МУЖЫЛО́ЎСКІ (Андрэй) (1580-я г. — 1640-я г.),
бел. і ўкр. пісьменнік-палеміст, рэліг. дзеяч. Прэсвітэр, з канца 1620-х г. слуцкі пратапоп. У 1631 пастрыгся ў манахі пад імем Анатолій і стаў іераманахам Кіева-Пячэрскага манастыра. Выступаў супраць Брэсцкай’ уніі 1596. У «Водпісе на ліст уніятаў віленскіх» (на старабел. мове, 1616) пад уплывам «Трэнаса» М.Сматрыцкага асудзіў учынкі «сына»-уніята, які здрадзіў інтарэсам правасл. народаў Беларусі і Украіны, даў знішчальную характарыстыку слугам рымска-каталіцкай царквы. У «Антыдотуме» (на польск. мове, 1629), скіраваным супраць «Апалогіі» Сматрыцкага, М. падкрэсліваў значэнне антыуніяцкіх твораў Сматрыцкага, але асуджаў яго за тое, што ён, на думку М., перайшоў ва уніяцтва не па ідэйных меркаваннях, а спакушаны прывабнымі абяцанкамі рымска-каталіцкай царквы. Адзін з першых спрабаваў аддзяліць царк.-багаслоўскую л-ру ад свецкай, указваў на гіст. характар творчасці Хрыстафора Філалета, Клірыка Астрожскага. На «Антыдотум» Сматрыцкі адказаў з’едлівым творам «Экзэтэзіс» (1629). Адзін з прэтэндэнтаў на Кдеўскую правасл. мітраполію пасля смерці мітрапаліта Іова Барэцкага. У 1631 прымаў актыўны ўдзел у адабранні ў уніятаў Сафійскага сабора ў Кіеве на карысць правасл. мітраполіі.
У.Г.Кароткі.
т. 11, с. 6
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)