сацыяльна-эканамічная з’ява, калі пэўная частка працаздольнага насельніцтва не можа знайсці работу. Бывае фрыкцыйнае (часовая добраахвотная незанятасць, звязаная з пераходам з адной работы на другую), скрытае (калі для вытв. працэсу патрэбна меншая за наяўную колькасць работнікаў), структурнае (незанятасць, абумоўленая структурнай перабудовай эканомікі), цыклічнае (незанятасць у сувязі са спадам вытв-сці, з пэўнай фазай эканам. цыкла). У любой форме беспрацоўе азначае страту часткі прац. рэсурсу грамадства, што вядзе да адмоўных сац.-эканам. вынікаў: недабору прадукцыі, недагрузкі асн. капіталу, змяншэння сямейных бюджэтаў, незадаволенасці беспрацоўных і інш.
К.Маркс лічыў беспрацоўе прадуктам і ўмовай існавання капіталізму. Тэхнічным перааснашчэннем вытв-сці і павышэннем інтэнсіўнасці працы прадпрымальнікі змяншаюць затраты на аплату рабочай сілы і ствараюць рэзервовую армію працы. Наяўнасць беспрацоўных буржуазія выкарыстоўвае для наступлення на інтарэсы працуючых, узмацняе іх эксплуатацыю для павышэння сваіх прыбыткаў. Асабліва хутка расце беспрацоўе ў перыяд эканам. крызісу, калі закрыццё прадпрыемстваў і звальненне рабочых набывае масавы характар. Паводле звестак міжнар. арганізацыі працы, у канцы 1980-х г. у развітых краінах было каля 50 млн. беспрацоўных. Узровень беспрацоўя (адносіны колькасці беспрацоўных да колькасці працаздольных) аказвае прамы ўплыў на велічыню валавога нац. прадукту (ВНП). Паводле закона А.Ойкена, 1% беспрацоўя ў краіне змяншае яе ВНП на 2,5% і наадварот. У эканоміцы ЗША гэтыя суадносіны 1:2. Таму, каб зменшыць негатыўныя вынікі беспрацоўя, улады развітых краін імкнуцца трымаць яго пад кантролем праздзярж. рэгуляванне эканомікі (антыманапольнае заканадаўства, падтрымка малога і сярэдняга бізнесу, мэтавае бюджэтнае фінансаванне і інш.). Для больш эфектыўнага выкарыстання свабоднай рабочай сілы пашырана сфера дзейнасці біржаў працы, якія пераўтвораны ў дзярж. ўстановы. Тым, хто афіцыйна прызнаны беспрацоўным, аказваецца дапамога па беспрацоўі.
Як і ў інш. краінах, на Беларусі беспрацоўе з’явілася ў выніку капіталіст. рацыяналізацыі вытв-сці. Напачатку тут пераважала скрытае беспрацоўе, асабліва сярод сельскага насельніцтва: у 1890 у бел. вёсках было не занята 1127,8 тыс.чал. (38,9%), у 1900 — 2039,8 тыс.чал. (56,9%). Па 5—6 мес на працягу года не мелі работы і многія дробныя таваравытворцы. Пра скрытае беспрацоўе сведчаць адыходніцтва, перасяленне ў Сібір і на Д.Усход, эміграцыя ў Амерыку і Зах. Еўропу. У час крызісу 1901—03 беспрацоўнымі сталі амаль 19% прамысл. рабочых. За 50 гадоў да 1-й сусв. вайны ў пошуках работы бацькаўшчыну пакінула 1,4 млн. беларусаў. У 1921 у БССР афіцыйна зарэгістравана 7,8 тыс. беспрацоўных, у жн. 1924 — 25,9 тыс., у 1928 — 64,4 тыс.Гал. прычынай беспрацоўя была разбуранасць эканомікі ў час грамадз. вайны і ваен. інтэрвенцыі і агр. перанаселенасць. Сав. дзяржава аказвала беспрацоўным дапамогу. У сувязі з індустрыялізацыяй колькасць іх пачала хутка змяншацца і да канца 1931 беспрацоўе на Беларусі ліквідавана, хоць фактычна існавала скрытае. У Зах. Беларусі ў 1936 было 25 тыс. беспрацоўных. З пераходам да рыначнай эканомікі пачалося фарміраванне і рынку працы. На пач. 1994 на Беларусі зарэгістравана 66 тыс. беспрацоўных (з іх 52% атрымлівалі дапамогу), узровень беспрацоўя склаў 1,4%. Вырашэннем праблем працаўладкавання беспрацоўных займаецца Цэнтр занятасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЛЬПЫ (ням. Alpen, франц. Alpes, італьян. Alpi ад кельцкага alp высокая гара),
найвышэйшая горная сістэма Зах. Еўропы на тэр. Францыі, Італіі, Швейцарыі, Аўстрыі, Ліхтэнштэйна, Германіі і Славеніі. Даўж. каля 1200 км, шыр. да 260 км, найб.выш.г. Манблан (4807 м). Альпы — складаная сістэма горных масіваў і хрыбтоў, што працягнуліся дугой ад Міжземнага м. да Сярэднедунайскай раўніны. Папярочная даліна між азёрамі Бодэнскім і Кома падзяляе Альпы на больш вышынныя Зах. Альпы і больш нізкія і шырокія Усходнія. У Заходніх вылучаюць Прыморскія, Коцкія, масіў Пельву, Грайскія, Савойскія (з масівам Манблан), Бернскія і інш. Горны ланцуг Усходніх Альпаў прадстаўлены Рэтыйскімі, Эцтальскімі, Цылертальскімі Альпамі, Высокім і Нізкім Таўэрнам. Альпы належаць да маладых складкавых структур альпійскага арагенезу (гл.Альпійская складкавасць). Характэрны зубчатыя грабяні, глыбокае расчляненне, вял. пашырэнне ледавіковых формаў рэльефу (гл.Альпійскі рэльеф). Восевая зона сфарміравана стараж. крышталічнымі (гнейсы, слюдзяныя сланцы), магматычнымі (граніты) і метамарфічнымі (кварцава-філітавыя сланцы) пародамі. Перадгор’і Альпаў складзены з вапнякоў, мергеляў, даламітаў, філітаў і маладых маласавых фармацый. Карысныя выкапні: жалезныя, медныя, уранавыя руды, магнезіты, баксіты, каменная соль, у невял. колькасці каменны і буры вугаль.
Альпы — важны кліматападзел Еўропы. На паўн. і зах. перадгор’ях клімат умераны, вільготны, на паўднёвых — субтрапічны міжземнаморскі. Ва ўнутр. раёнах гор выразная вертыкальная занальнасць (т-ра паніжаецца праз кожныя 100 м на 0,3—0,7 °C), фёнавыя вятры выклікаюць кароткія рэзкія пацяпленні. Ападкаў на наветраных зах. і паўн.-зах. схілах 1500—2000 мм за год (месцамі 4000 мм), ва ўнутр. горных далінах 500—800 мм. Снегавая лінія на выш. ад 2500 м на ПнЗ да 3500 м у найб. сухіх унутр. і ўсх. раёнах. Характэрна сучаснае зледзяненне (каля 1200 ледавікоў агульнай пл. 3 тыс.км). З ледавікоў пачынаюцца рэкі Рона, Рэйн, По, Адыджэ, Ін, Драва і інш. Азёры ледавіковага і тэктанічна-ледавіковага паходжання: Жэнеўскае, Бодэнскае, Лага-Маджорэ, Кома (глыб. да 410 м). Для Альпаў характэрна вышынная пояснасць (вылучаюць 5 ландшафтных паясоў).
