РАЎНАВА́ГА механічнай сістэмы,

стан механічнай сістэмы (цвёрдага цела), што знаходзіцца пад дзеяннем сіл, пры якім усе яе пункты з’яўляюцца нерухомымі адносна выбранай сістэмы адліку. Р. мае месца, калі ўсе сілы, што дзейнічаюць на сістэму, ураўнаважаны — раўнадзейная сістэмы сіл і сума момантаў сіл, што дзейнічаюць на цела, раўняюцца нулю.

Бывае ўстойлівая, няўстойлівая і нейтральная. Устойлівая Р., калі пасля малога адхілення ад раўнаважнага стану сістэма зноў вяртаецца ў яго, дакладней пачынае рабіць малыя ваганні адносна стану Р. Няўстойлівая Р., калі пасля малога адхілення ад раўнаважнага стану сістэма ўсё больш і больш ад яго аддаляецца. Пры н е й тральнай Р. цела пасля малога адхілення ад раўнаважнага стану працягвае заставацца ў Р. ў новым становішчы (напр., шар на гарыз. плоскасці або цвёрдае цела, замацаванае на восі вярчэння, што праходзіць праз цэнтр цяжару). Р. вадкасцей і газаў вывучаецца ў гідрастатыцы і аэрастатыцы.

А.​І.​Болсун.

Раўнавага механічнай сістэмы: 1 — устойлівая; 2 — няўстойлівая; 3 — нейтральная.

т. 13, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)