МІ́НХ Бурхард Крыстоф

(Хрыстафор Антонавіч; 9.5.1683, г. Ольдэнбург, Германія — 27.10.1767),

расійскі ваен. і дзярж. дзеяч. Ген.-фельдмаршал (1732), граф (1728). Да 1721 інжынер у арміях шэрагу краін Зах. Еўропы, у т.л. ў польска-саксонскай арміі. З 1721 на рас. службе, інж.-генерал. Па даручэнні Пятра I кіраваў буд-вам шлюза на р. Тосна, Абводнага і Ладажскага каналаў. З 1728 ген.-губернатар Інгерманландыі, Карэліі і Фінляндыі. У час біронаўшчыны прэзідэнт (з 1732) Ваен. калегіі. У 1734 кіраваў аблогай і ўзяццем Гданьска, дзе знаходзіўся прэтэндэнт на прастол Рэчы Паспалітай Станіслаў Ляшчынскі. У рус.-тур. вайну 1735—39 камандаваў рас. войскамі ў Крыме і Бесарабіі. Дамагаўся адмены аўтаноміі Левабярэжнай Украіны (меў там буйныя маёнткі), імкнуўся стаць «кіраўніком Маларосіі». Дапамог фаварыту імператрыцы Ганны Іванаўны герцагу Э.І.Бірону стаць рэгентам (да ліст. 1740). Аднак у ліст. 1740 М. са згоды «правіцельніцы» Рас. імперыі Ганны Леапольдаўны арыштаваў Бірона і саслаў у Пялым (Зах. Сібір). У 1742 адпраўлены імператрыцай Лізаветай Пятроўнай у ссылку, дзе правёў 20 гадоў.

Літ.:

Анисимов Е.В. Россия в середине XVIII в.: Борьба за наследие Петра. М., 1986.

т. 10, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)