Пояс перадгор’яў і горных схілаў да выш. 800 м. Клімат умераны, цёплы, на паўд. схілах з міжземнаморскімі рысамі; букавыя і дубовыя лясы значна высечаныя; сады, вінаграднікі, палі збожжавых на горных бурых глебах. Пояс гор (на выш. 800—1800 м) з умераным і ўмерана вільготным кліматам заняты шыракалістымі (дуб, бук, клён, граб) лясамі, якія змяняюцца хваёвымі (елка, піхта, еўрап. кедр, лістоўніца) на горных бурых лясных ападзоленых глебах. Пашы і агароды да 1100—1400 м. На выш. 1800—2300 мсубальпійскі пояс з халодным кліматам, моцнымі вятрамі, доўгатэрміновым снегавым покрывам, пераважна высакагорнай хмызняковай расліннасцю (рададэндран, ядловец, кедравы сланік і інш.) і субальпійскімі лугамі. Вышэй (да граніцы вечнага снегу) альпійскі пояс з суровым халодным кліматам і альпійскімі лугамі і нівальны пояс (вечных снягоў і ледавікоў); ландшафты халодных высакагорных камяністых ледавіковых і снежных пустыняў.
Альпы — адзін з важнейшых рэкрэацыйных раёнаў Еўропы. Цэнтр альпінізму, турызму, гарналыжнага спорту.
Літ.:
Благоволин Н.С., Серебрянный Л.Р. Рельеф Европы // Рельеф Земли. М., 1967;
Ерамов Р.А. Физическая география Зарубежной Европы. М., 1973;
Жучкевич В.А., Лавринович М.В. Физическая география материков и океанов. Ч. 1. Евразия. Мн., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫ́САЎ,
горад абл. падпарадкавання ў Беларусі, цэнтр Барысаўскага р-на Мінскай вобласці. За 71 км ад Мінска. Чыг. ст. на лініі Мінск—Орша, на аўтадарозе Мінск—Масква. 154,8 тыс.ж. (1995).
Паводле В.М.Тацішчава, заснаваны на левым беразе Бярэзіны ў 1102 полацкім кн. Барысам Усяславічам (паводле інш. звестак — у 1032 кіеўскім кн. Яраславам Мудрым). Упершыню ўпамінаецца ў пісьмовых крыніцах пад 1127 як горад Полацкай зямлі. У 1431 разбураны ў выніку міжусобных войнаў. У 13—18 ст. існаваў Барысаўскі замак. У 1542 уключаны ў Віленскае ваяв., уласнасць Я.Глябовіча. У 1563 горад атрымаў магдэбургскае права. З 1563 цэнтр староства (гл. ў арт.Барысаўская воласць), пасля Люблінскай уніі 1569 староства леннага ўладання князёў Агінскіх, потым Радзівілаў, у складзе Аршанскага пав. Віцебскага ваяв. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 і Паўн. вайны 1700—21 неаднаразова заняты рус. і швед. войскамі. З 1793 у складзе Рас. імперыі, з 1795 цэнтр павета Мінскага намесніцтва. У 1796 атрымаў гарадскі герб. У вайну 1812 акупіраваны, разрабаваны і спалены франц. войскамі (гл.Барысаўская бітва 1812). У 1871 праз Барысаў прайшла чыгунка Масква—Брэст, на правым беразе Бярэзіны ўзнікла чыг. станцыя з пас. Нова-Барысаў. У 1897 у Барысаве 15 063 ж. У 1901 і 1910 моцна пацярпеў ад пажараў. У 1910 у горадзе каля 19 тыс.ж., 32 прамысл. прадпрыемствы, 112 крам, мужчынская гімназія, жаночая прагімназія, некалькі пач. школ, метэастанцыя і інш. З 1914 працавала Барысаўская жаночая настаўніцкая семінарыя. У ліст. 1917 устаноўлена сав. ўлада. У 1918 Барысаў акупіраваны герм., у 1919—20 польск. войскамі. З 1924 цэнтр раёна, у 1924—27 — акругі. З 1938 горад абл. падпарадкавання ў складзе Мінскай вобласці. У Вял. Айч вайну 2.7.1941 акупіраваны ням-фаш. захопнікамі, якія стварылі тут 6 лагераў смерці, дзе загубілі больш за 33 тыс.сав. грамадзян; дзейнічала Барысаўскае патрыятычнае падполле. Вызвалены 1.7.1944 войскамі 3-га Бел. фронту. У 1959 — 59,3 тыс., у 1970 — 84 тыс.ж.
У Барысаве лясная і дрэваапр.прам-сць: вытв. аб’яднанне «Барысаўдрэў», Барысаўская фабрыка піяніна, Барысаўскі лесахімічны завод, з-ды мэблевай фурнітуры, шпалапрапітны (гл. асобныя арт.). Маш.-буд. і металаапр.прам-сць: Барысаўскі завод «Аўтагідраўзмацняльнік», Барысаўскі завод аўтатрактарнага электраабсталявання, Барысаўскі завод агрэгатаў, Барысаўскі інструментальны завод, Барысаўскі завод эмаліраванага посуду «Чырвоны металіст». Харч. галіна: Барысаўская макаронная фабрыка, мяса- і хлебакамбінаты, малочны і кансервавы з-ды і інш. Прадпрыемствы швейнай, хім. і хім.-фармацэўтычнай прам-сці: Барысаўскі завод пластмасавых вырабаў, Барысаўскі завод «Гуматэхніка», быт. хіміі, Барысаўскі завод медыцынскіх прэпаратаў, палімернай тары «Паліміз» і інш.Барысаўскі хрусталёвы завод, камбінат па перапрацоўцы другаснай сыравіны, 2 з-ды жалезабетонных вырабаў, Барысаўскі камбінат прыкладнога мастацтва. Барысаўскі політэхнічны тэхнікум, мед. і пед. вучылішчы, Барысаўскі дзяржаўны аб’яднаны музей. Помнік сав. танкістам, брацкія магілы сав. воінаў і ваеннапалонных, магілы ахвяраў фашызму. Помнікі архітэктуры: касцёл (1806—23), Барысаўскі Васкрасенскі сабор, гандл. рады (1908), будынак чыг. вакзала і сінагога (пач. 20 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІЦЯ́ЧАЕ КІНО́,
мастацкія (ігравыя), хранікальна-дакументальныя, навукова-пазнавальныя, мультыплікацыйныя (анімацыйныя) фільмы для дзяцей і юнацтва. Выхаваўчыя задачы, якія ставяцца перад Дз.к., вызначаюць яго тэматыку і жанравыя асаблівасці. Як асобны кірунак у сав. кінематографе вылучылася ў 1920-я г. Асаблівасці выразна праявіліся ў фільмах «Чырвоныя чарцяняты» (1921, рэж. І.Перысціяні), «Пуцёўка ў жыццё» (1931, рэж. М.Экк), «Падраныя чаравікі» (1933, рэж. М.Барская) і інш. У 1936 у Маскве створана кінастудыя «Саюздзетфільм», рэарганізаваная ў 1948 у Цэнтр. студыю дзіцячых і юнацкіх фільмаў імя М.Горкага. Дзіцячыя фільмы выпускаліся і на рэсп. кінастудыях. У 1992 створаны Міжнар. фонд развіцця кіно і тэлебачання для дзяцей і юнацтва («Фонд Раланда Быкава», Масква).
