СВАТ,

1) адзін з галоўных вясельных чыноў з боку жаніха — жанаты мужчына старэйшага ўзросту, які ўдзельнічаў у сватанні нявесты.

2) Жанаты ўдзельнік вяселля (дзядзька, брат, муж сястры, блізкі знаёмы жаніха або нявесты, сусед).

3) Бацька жаніха, іншы старэйшы жанаты сваяк нявесты ў адносінах найперш адзін да аднаго, а таксама да іншых родзічаў (і інш. удзельнікаў вяселля) з процілеглага боку, звычайна пасля дасягнення бакамі дамоўленасці пра шлюб. Старшы С. (першы, дружко, стараста, маршалак) кіраваў вясельным працэсам у доме жаніха і ў доме нявесты, вёз жаніха ў дом маладой, дзяліў каравай і г.д. Гал. атрыбуты першага С.: ручнік праз плячо або 2 ручнікі накрыж, яркі пояс, пуга (палка) ці бізун з чырв. бантам. Акрамя старшага былі меншы С., другі С., трэці С. і г.д., якія памагалі першаму, а таксама каранны (дамавы) С. — бацька маладога і бацька маладой. Чын С. на вяселлі захоўваецца і ў наш час, хоць і мадэрнізавана. С. называюцца і бацькі маладых (мужа і жонкі) у адносінах адзін да аднаго.

Л.​А.​Малаш.

т. 14, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)