МІХА́ЛІШКІ,
вёска ў Астравецкім р-не Гродзенскай вобл., на р. Вілія, на аўтадарозе Вільнюс—Полацк. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 36 км на ПнУ ад г.п. Астравец, 280 км ад Гродна, 41 км ад чыг. ст. Гудагай. 791 ж., 297 двароў (1998).
Вядомы з канца 15 ст. як паселішча Вілія кн. Радзівілаў, потым Пронскіх, Кенішкаў і інш. Назва М. ад уладальнікаў Міхальскіх. У 1528 у М. 71 двор. У 1604 куплены Бжастоўскімі, якія ў 1622 заснавалі тут кляштар аўгусцінцаў. З 1669 праводзіліся 4 кірмашы ў год. З 1795 у Рас. імперыі, мястэчка Віленскага пав. У 1885—843 ж., 62 двары, касцёл, сінагога, яўр. школа, бровар, таргі па нядзелях. У 1921—39 у Польшчы, у Віленскім ваяв. З 1939 у БССР, з 12.10.1940 цэнтр сельсавета Астравецкага р-на (у 1962—65 у Смаргонскім р-не).
Лясніцтва. Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — Міхалішскі касцёл і кляштар аўгусцінцаў.
А.І.Яфімчык.
т. 10, с. 484
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)