У бел. кінематографе першая маст. карціна для дзяцей — «Грышка-свінапас» (1928, рэж.-мантажор В.Кубліцкі), зманціраваная з маст. фільма «Лясная быль» (1926, рэж. Ю.Тарыч). У 1930-я г. створаны фільмы пра піянераў («Кульгаўка», 1931, рэж. Ю.Вінакураў; «Баям насустрач», 1932, рэж. Э.Аршанскі; «Адбітак часу», 1932, рэж. Г.Кроль), пра юных следапытаў («Палескія рабінзоны», 1934, рэж. І.Бахар, П.Малчанаў), рабфакаўцаў («Песня вясны», 1935, рэж. У.Гардзін), юных талентаў («Канцэрт Бетховена», 1936, рэж. М.Гаўронскі, У.Шмітгоф). Больш плённа Дз.к. на Беларусі развівалася ў пасляваен. час: сюжэты кінахронікі, дакумент. кінанавелы, маст. фільмы рознай тэматыкі (гіст.-рэв., героіка-патрыят., прыгодніцкія, казачныя). Яны вызначаліся гуманнасцю, актыўнасцю юных герояў, што ярка выявілася ў фільмах рэж. Л.Голуба: «Міколка-паравоз» (1957), «Дзяўчынка шукае бацьку» (1959), «Вуліца малодшага сына» (1962), «Пушчык едзе ў Прагу» (сумесна з ЧССР, 1966), «Анюціна дарога» (1968), «Паланэз Агінскага» (1971), «Маленькі сяржант» (1975). Фільмы пра пакаленне дзяцей, якое зведала вайну, ставілі рэжысёры В.Тураў («Праз могілкі», 1964, «Я родам з дзяцінства», 1966), І.Дабралюбаў («Іван Макаравіч», 1970, «Расклад на паслязаўтра», 1978, «Мама, я жывы», 1985), В.Нікіфараў («Зімародак», 1972, «Ціхія троечнікі», 1980; «Вялікая прыгода», 1985), В.Рубінчык («Апошняе лета дзяцінства», 1972, «Вянок санетаў», 1977). Фільмы прыгодніцкія, казачныя вызначылі творчасць рэжысёраў Л.Мартынюка («Пяцёрка адважных», 1971, «Сямейныя акалічнасці», 1977, «Ветразі майго дзяцінства», 1981, «Белае возера», 1992), Л.Нячаева («Прыгоды Бураціна», 1976, «Пра чырвоную шапачку». 1977, «Рыжы, сумленны, закаханы», 1984, «Казка пра зорнага хлопчыка», 1985, «Пітэр Пэн», 1987), У.Бычкова («Горад магістраў», 1966, «Восеньскі падарунак фей», 1984). У 1990-я г. вытворчасць дзіцячых фільмаў скарацілася. Выпушчаны: «Мёд асы» (1992, рэж. І.Волчак), «Зязюліны дзеці» (1992, рэж. А.Мароз), «Вогненны стралок» (1993, рэж. М.Князеў), «Я — Іван, ты — Абрам» (1993, рэж. І.Зоберман), «Кветкі правінцыі» (1995, рэж. Дз.Зайцаў), «Шэльма» (1996, рэж. А.Ганчаронак, І.Чацверыкоў), «Батанічны сад» (1997, рэж. В.Гасцюхін) і інш. Значнае месца ў дзіцячым кінематографе займаюць дакумент., а з пач. 1970-х г. мультыплікацыйныя і лялечныя фільмы (гл.Анімацыйнае кіно, Дакументальнае кіно).
Е.Л.Бондарава.
Да арт.Дзіцячае кіно. Кадр з мультыплікацыйнага фільма «Дзед і Жораў».Да арт.Дзіцячае кіно. Кадр з мультыплікацыйнага фільма «Песня пра зубра».Да арт.Дзіцячае кіно. Кадр з фільма «Маленькі сяржант».Да арт.Дзіцячае кіно. Кадр з фільма «Дзяўчынка шукае бацьку».Да арт.Дзіцячае кіно. Кадр з фільма «Марозка».Да арт.Дзіцячае кіно. Кадр з фільма «Горад майстроў».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНВЕ́РСІЯ (ад лац. conversio змяненне, ператварэнне),
1) у эканоміцы — істотнае пераўтварэнне, змена ўмоў, замена адных аб’ектаў вытв-сці іншымі ці адных каштоўных папер на інш. Адрозніваюць К. пазыкі — змену першапач. умоў пазыкі, замену раней выпушчаных аблігацый дзярж. пазыкі новымі з прычыны змянення ўмоў, пераважна для паніжэння ўзроўню пазыковага працэнта ці падаўжэння тэрміну дзеяння пазыкі; К. валют і каштоўных папер — абмен адной валюты на інш. ці адных відаў акцый на інш. і зваротны абмен абавязацельстваў на каштоўныя паперы, якія выкарыстоўваюцца брокерамі для атрымання даходу (К. зваротная); К. знешняга доўгу — скарачэнне агульнай велічыні знешняй запазычанасці дзяржавы праз змену ўмоў прадастаўлення крэдыту, форм і тэрмінаў яго вяртання, працэнтных ставак. Выкарыстоўваецца ў міждзярж. адносінах, у м. ў Саюзе Беларусі і Расіі з мэтай паглыблення эканам. і паліт. інтэграцыі.
