцца ў напрамку плоскасці Галактыкі і зліваюцца ў бачную карціну Млечнага Шляху. Знаходжанне Сонца паблізу плоскасці Галактыкі ўскладняе даследаванне нашай зорнай сістэмы.

Літ.:

Марочник Л.С., Сучков А.А. Галактика. М., 1984;

Воронцов-Вельяминов Б.А. Очерки о Вселенной. 8 изд. М., 1980;

Климишин И.А. Открытие Вселенной. М., 1987.

Н.​А.​Ушакова.

Да арт. Галактыка. Млечны Шлях на небасхіле.

т. 4, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)