СВА́ЦЦЯ, сваха,
1) адзін з галоўных вясельных чыноў з боку жаніха — замужняя жанчына, якая ўдзельнічала ў сватанні нявесты, вяла перагаворы з яе бацькамі пра шлюб да сватання.
2) Замужняя (радзей незамужняя) удзельніца вяселля з боку жаніха і з боку нявесты.
3) Маці жаніха (або іншая старэйшая сваячка жаніха) і маці нявесты (або інш. старэйшая замужняя сваячка нявесты ў адносінах найперш адна да адной, а таксама да інш. сваякоў і інш. удзельнікаў вяселля) з процілеглага боку, звычайна пасля дасягнення бакамі дамоўленасці пра шлюб. Большая С. (першая, старшая) пасля прыезду вясельнай працэсіі жаніха да дому нявесты запальвала свечкі з караваю ад агню, раскладзенага ў варотах, цалавалася праз парог з маці нявесты, якая ад яе свечкі запальвала сваю, потым яны злеплівалі абедзве свечкі разам, слала пасцель маладым, завівала маладую, паказвала вясельнікам яе шлюбную сарочку і г.д. Гал. атрыбуты большай С. — кветка (вяночак) на галаве за наміткай, хлеб (або 2 піражкі) у руках. Чын С. на вяселлі часам захоўваецца і ў наш час.
Л.А.Малаш.
т. 14, с. 247
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)