2) У ваеннай справе і ваеннай вытворчасці — палітыка прынцыповай змены ваенізаванай структуры грамадства, правядзенне яго глыбокай дэмілітарызацыі; комплекс сац.-эканам. адносін і мерапрыемстваў, звязаных з выкарыстаннем матэрыяльных, фінансавых і чалавечых рэсурсаў ваен.-эканам. сферы грамадства для цывільных патрэб. Адрозніваюць тыпы ваен.-эканам. К. (ВЭК): К. пасляваенная (рэканверсія), звязаная з пераводам эканомікі краіны пасля заканчэння вайны на вытв-сць цывільнай прадукцыі; К. «мірная» — дэмілітарызацыя эканомікі, якая не звязана непасрэдна са спыненнем вайны або ваен. дзеянняў. Асн. кірункі ВЭК: у ваен. вытв-сці — перавод прадпрыемстваў на выпуск цывільнай прадукцыі, выкарыстанне ваен. і навук.-тэхн. патэнцыялу ў мірных мэтах, дэмілітарызацыя знешнеэканам. дзейнасці і працаўладкаванне работнікаў прадпрыемстваў, якія канверсуюцца; ва ўзбр. сілах — выкарыстанне ўзбраенняў, ваен. тэхнікі і маёмасці, аб’ектаў ваен. інфраструктуры і інш. сродкаў для цывільных патрэб, сац.-эканам. адаптацыя звольненых ваеннаслужачых. Ваен.-прамысл. комплексу б.СССР на тэр. Беларусі належала больш за 100 прадпрыемстваў, навук. арг-цый і ўстаноў (у т. л.навук.-вытв. аб’яднанне «Інтэграл», Мінскі з-д колавых цягачоў, Гомельскі радыёзавод, шэраг авіярамонтных і танкарамонтных з-даў), якія разам з дзесяткамі ваен. гарнізонаў і ваен. гарадкоў, ваен. тэхнікай, узбраеннем, асабовым складам вайск. часцей падлягаюць К. Рэалізацыю канверсійных працэсаў на Беларусі ўскладняюць: змяншэнне агульнага прыбытку і рэнтабельнасці прадпрыемстваў за кошт скарачэння ваен. заказаў, высокі сабекошт цывільнай прадукцыі, якая замяняе ваенную; недахоп фін. сродкаў на К. ваен. вытв-сці, а таксама дэмантаж і утылізацыю сродкаў ваен. тэхнікі і ўзбраенняў; адмоўныя наступствы працэсу знішчэння ўзбраенняў для экалогіі; сац.-эканам. і псіхал. цяжкасці, якія адчуваюць ваеннаслужачыя пры перавучванні і засваенні мірных прафесій, і інш. У перападрыхтоўцы ваеннаслужачых на мірныя прафесіі і спецыяльнасці актыўны ўдзел прымае Бел. цэнтр перападрыхтоўкі ваеннаслужачых (пас. Калодзішчы), Міжнар.ін-т менеджменту і інш.навуч. ўстановы.
3) У мовазнаўстве, у сінтаксісе — прадстаўленне суб’ектна-аб’ектыўных адносін у сказе, адваротнае зыходнаму; выражаецца з дапамогай станавых форм (напр., «рабочыя будуюць дом — дом будуецца рабочымі»); у лексіцы — адносіны паміж дзвюма лексемамі (канверсівамі), якія называюць адно і тое ж дзеянне з розных бакоў ці абазначаюць процілегла накіраваныя дзеянні, прыкметы («сястра старэйшая за брата — брат маладзейшы за сястру»); у словаўтварэнні — марфолага-сінтакс. спосаб словаўтварэння, пераход слоў адной часціны мовы ў другую («кавалі́» — «кава́лі»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДА́ТКІ,
абавязковыя грашовыя плацяжы юрыд. і фіз. асоб у дзярж. або мясц. бюджэт. Устанаўліваюцца і прымусова спаганяюцца дзяржавай у форме пераразмеркавання часткі грамадскага прадукту, што выкарыстоўваецца для задавальнення агульнадзярж. патрэб. Сутнасць, унутр. змест і значэнне раскрываюць іх функцыі: фіскальная (функцыя асноўная і характэрная для ўсіх дзяржаў на розных этапах развіцця); выяўляецца ў бесперабойным забеспячэнні дзяржавы фін. рэсурсамі); стымулюючая (выяўляецца ў змене аб’екта абкладання, змяншэнні падаткаабкладаемай базы і рэалізуецца праз сістэму льгот, прэферэнцый, выключэнняў); размеркавальная (забяспечвае працэс пераразмеркавання часткі сукупнага грамадскага прадукту); рэгулюючая (удзельнічае ў пераразмеркавальным працэсе, уплывае на ўзнаўленне і яго тэмпы, назапашванне капіталу і плацежаздольны попыт насельніцтва).
П. вядомы з глыбокай старажытнасці, калі яны існавалі ў форме даніны, павіннасцей і інш. пабораў. Узнікненне П. звязана з неабходнасцю ўтрымання дзяржавы. У ВКЛ і Рэчы Паспалітай П. выступалі ў якасці ўстаноўленых плацяжоў на карысць дзяржавы, феадалаў і царквы. Падатковай адзінкай у сельскай мясцовасці была абшчына, сяляне якой плацілі грашовыя і натуральныя П.; з гарадоў спаганялася ардыншчына, сярэбшчына, карчомны чынш Да пач. 17 ст. ў ВКЛ было больш за 30 розных павіннасцей (байдачнае, дзесяціна, куніца, саха, чоп і інш.). У Рас. імперыі, потым у СССР П. вызначаліся і спаганяліся ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам. У 1930 у сувязі з падатковай рэформай шматлікія П. прадпрыемстваў (больш за 80 відаў аб’яднаны ў П. з абароту і адлічэнні ад прыбытку. Пазней П. ў асноўным спаганяліся з даходаў грамадзян, каап., грамадскіх прадпрыемстваў і з калгасаў у форме падаходнага падатку. Насельніцтва таксама плаціла мясцовыя зборы — с.-г. П., з маласямейных і адзінокіх грамадзян. Асн. крыніцай даходаў бюджэту былі П. з абароту — універсальныя акцызы, якія плацілі прадпрыемствы. З іх дапамогай ажыццяўлялася рэгуляванне фіксаваных рознічных і аптовых цэн. Уведзеныя ў 1960 плата за фонды, фіксаваныя плацяжы, плата за прац. рэсурсы па-сутнасці былі абавязковымі П.
У Рэспубліцы Беларусь з 1992 заканадаўча зацверджана новая падатковая сістэма. П., як і аб’ектаў абкладання, шмат, яны гарантуюць прыкладна роўныя ўмовы ўсім суб’ектам, незалежна ад формы ўласнасці. Юрыд. асобы абавязаны плаціць ускосныя і адначасовыя грашовыя П. Сярод ускосных: П. на дабаўленую вартасць (аб’ект падаткаабкладання — вартасць, якую прадпрыемства дабаўляе да вартасці сыравіны, матэрыялаў або тавараў пры вытв-сці і рэалізацыі прадукцыі, выкананні работ і аказанні паслуг), П. на паліва (аб’ект падаткаабкладання — выручка ад рэалізацыі бензінаў і дызельнага паліва, сціснутага і звадкаванага газу); П. на продаж (разнастайныя акцызы на асобныя тавары, напр., на гарэлку, тытунёвыя вырабы і да т.п.). Да прамых П. належаць: П. на прыбытак, даходы, нерухомасць, надзвычайны для ліквідацыі вынікаў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, экалагічны, транзітны, мытныя пошліны, зямельны. Насельніцтва плаціць П. на нерухомасць, зямельны; прадпрымальнікі плацяць таксама П на дабаўленую вартасць. Усе сумы П. і збораў залічваюцца ў бюджэт краіны. Памеры адлічэнняў у мясц. бюджэты ад агульнадзярж. П. ўстанаўліваюцца штогод пры зацвярджэнні бюджэту. Гл. таксама Падатковая палітыка, Падатковыя льготы.
Літ.:
Фишер С., Дорнбуш Р., Шмалензи Р. Экономика: Пер. с англ.М., 1993;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНСЛАВІ́ЗМ,
ідэйна-палітычная плынь у 19 — пач. 20 ст., якой прытрымлівалася частка рас. і замежнага славянскага грамадства. Тэрмінам «П.» у розны час абазначалі розныя па змесце з’явы: ідэі слав. еднасці і культ. супольнасці, праекты слав. федэрацыі і канфедэрацыі і інш. Ідэі слав. узаемнасці распрацоўвалі чэх І.Добраўскі, славак П.Шафарык, харват Л.Гай, серб В.Караджыч, чарнагорац П.Негаш. Ва ўмовах чужаземнай няволі (аўстр. і тур.) аб’яднаўчая ідэя славян мела на мэце здабыць незалежнасць з апорай на аб’яднаныя намаганні прыгнечаных слав. народаў або шляхам звароту па дапамогу да адзінай тады незалежнай і моцнай слав. дзяржавы — Расіі. У паліт. жыццё тэрмін «П.» увялі ў пач. 1840-х г.аўстр. і герм. шавіністы, якія ў ажыўленні слав. руху бачылі пагрозу сваім гегеманісцкім імкненням. У 2-й пал. 19 ст. гэты тэрмін пашырыўся як сродак абвінавачання слав.нац.-вызв. рухаў у імкненні да стварэння «Усеслав. манархіі» ці «Сусв.Рас. імперыі». Як ідэалогія П. склаўся ў Расіі як рэакцыя на паражэнне ў Крымскай вайне 1853—56 і паўстанне 1863—64. Яго ідэолагамі былі М.Я.Данілеўскі, А.І.Кошалеў, М.М.Страхаў і інш. У аснове іх канцэпцыі ляжала ідэя захавання славянамі сваёй самабытнасці праз утварэнне імі саюзу слав. народаў, каб супрацьстаяць націску пангерманізму. Гісторык М.П.Пагодзін прапанаваў тэзіс аб перавазе славян над інш. народамі і выступаў за аб’яднанне славян у адну дзяржаву на чале з Расіяй; славяназнавец А.Ф.Гільфердынг лічыў, што ў аснове слав. еднасці павінна ляжаць усё лепшае, што выпрацавана культурай гэтых народаў. Найб. поўна і ўсебакова ідэалогію П. распрацаваў Данілеўскі ў кн. «Расія і Еўропа» (1871). Яго праект усеслав. федэрацыі на чале з Расіяй і сталіцай у Канстанцінопалі аб’ядноўваў 125 млн.чал., «роднасных па духу і крыві». На яго думку, толькі так можна было дасягнуць сусв. раўнавагі паміж трыма асн. сіламі: Зах. Еўропай, славянствам і Амерыкай, а свет пазбегнуў бы самай вял. небяспекі — усталявання гегемоніі зах. культуры. Як паліт. і грамадскі рух П. ахопліваў ч.дзярж. (граф М.П.Ігнацьеў, кн. У.А.Чаркаскі і інш.) і ваен. (генералы М.Р.Чарняеў, М.Дз.Скобелеў, Р.А.Фадзееў) дзеячаў, а таксама інтэлігенцыю (пісьменнікі І.С.Аксакаў, У.У.Крастоўскі, Ф.І.Цютчаў, вучоныя У.І.Ламанскі, А.Ф.Мілер і інш.). На Беларусі думку пра неабходнасць слав. саюзу на чале з Расіяй пашыралі гісторык М.В.Каяловіч, яго сын публіцыст М.М.Каяловіч і іх прыхільнікі І.А.Катовіч, П.М.Жуковіч, В.В.Шчарбіцкі і інш. Грамадскі рух П. падазрона ўспрымаўся ва ўрадавых колах Расіі, быў аб’ектам крытыкі з боку ліберальных і рэв.-дэмакр. плыней як рэакцыйная тэорыя. Рэв. падзеі пач. 20 ст. прывялі да знеслаўлення П. Некаторае яго ажыўленне адбылося напярэдадні і ў час 1-й сусв. вайны. Пад уплывам Пражскага слав. з’езда 1908 у Расіі ўзнікла Т-васлав. узаемнасці на чале з М.А.Хамяковым, У.Л.Маклаковым, Б.А.Бобрынскім. Яго аддзяленні з 1909 існавалі ў Вільні, Мінску і інш. гарадах. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 П. сышоў з грамадска-паліт. сцэны. Ідэі слав. узаемнасці атрымалі новае ажыўленне ў 1990-я г.
Літ.:
Данилевский Н.Я. Россия и Европа. 6 изд. СПб., 1995;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВУ́МЕНКА (Іван Якаўлевіч) (н. 16.2.1925, г. Васілевічы Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл.),
бел. пісьменнік, літ.-знавец, грамадскі дзеяч. Нар. пісьменнік Беларусі (1995). Акад.Нац.АН Беларусі (1980, чл.-кар. 1972), д-рфілал.н. (1969), праф. (1971). Засл. дз. нав. Беларусі (1978). Скончыў БДУ (1950). Працаваў у газ. «Бальшавік Палесся» (1946—51), «Звязда» (1951—52). З 1954 на кафедры бел. л-ры БДУ, з 1973 дырэктар Ін-та л-ры імя Я.Купалы, з 1982 віцэ-прэзідэнт, з 1992 саветнік пры прэзідыуме Нац.АН Беларусі. Друкуецца з 1955. У першым зб. апавяданняў «Семнаццатай вясной» (1957) у рамантычна прыўзнятых фарбах адлюстраваў духоўны свет і лёс юнакоў, што прайшлі праз выпрабаванні вайны. Гэтая ж тэма развіта і ў зб-ках апавяданняў «Хлопцы-равеснікі» (1958), «Таполі юнацтва» (1966, прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1967), адзначаных вернасцю праўдзе жыцця, глыбокім пранікненнем ва ўнутр. свет герояў, майстэрствам дэталі, лірызмам. У аповесцях «Снежань», «Мой сябар Пятрусь», «Пераломны ўзрост» (усе нап. 1958), «Бульба» (1964), «Трымценне дубовага лісця» (1965), «У бары на світанні» (1971) і інш. праблемы станаўлення людскіх характараў на матэрыяле вайны і ў абсягу сучаснасці. Адметныя рысы творчасці Н. — лірычная пранікнёнасць пачуцця і даверлівасць інтанацыі, дакладнасць учынкаў герояў, праўдзівасць дэталей і маст. абагульненняў. Раманы «Сасна пры дарозе» (1962), «Вецер у соснах» (1967), «Сорак трэці» (1973) падсумавалі вопыт аўтара па стварэнні эпічна насычанай карціны жыцця і барацьбы ва ўмовах жорсткай фаш. акупацыі. Яго ўвагу прыцягвалі і праблемы сучаснага жыцця, што ўнеслі шмат новага ў традыц. адносіны чалавека з людзьмі, грамадствам, гісторыяй. Аповесцям «Развітанне ў Кавальцах» (1974), «Апошняя восень», «Замяць жаўталісця» (абедзве 1976), «Інтэрнат на Нямізе» (1978), раманам «Смутак белых начэй» (1979), «Летуценнік» (1984), «Асеннія мелодыі» (1987), п’есе «Птушкі між маланак» (1982), многім апавяданням уласціва ўсё больш глыбокае асэнсаванне рэчаіснасці, усведамленне сэнсу жыцця, складаных праблем сучаснасці, выяўленне духоўнага патэнцыялу асобы. Пераасэнсаванне гісторыі вяртае героя пісьменніка ў часы дзяцінства і юнацтва ў трылогіі «Дзяцінства. Падлетак. Юнацтва» (1997) і яе працягу «Любімы горад» (1999). Гады калектывізацыі, сталінскія рэпрэсіі асвятляюцца аўтарам з пункту гледжання сучасніка. Для дзяцей напісаў аповесць «Вайна каля Цітавай копанкі» (1957). Аўтар літ.-знаўчых манаграфій «Янка Купала. Духоўны воблік героя» (1967), «Якуб Колас. Духоўны воблік героя» (1968, за абедзве Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1972), «Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч» (1992), «Змітрок Бядуля» (1995), «Максім Багдановіч» (1997), «Ранні Кузьма Чорны (1923—1929)» (2000). У працах па гісторыі бел. л-ры «З глыбінь жыцця» (1960) і «Пісьменнікі-дэмакраты» (1967) разглядае канцэпцыю чалавека і свету ў бел. л-ры.
Тв.:
Зб.тв.Т. 1—6. Мн., 1981—84;
Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1995—97;
Гасцініца над Прыпяццю. Мн., 1994;
Хатняе зайчанё. Мн., 1998.
Літ.:
Сіненка Г. Іван Навуменка: Нарыс творчасці. Мн., 1981;
Піскун Л. Іван Навуменка. Мазыр, 1997;
Яе ж. Феномен мастацкай індывідуальнасці: Агляд творчасці Івана Навуменкі // Роднае слова. 1995. № 2—3;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУНІ́ЧНЫЯ ВО́ЙНЫ (264—146 да н.э., з перапынкамі; назва ад пунійцаў),
войны паміж Стараж. Рымам і Карфагенам за панаванне ў Зах. Міжземнамор’і. Выгаднае месцазнаходжанне Карфагена спрыяла яго хуткаму эканам. развіццю і ператварэнню ў магутную краіну, якая падначаліла зах. ўзбярэжжа Паўн. Афрыкі і большасць Сіцыліі, мела ўплыў на Пірэнейскім п-ве, на Корсіцы і Сардзініі. Рым да 265 да н.э. заваяваў усю Італію і стварыў адзіную дзяржаву — рымска-італійскую канфедэрацыю. Ён не прызнаваў гегемоніі Карфагена ў Зах. Міжземнамор’і і імкнуўся завалодаць багатай Сіцыліяй. Гэтыя супярэчнасці вырашаліся ў 3 П.в., якія былі з абодвух бакоў захопніцкімі.
1-я Пунічная вайна (264—241 да н.э.) вялася за Сіцылію. Рымляне мелі моцную толькі сухапутную армію. Вымушаныя ваяваць на моры, яны стварылі ваен. флот, які перамог у бітвах пры Мілах (260), мысе Экном (256) і пры Эгадскіх а-вах (241). Паводле мірнага дагавора ўладанні Карфагена ў Сіцыліі і а-вы паміж Сіцыліяй і Італіяй перайшлі да Рыма. У 237 Рым захапіў а-вы Корсіку і Сардзінію. Карфаген хутка аднавіў эканам. і ваен. магутнасць і нават кампенсаваў страчаныя ўладанні захопам значнай тэр. на Пірэнейскім п-ве, якія ператварыў у плацдарм для наступлення на Рым.
2-я Пунічная вайна (218—201 да н.э.) пачалася з аблогі і разбурэння саюзнага рымлянам г. Сагунта ў Іспаніі і паходу на Італію праз Альпы (218) карфагенскай арміі на чале з Ганібалам, які разлічваў на падтрымку заваяваных Рымам галаў. Ужо ў першых сутычках з рымлянамі на рэках Тыцына і Трэбія (218), каля Тразіменскага возера (217) рымлянам былі нанесены значныя паражэнні. Рымляне перайшлі да тактыкі зацяжной вайны, каб змучыць праціўніка на сваёй тэрыторыі. 2.8.216 пры Канах адбылася бітва, у якой рым. армія была акружана і знішчана (гл. ў арт.Каны). Каб працягваць вайну, рымляне папоўнілі армію рабамі, злачынцамі, выпушчанымі з турмаў, і знізілі маёмасны цэнз пры камплектаванні новых легіёнаў. Такія захады ўмацавалі армію і прынеслі першыя перамогі. У 211 рымляне захапілі Сіракузы і вярнулі г. Капуя. У Іспаніі Сцыпіён Афрыканскі Старэйшы заняў Новы Карфаген. Вайна была перанесена ў Афрыку. У 202 Сцыпіён разбіў карфагенскую армію на чале з Ганібалам каля г. Зама. Паводле мірнага дагавора 201 Карфаген страціў флот, абавязваўся выплаціць кантрыбуцыю. страціў права без згоды Рыма весці войны ў Афрыцы. Усе ісп. ўладанні перайшлі да Рыма.
У час 3-й Пунічнай вайны (149—146 да н.э.) ваенныя дзеянні вяліся на тэр. Карфагена. Рым. саюзнік нумідыйскі цар Масініса сваімі дзеяннямі вымусіў карфагенян узяцца за зброю. Гэта дало падставу рым. сенату для вайны за канчатковае знішчэнне Карфагена. Пасля трохгадовай аблогі рым. армія ўварвалася ў горад, разбурыла яго, а насельніцтва ператварыла ў рабоў. Ч. карфагенскай тэр. рымляне перадалі Нумідыі за дапамогу ў вайне. Астатняя тэр. ператворана ў рым. правінцыю Афрыка. Ў выніку П.в. Рым стаў магутнай рабаўладальніцкай дзяржавай у 3 частках свету: Еўропе, Афрыцы і Азіі.
Літ.:
Ревяко К.А. Пунические войны. Мн., 1988;
Яго ж. Войны Рима с Карфагеном: основные тенденции и направления историогр. Мн., 2000;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала з ліп. 1941 да ліп. 1944 у Мінску і яго наваколлі. Узнікла і развівалася па ініцыятыве камуністаў, камсамольцаў, рабочых, ІТР, студэнтаў, прадстаўнікоў інтэлігенцыі. Станоўчую ролю ў стварэнні падп. груп і арг-цый адыграла дзейнасць Л.Я.Адзінцова, У.С.Амельянюка, І.Дз.Будаева, С.І.Зайца, І.К.Кавалёва, Дз.А.Караткевіча, А.Л.Коцікава, Ф.С.Кузняцова, С.В.Сержановіча, І.Г.Сцяпуры, б. вайскоўцаў Я.К.Горыцы, П.П.Суравягіна. У ліку першых утварыліся групы на чыг. вузле (А.Дз.Балашоў, Ф.К.Жавалёў, І.І.Івашчонак, Кузняцоў, В.С.Купрыянава, К.А.Паўлечка, Сцяпура і інш.), у раёне Камароўкі (С.К. і У.С.Амельянюкі, В.С.Жудро, Заяц, А.В.Каліноўскі, А.П.Макаранка, І.М.Цімчук, М.А.Шугаеў), ў Кастрычніцкім раёне з б. работнікаў рэсп. канторы Белнафтазбыту (К.Дз.Грыгор’еў, А.Л.Зубкоўскі, І.П.Жазінец, В.К.Нікіфараў, Г.М.Сямёнаў і інш.), з выкладчыкаў і студэнтаў юрыд. ін-та (М.Ф.Малаковіч, М.Б.Осіпава, А.А.Сакалова). Падполле фарміравалася ва ўмовах жорсткага акупацыйнага рэжыму. Патрыёты вялі агітацыю сярод насельніцтва, распаўсюджвалі газеты, што паступалі з тылу, выводзілі са строю абсталяванне на вытворчасці, зрывалі мерапрыемствы акупац. улад. Восенню 1941 пры актыўным удзеле ўпаўнаважанага ЦККП(б)Б І.К.Кавалёва створаны Мінскі падп. гарком КП(б)Б і Ваен. савет партыз. руху (ВСПР). У склад гаркома ўваходзілі Кавалёў (сакратар), Грыгор’еў, Жудро, Заяц, Казінец, Коцікаў, Нікіфараў, І.І.Рогаў, Сямёнаў. Стварэнне гаркома завяршыла аб’яднанне падп. груп і арг-цый горада ў адно арганізац. цэлае. У кастр.—снеж. 1941 гарком даў жыццё першым на Міншчыне партыз. атрадам «Дзядзькі Васі», Сяргеева, Пакроўскага. Па яго заданнях збіраліся звесткі пра размяшчэнне ў горадзе і наваколлі ваен. аб’ектаў, штабоў, складоў, бензабаз ворага, наладжваліся сувязі з надзейнымі людзьмі на перыферыі, арганізоўваліся ўладкаванне б. ваеннаслужачых на работу, матэрыяльная дапамога падпольшчыкам. Найб. важныя звесткі перапраўляліся ў партыз. атрады, адтуль — за лінію фронту. У пач. 1942 ВСПР аб’ядноўваў больш за 300 чал., ажыццяўляў кантакты з партыз. атрадамі, што дзейнічалі ў Дзяржынскім, Заслаўскім, Лагойскім, Плешчаніцкім і Рудзенскім р-нах; з яго ўдзелам створана некалькі атрадаў, куды савет накіроўваў камандзіраў і палітработнікаў. У канцы 1941 гарком і ВСПР арганізавалі першую падп. друкарню, дзе выпускаўся перыяд. лісток «Вестник Родины», зводкі Саўінфармбюро, лістоўкі; у маі 1942 выйшаў 1-ы нумар падп.газ.«Звязда» (рэд. У.Амельянюк, 2—4-га нумароў — Я.М.Савіцкая). У 1941 у Мінску і наваколлі дзейнічала каля 50 падп. груп і арг-цый (больш за 2 тыс.чал.): на Балотнай станцыі, плодаагародніннай базе № 1, цагельным з-дзе № 1, ст. Мінск-Таварная, у гаражы Мінгаруправы, у в. Прылепы, група студэнтаў і выкладчыкаў юрыд. ін-та, у паравозным дэпо, на вагонарамонтным з-дзе, на ЦЭЦ-2, Старажоўскай хлебапякарні, цагельных з-дах № 2 і 3, на Грушаўскім пасёлку, цвіковым з-дзе, у інфекц. бальніцы, «Вера», на гарбарным і станкабуд. з-дах, у медпункце і на чыг. ст. Мінск-Пасажырскі, у Доме друку, Доме ўрада, на Пугачоўскім зав., у аптэцы № 1, на піўзаводзе, на чыг. вузле, у в. Ліпкі, ваен. гарадку Сцяпянка, у раёне вуліц Калгаснай, Маладзечанскай, Саўгаснай і Старавіленскай, на хлебзаводзе «Аўтамат», у друкарні Дома друку, на малочным з-дзе, хімфармзаводзе, на дрожджа-патачным з-дзе, «Красворд», на мэблевай ф-цы па вул. Апанскага, група настаўнікаў, на складзе бухгалтарскіх бланкаў, група Лагойскага падп. райкома КП(б)Б, у раёне вуліц Р.Люксембург і К.Лібкнехта, на радыёзаводзе, у гаражы гаруправы, «Каўказ», медработнікаў, арг-цыя «Андруша». У складзе М.п.п. з ліп. 1941 дзейнічала камсам.-маладзёжнае падполле (кіраўнік С.А.Благаразумаў), створанае гаркомам КП(б)Б і структурнымі органамі ЛКСМБ: на радыёзаводзе, вагонарамонтным, гарбарным, цвіковым з-дах, на Балотнай станцыі, на чыг. вузле, арг-цыя «Андруша» (больш за 60 чал.). У снеж. 1942 пасля арышту і пакарання смерцю Благаразумава Мінскі падп. міжрайком ЛКСМБ стварыў Мінскі падп. гарком ЛКСМБ (дыслацыраваўся ў Заслаўскім р-не), які праз сувязных узначаліў маладзёжны падп. рух у Мінску. У першыя месяцы пасля стварэння гета (19.7.1941) яго вязні стварылі «дзесяткі» і інш. групы, якія адыгралі важную ролю ў наладжванні сувязі з гар. падполлем, арганізацыі матэрыяльнай і фінансавай дапамогі падполлю і партызанам, зборы сакрэтнай інфармацыі, перапраўцы вязняў у партызаны.
Гарком і ВСПР сваю дзейнасць накіроўвалі ў адпаведнасці з падзеямі на фронце: у снеж. 1941, у час бітвы пад Масквой, група падпольшчыкаў учыніла дыверсію, у выніку якой на 10 дзён спыніўся рух ням. эшалонаў на фронт; на ЦЭЦ-2 зрывалі падачу электраэнергіі на ваен. аб’екты ворага (выводзілі са строю абсталяванне, зацягвалі яго рамонт, сапсавалі прылады гал. пульта). Недастатковая канспірацыя ў арганізацыі некаторых аперацый прывяла ў сак. 1942 да арышту і гібелі кіраўнікоў (П.І.Антохін, Рогаў) і многіх членаў ВСПР і да спынення дзейнасці гэтай арг-цыі. У сак.—крас. ахвярамі ням. рэпрэсій сталі члены арг-цый і груп падполля, вязні гета. Пасля катаванняў 7.5.1942 публічна пакараны смерцю 28 кіраўнікоў і актывістаў, у т. л.чл. гаркома Казінец, Заяц, Сямёнаў, расстраляны 251 падпольшчык. Але актыўная барацьба з акупантамі працягвалася. У пач. мая на канспіратыўнай кватэры М.П.Дразда адбылася нарада актыву падполля з 14 чал., на якой вырашаліся пытанні ўдасканалення арганізац. структуры і канспірацыі падполля. У склад гаркома давыбраны У.Амельянюк (пасля яго гібелі К.І.Хмялеўскі) і Караткевіч, выйшаў са складу Грыгор’еў Былі створаны 5 падп.гар. райкомаў КП(б)Б: Варашылаўскі (сакратар Шугаеў), Кастрычніцкі (Хмялеўскі, з вер. М.К.Каржанеўскі), Сталінскі (Н.Я.Герасіменка), Тэльманаўскі (раён гета, М.Л.Гебелеў), Чыгуначны (Коцікаў, з вер. І.І.Матусевіч). Пад кіраўніцтвам і пры ўдзеле гаркома адноўлена і пашырана сетка падп. арг-цый. З удзелам падпольшчыкаў да 1943 створана каля 20 партыз. атрадаў, брыгады «Дзядзькі Колі», «Стары», «Штурмавая». У выніку прапагандысцкай работы падпольшчыкаў 357 чал. з укр. ахоўных батальёнаў, больш за 150 салдат-антыфашыстаў (бельгійцы, немцы, палякі, сербы, славакі і інш.) перайшлі да партызан. Падпольшчыкі сістэматычна адпраўлялі партызанам зброю, выбуховыя прылады, радыёпрыёмнікі, пішучыя машынкі, паперу, соль, вопратку, бінты і інш., у т. л. члены падп. арг-цыі на Грушаўскім пас. і хлебазаводзе «Аўтамат» адвезлі брыгадзе Нікіціна машыну з хлебам; з хімзавода ў 11 атрадаў перадалі медыкаменты і перавязачныя матэрыялы; з гарбарнага з-да тром атрадам — больш за 100 кажухоў, футравых безрукавак, некалькі соцень аўчынных шапак, рукавіц, 13 шавецкіх машын; са станкабуд. з-да вывозілі сакрэтную тэхн. дакументацыю; па заданні гаркома ў бюро пропускаў гар. камісарыята каля 2 гадоў працаваў З.З.Гала, які забяспечваў нелегалаў бланкамі пропускаў, узорамі ням. пячатак, подпісаў, папярэджваў пра аблавы і інш. карныя мерапрыемствы акупантаў; прафесар Я.У.Клумаў разам з інш. медыкамі лячыў параненых патрыётаў, забяспечваў падполле і партызан медыкаментамі, хірург. інструментам, поўнасцю абсталяваў 2 партыз. шпіталі. Ва ўзаемадзеянні з партызанамі падпольшчыкі правялі шэраг дыверсій у авіямайстэрнях, на станкабуд. і хіміка-фармацэўтычным з-дах, чыг. вузле, прыводзілі ў непрыгоднасць на складах акупантаў харч. прадукты, парушалі тэлефонную сувязь і інш. Пад уплывам гаркома дзейнічалі Дзяржынскае патрыятычнае падполле, Тарасава-Ратамскае патрыятычнае падполле. У канцы 1942 — пач. 1943 пасля жорсткіх допытаў загінулі сакратар гаркома Кавалёў, чл. гаркома Караткевіч, Хмялеўскі, Нікіфараў, сакратары гаррайкомаў Герасіменка, Каржанеўскі, Матусевіч, Шугаеў, шмат актывістаў падполля. З вер. 1942 (час арышту кіраўнікоў падполля) да вер. 1943 у Мінску не існавала адзінага падп. кіруючага цэнтра. Партызаны выходзілі на падполле праз сувязных. У крас. 1943 акупанты правялі карную аперацыю «Чароўная флейта», у адказ на якую падпольшчыкі ўчынілі шэраг дыверсій на прадпрыемствах горада. У час Курскай бітвы 1943 чыгуначнікі затрымалі і пашкодзілі 155 паравозаў. Пасля вял. страт у антыфаш. руху Мінска ў 1943 ЦККП(б)Б, падп. Мінскі абком, Мінскі і Слуцкі міжрайкомы, Барысаўскі міжрайпартцэнтр, Дзяржынскі, Заслаўскі, Лагойскі, Мінскі, Рудзенскі, Смалявіцкі, Чэрвеньскі райкомы, камандаванне партыз. фарміраванняў, што былі звязаны з М.п.п., прынялі дадатковыя меры для працягу антыфаш. барацьбы. 29.9.1943 ЦККП(б)Б зацвердзіў прапанову Мінскага падп. абкома пра стварэнне Мінскага падп. гаркома КП(б)Б (сакратары С.К.Ляшчэня, Г.М.Машкоў, І.П.Паромчык, базіраваўся ў партыз. зоне пры спецатрадзе НКДБСССР «Мясцовыя»), які накіроўваў дзейнасць падполля ў горадзе празспец.партыз. сувязных. 22.9.1943 падпольшчыцы А.Р.Мазанік, Осіпава, Н.В.Траян здзейснілі падрыхтаванае падполлем знішчэнне ген. камісара Беларусі В.Кубэ. Восенню 1943 акупанты правялі ў горадзе новыя карныя мерапрыемствы, у т. л. амаль поўнасцю знішчылі гета. Да канца 1943 сетка падп. утварэнняў ахапіла амаль увесь горад. Узніклі падп. групы на хлебазаводзе «Аўтамат», у Кастрычніцкім р-не, чыг. упраўленні па вул. Апанскага, на вул. Грушаўскай, з работнікаў грабянёвай ф-кі, гаруправы, хлебазавода № 1, Бел. тэатра, на чыг. вузле, «Першыя», «Суседзі», «Чацвёртыя», «Родныя», «Юрый», «Мсцівец», «Актыўныя», «Артур», арг-цыі «Танюша» на радыёзаводзе, вул. Грунтавая, «Зубілкін», «Галя», «Тамара», «Таццяна», «Роберт», «Адам», «Крылоў», «Вырві вока», «Віктар», «Уладзімір». Толькі ў 1944 у горадзе было зарэгістравана больш за 60 дыверсій, учыненых падпольшчыкамі. За час акупацыі ў горадзе дзейнічала больш за 90 падп. груп і арг-цый (6355 чал.), існавала больш за 200 канспіратыўных кватэр; падпольшчыкі правялі больш за 1500 баявых аперацый. У перыяд адступлення захопнікаў падпольшчыкі перашкаджалі ім у знішчэнні прамысл. і адм. будынкаў, вывазе і знішчэнні нарабаванай маёмасці і харч. прадуктаў. За гераізм і мужнасць у барацьбе супраць ням.-фаш. акупацыі У.С.Амельянюку, І.П.Казінцу, Я.У.Клумаву, І.К.Кабушкіну, М.А.Кедышку, А.Р.Мазанік, М.Б.Осіпавай, Н.В.Траян прысвоена званне Героя Сав. Саюза, каля 600 чал. узнагароджаны ордэнамі і медалямі СССР. 26.6.1974 Мінску нададзена ганаровае званне «Горад-герой». Імёнамі падпольшчыкаў Адзінцова, Амельянюка, Гала, Герасіменкі, Дразда, Жудро, І.К.Кабушкіна, Кавалёва, Казінца, Караткевіча, Каржанеўскага, М.А.Кедышкі, Клумава, А.М.Ляўкова, Матусевіча, Сямёнава, Хмялеўскага, В.Д.Шацько названы вуліцы Мінска. Месцы, звязаныя з дзейнасцю падполля і гібеллю падпольшчыкаў, адзначаны мемар. знакамі.
Літ.:
О партийном подполье в Минске в годы Великой Отечественной войны (июнь 1941 — июль 1944 гг.). Мн., 1961;
Савицкая Я.М. Бойцы подпольного фронта. Мн., 1982;
В непокоренном Минске: Док. и материалы о подпол. борьбе сов. патриотов в годы Великой Отечественной войны (июнь 1941 — июль 1944). Мн., 1987;
Лещеня С.К. С паролем горкома. 2 изд. Мн., 1988;
Доморад К.И. Партийное подполье и партизанское движение в Минской области, 1941—1944. Мн., 1992;
Мінскае антыфашысцкае падполле. Мн., 1995.
Я.І.Бараноўскі, І.М.Ігнаценка.
Да арт.Мінскае патрыятычнае падполле. Помнік падпольшчыкам у Цэнтральным скверы.Да арт.Мінскае патрыятычнае падполле. Мемарыяльная дошка на вул. Караля.